Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму патрэбен быў такі пампэзны, вельмі дарагі спэктакль з пахаваньнем Ельцына?


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за 27 красавіка, чацьвер. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС- паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Давыдзенка Павал Андрэевіч, інвалід ЧАЭC 2-й групы, г.п. Парычы: “Я надзейны Ваш слухач. Лукашэнка зрабіў свабоду на дэмагогію і сабатаж, на крадзяжы і грабяжы. Такая свабода лукашызму, які пастаянна адбірае пэнсіі, адрывае кавалкамі”.

Спадар: “Хворы я, дык не магу ісьці ўжо на “Чарнобыльскі шлях.” Дык вось такая байка склалася пад назвай “Лямант з поўдня”:

Зь лекарамі назіраю, Як мой труп жывы шманае З кастылём на Паўночныя магілкі. Бо канвэеры насатых гоняць З квоты ў неба, з хаты Чарнобыльцаў, Зьняўшы боты. А Бог прыкмеціць спакваля Ў ботах беса-маскаля.

Дзякую за ўвагу. Добрага здароўя”.

Спадар: “Жыхары Івянца, які знаходзіцца ў Валожынскім раёне і ў радыяцыйнай зоне, абураны, што ўлады арганізавалі ў Івянцы фэст з удзелам ансамбля песьні і танцаў МУС БССР і Чарнобыльскую трагедыю ператварылі ў Чарнобыльскае сьвята. Ганьба!”

Спадарыня: “Добры дзень, “Свабода”. Я не знаёмая з дыпляматыяй ці як яшчэ гэта можна назваць, ня ведаю. Але прабачце, хачу расказаць пра свае ўражаньні ад убачанага і пачутага па расейскай тэлевізіі. Расейцы абышлі саміх сябе, калі зь іншым дзеясловам, “пераплюнулі”. Каму патрэбен быў такі пампэзны, вельмі дарагі спэктакль з пахаваньнем Ельцына? Было аж трохі сорамна слухаць.

І зноў вельмі бачна, што беларусы адрозны народ ад расейцаў. Сёньня 26 сакавіка “Чарнобыльскі шлях”. Беларускія людзі будуць несьці абраз Маці Боскай Чарнобыльскай і прасіць ціха і пакорна Бога, каб захаваў нашу Беларусь на зямлі, бо зноў, сьпяшаючыся, будуць будаваць атамную электрастанцыю, сьпяшаючыся, каб не згубіць уладу. Прабачце, хвалявалася. Усяго найлепшага”.

Спадар: “Наконт забароны ўсталяваньня талерак спадарожнікавага тэлебачаньня, пакуль яшчэ ў асобна ўзятым горадзе Ліда. Не такія ўжо сьмелыя кіраўнікі камунальнікаў у раённым цэнтры, каб самім дадумацца і прыняць такое рашэньне. Зразумела, што гэта пробны камень і каманда паступіла зь Менску. Мы ўжо праходзілі гэта, калі забаранялі абсталёўваць гаўбцы. Проста тады не дадумаліся, як можна было гэта выкарыстаць для папаўненьня казны дзяржавы. А цяпер улады сталі разумнейшыя ў гэтым пляне. А таго, што перакрыцьці гаўбцоў у пяцідзесяцігадовых “хрушчоўках” будуць на галовы валіцца, гэтага камунальнікі г. Ліды не баяцца? Дзякуй”.

Інэса Раманаўна: “Добры дзень. Я хачу задаць такое пытаньне. Ходзяць чуткі, што ў парку Янкі Купалы будуць будаваць двухпавярховае кафэ, там блізка каля музэю Янкі Купалы. Як гэта спраўдзіць дакладна? Калі нехта можа адказаць, я Вас вельмі прашу. Усяго добрага”.

Спадар: “Здарылася экалягічная катастрофа ў Віцебскай вобласьці. Не такая вялікая, але катастрофа для навакольнага жывога асяродзьдзя. Калі вылілася 120 тон дызэльнага паліва праз трубу, якая належыць Расеі, і Расея вымушана аплаціць Беларусі нанесены ўрон, не адзін мільён даляраў… Дык вось, кіраўніцтва Беларусі задумала будаваць атамную электрастанцыю, даводзячы беларусам, вядома ж, тым, хто павярхоўна ведае, што такое атамная станцыя, такім “аргумэнтам,” што мы абкружаныя атамнымі станцыямі і калі здарыцца, не дай Бог, бяда, то яна не міне і Беларусь. Але яшчэ раз паўтаруся, не дай Бог, калі гэта здарыцца на нашай тэрыторыі, дык адбудзецца сапраўднае забойства людзей і дзяржавы. Бо пацерпім мы нашмат больш, чым ад суседзяў. І ня зможам ні ад каго патрабаваць заплаціць за ўласнае глупства. Дык спынім будаўніцтва для саміх сябе гэтага атамнага эшафоту”.

“Хачу выказаць меркаваньне. Пакуль не панясуць пакараньне камуністычныя, гэта значыць, бальшавіцкія намэнклятуршчыкі, гэтыя, па выразу прэзыдэнта, адмарозкі і падонкі будуць адчуваць беспакаранасьць і будуць тварыць жахі. Пакараем гэтых падонкаў, па выразу прэзыдэнта! Дзякуй”.

Васіль Цюхай, Беразіно, Менская вобласьць: “Добры дзень, я таксама памятаю дзень катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Я навучаўся тады ў пачатковых клясах школы. У той дзень у паветры стаяў моцны пах нібыта нямытага мэталю. Я тады яшчэ памятаю падумаў, чаму гэта кажуць, што радыяцыя ня пахне. Пасьля он-лайн канфэрэнцыі з акадэмікам Нікітчанкам усё стала зразумела – радыяцыю асаджалі, распыляючы часьцінкі срэбра. І яшчэ я думаю, што адзіная сіла, якая зможа зьмяніць сытуацыю ў нашай краіне, – гэта моладзь”. Спадар: “Навуковец, які выступаў па Радыё Свабода ў “Праскім акцэнце,” схлусіў, сказаўшы, што ізраільцяне па псыхалягічнай прычыне не будуюць атамную станцыю. У Ізраілю разумнае кіраўніцтва, і яно вырашыла, што не патрэбна рызыкаваць гібельлю краіны, пабудаваўшы атамную станцыю. Таму што тэрарысты не пакінуць намераў яе ўзарваць. Вось дзе сапраўдная прычына, што Ізраіль не будуе атамную станцыю”.

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Добры вечар! Я думаю, што нам трэба будзе будаваць атамную электрастанцыю з улікам супэрсучасных тэхналёгій і найноўшых дасягненьняў навукі. Літоўскі амбасадар сказаў, што яны будуць будаваць атамную электрастанцыю па францускай тэхналёгіі, якая зьяўляецца самай перадавой. Калі нашы вялікія палітыкі, ня згубяць гэты момант, то па яго заяве, нам яна абыдзецца пры будаўніцтве мінімум на 30 % таньней, калі мы замовіў дадзены праект разам. Многія нашы палітыкі супраць атамнай электрастанцыі. Бяда ў тым, што іншага шляху няма. Жыве Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG