Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску выйшла кніга пра Міколу Ермаловіча


Севярын Квяткоўскі, Менск У зборніку “Яго чакала Беларусь чатыры стагодзьдзі. Мікола Ермаловіч”. сабраныя ўспаміны пра гісторыка, мастацкіх твораў ў памяць гісторыка, вершы ды іншыя тэксты, прысьвечаныя Міколу Ермаловічу, і ягоная ўласная грамадзянская лірыка, а таксама тэксты самвыдатаўскага лістку “Гутаркі”, у якім Мікола Ермаловіч у 1975–1976 гадах публікаваў свае развагі па гісторыі Беларусі ад старажытнасьці да сучаснасьці.

Сярод аўтараў “Яго чакала Беларусь чатыры стагодзьдзі” мастакі Алесь Цыркуноў, Аляксей Марачкін, Уладзімер Мелехаў, пісьменьнікі Вольга Іпатава, Алесь Петрашкевіч, Генрых Далідовіч, гісторыкі – Анатоль Грыцкевіч, Міхась Чарняўскі ды шмат іншых. Пра Міколу Ермаловіча кажа Міхась Чарняўскі:

Міхась Чарняўскі: “Ён разумеў, што для паняволеных народаў гістарычная памяць і гісторыя замяняюць армію, авіяцыю і флёт. Сьведчу як гісторык, што ён замяняў сабой, сваёй працай цэлы інстытут гісторыі. Па гісторыі вялікага княства Літоўскага”.

Мікола Ермаловіч падрыхтаваў сваю першую кнігу “Па сьлядах аднаго міта”, яшчэ ў 1960-х гадах, але рукапіс пабачыў сьвет адно ў 1989 годзе ў часопісе “Маладосьць”, а крыху пазьней у выглядзе кніжкі. У дапрацаваным – пашыраным варыянце тэма паўстаньня беларускай дзяржаўнасьці ўвасобілася ў кнізе “Старажытная Беларусь”, якая сталася бэстсэлерам.

Мікола Ермаловіч даводзіў, што не магло быць акупацыі Літвой старажытнабеларускіх земляў, бо сама гістарычная Літва знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, а продкі сёньняшніх беларусаў былі балтамі і славянамі. Гарадзенскі дасьледчык Генадзь Семянчук так ахарактарызаваў працу Міколы Ермаловіча:

“Ён разглядаў мінулае беларускага народа з нацыянальных пазыцый. Яго асноўны мэтадалягічны прынцып заключаўся у прызнаньні таго факта, што беларускі народ ёсьць суб’ектам гістарычнага працэсу, а не аб’ектам альбо складовай часткай пэўнай ідэалягічнай канструкцыі”.

Адзін з укладальнікаў і аўтараў кнігі, старшыня гісторыка-культурнага клюбу “Спадчына” Анатоль Белы гаворыць пра грамадзянскую лірыку Міколы Ермаловіча:

“Роўных па грамадзянскім гучаньні, па філязофскім абгрунтаваньні і па палітычным сьветапоглядзе Міколу Ермаловічу ў тыя часы не было, і нават і цяпер няма. Трэба пераглядаць усе “табелі аб рангах” нашых масьцітых заслужаных – паўзаслужаных, народных – паўнародных, дзяржаўных – паўдзяржаўных”.

Верш Міколы Ермаловіча “Матчын лёс” прачытаў адзін з укладальнікаў кніжкі, гісторык і літаратар Анатоль Валахановіч:

Беларусь, край мой родны, Лёс твой гора ды беды, Як жа зь лёсам твой сходны Тваёй маці Рагнеды. Як яна ты гвалтоўна У шлюб зь нялюбым узята І ў няволі палоннай Сьвет ты бачыш з-за кратаў...

Паводле Анатоля Валахановіча, ніхто зь сяброў у савецкія часы ня ведаў, што Мікола Ермаловіч піша падобныя вершы, за якія ў СССР можна было трапіць за краты.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску ў музэі Гісторыі і культуры Беларусі. Далей гаворыць Анатоль Белы:

“Дзень нараджэньня Міколы Ермаловіча – 29 красавіка. І кніга пра яго. Тры вялікія супадзеньні: Мікола Ермаловіч вяртаецца ў гістарычны музэй, дзе ён па праву павінен быць, вось кніга, як новы помнік яму, і ягоныя 86-я ўгодкі зь Дня нараджэньня”.
XS
SM
MD
LG