Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Вячорка: “Чарнобыльскі шлях” засьведчыў пераемнасьць пакаленьняў


Ганна Соўсь, Менск Арганізатары “Чарнобыльскага шляху” лічаць учорашнюю акцыю пасьпяховай, нягледзячы на супрацьдзеяньне ўлады й міліцэйскія правакацыі. Заяўнікі будуць падаваць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыі падчас акцыі.

Паводле падлікаў арганізатараў, у “Чарнобыльскім шляху” ўзялі ўдзел ад 8 да 10 тысяч чалавек.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што мэты, пастаўленыя дэмакратычнымі сіламі, былі збольшага выкананыя.

Чарнобыльскі шлях 2007, падвядзеньне вынікаў, Юры Хадыка, Вінцук Вячорка, Іван Нікітчанка

“Вулічны патэнцыял у грамадзтве застаецца, і застаецца на вельмі высокім роўні. І што вельмі цешыць — мы бачылі, што абсалютную бальшыню ўдзельнікаў акцыі складалі маладыя людзі. Маладыя й нават вельмі маладыя. Гэта азначае, што адбылася пераемнасьць пакаленьняў.

Мы памятаем, што гадоў пяць-шэсьць таму ўдзельнікамі акцый былі пераважна людзі сярэдняга і сталага веку. І гэта паказвае, што антыдэмакратычны рэжым будучыні ня мае. Хаця акцыя была дэманстратыўна мірная, яна мусіла быць знакава мірная, бо гэта чарнобыльская акцыя, тым ня менш былі нахабныя правакацыі, было зьбіцьцё”, — кажа Вячорка.

Па заканчэньні акцыі міліцыянты гвалтоўна затрымалі 16 маладых удзельнікаў, у тым ліку аднаго з заяўнікаў Юрася Зяньковіча. Пазьней іх адпусьцілі.

Чарнобыльскі шлях 2007, падвядзеньне вынікаў, Юрась Зяньковіч, Анатоль Сідарэвіч

“Я думаю, што гэта было загадзя сплянавана, што нас выпусьцяць. Я асабіста лічу, што гэта простыя наступствы інтэрвэнцыі памочніка дзяржсакратара Дэйвіда Крэймэра, які вельмі рэзка заявіў беларускім уладам, што будуць прынятыя досыць сур’ёзныя меры ў тым выпадку, калі “Чарнобыльскі шлях” будзе разагнаны й будуць зноў паўтораныя масавыя арышты”, — заявіў Зяньковіч.

Юрась Зяньковіч паведаміў, што сёньня будзе падрыхтаваная скарга на дзеяньні міліцыі, якая выціскала дэманстрантаў на разбураныя ходнікі па вуліцы Сурганава.

Таксама будзе абскарджаны арышт гукаўзмацняльнай апаратуры. Спадар Зяньковіч падасьць скаргу з прычыны свайго, як ён лічыць, незаконнага затрыманьня.

Адзін з арганізатараў акцыі намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч адзначае, што ўлады апошнім часам зьмянілі тактыку:

“Улады перайшлі ад маштабных рэпрэсій да подлага шкодніцтва — затрымаць апаратуру, скрасьці мэгафоны ў арганізатараў, потым выпіхваць людзей на месцы, агароджаныя будаўнікамі, на ямы, дзе ўвогуле хадзіць нельга”.

Вінцук Вячорка лічыць абсалютна правільным рашэньне аргкамітэту й заяўнікаў выкарыстаць маршрут, афіцыйна дазволены ўладамі. А заяўнік першага “Чарнобыльскага шляху” Юры Хадыка мяркуе, што надышоў час перагледзець стаўленьне да плошчы Бангалор.

“Гавораць, што мы ня пойдзе на балотную станцыю. Думка пра тое, што беларусы — людзі на балоце, гэтая думка расейскіх шавіністаў, якая папулярызуецца два стагодзьдзі. Балота — гэта ня горш, чым горы, якія апяваюцца. Без балот уся Эўропа задыхнецца. Трэба разбурыць гэтую шкодную ідэю, таму што з тых трох месцаў, якія афіцыйна выдзеленыя для шэсьцяў і мітынгаў, Бангалор альбо парк Дружбы народаў — найлепшае, але не даробленае”.

Юры Хадыка лічыць, што Парк дружбы народаў трэба перайменаваць. Яму трэба надаць імя беларускага адраджэнца й асьветніка Вацлава Іваноўскага, які арганізаваў у Менску першую досьледную гэтак званую “балотную станцыю”.

Дарэчы, моладзевыя актывісты падалі заяўку ў Менгарвыканкам аб правядзеньні 20 траўня на плошчы Бангалор акцыі пратэсту супраць пазбаўленьня льготаў студэнтаў ды іншых катэгорый грамадзянаў. У аргкамітэт акцыі ўвайшлі прадстаўнікі “Моладзі БНФ”, “Маладога фронту”, моладзевай камісіі Беларускага Хэльсынскага камітэту, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG