Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У выходныя пройдуць рэгіянальныя канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў


Уладзімер Глод, Менск У бліжэйшыя выходныя дні ў Беларусі пачынаюцца рэгіянальныя канфэрэнцыі, якія папярэднічаюць агульнанацыянальнаму Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Першымі на свае міні-кангрэсы зьбіраюцца прадстаўнікі Гомельскай і Менскай абласьцей.

Віктар Карнеенка, які ў цяперашнім складзе Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў адказвае за рэгіянальную палітыку, гаворыць, што дакумэнты ўсіх прэтэндэнтаў на ўдзел у рэгіянальных кангрэсаў разгледзела спэцыяльная камісія:

“Дэлегатамі маючага адбыцца Кангрэсу ні ў якім выпадку ня могуць быць тыя людзі, якія абвінавачваюцца назіральнай камісіяй у фальсыфікацыі, якія хацелі патрапіць на Кангрэс “праз “чорны ход”.

Размова ідзе пра тых людзей, якія вылучаліся на апошніх мясцовых выбарах кандыдатамі ў дэпутаты. Ім, каб стаць удзельнікамі Кангрэсу, патрэбна было сабраць ня менш за 300 подпісаў выбарцаў. Некаторыя прэтэндэнты спрабавалі “схімічыць”. Але камісія, якую ачольвае юрыст Уладзімер Лабковіч, адсеяла кожнага, хто прадстаўляў несапраўдныя дакумэнты. Цяпер у паўнамоцтвах дэлегатаў няма сумневу, лічыць сябра камісіі Віктар Івашкевіч:

“Абвінавачваньняў, што зьявіцца дэлегат, які сфальсыфікаваў подпісы, зараз няма. Гэта вынік той чысткі, якую зрабіла наша камісія”.

Другую групу ўдзельнікаў рэгіянальных сходаў складуць тыя дэлегаты папярэдняга Кангрэсу, якія вылучаліся ад раённых сходаў альбо ўдзельнічалі у выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў у 2004-м годзе.

Спадар Івашкевіч гаворыць, што будуць абраныя і дадатковыя ўдзельнікі агульнанацыянальнага Кангрэсу:

“На кожным рэгіянальным сходзе будуць абраныя большасьцю галасоў яшчэ і 7 VIP-пэрсон. Гэта тыя людзі, якія не трапляюць пад згаданыя вышэй катэгорыі. Але дэлегаты лічаць, што такі ўплывовы і важны чалавек мусіць быць на Кангрэсе. Усяго 49 чалавек.

І яшчэ потым Палітрада кансэнсусам можа абраць такіх важных людзей. Напрыклад, Шушкевіча. Але такіх людзей ня можа быць шмат”.

Патэнцыйных удзельнікаў рэгіянальных сходаў цяпер налічваецца больш за 800.

У бюлетэнях для галасаваньня на канфэрэнцыях будзе пяць блёкаў пытаньняў. Самымі галоўнымі лічацца два першыя: абіраць старшыню ці сустаршынь аб’яднаных дэмсілаў? І абіраць дзе – на Кангрэсе ці на Палітрадзе?

Віктар Івашкевіч тлумачыць, як будзе весьціся падлік галасоў:

“Усе гэтыя сем сходаў як сем выбарчых участкаў адной выбарчай акругі. Вынік галасаваньня – агульнанацыянальны. Падлік галасаваньня адбываецца на ўчастках, а вынікі падсумоўваюцца ў акруговай камісіі. І ў нас тое самае”.
XS
SM
MD
LG