Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты зьбіраюць подпісы за захаваньне льгот на праезд


Ігар Карней, Менск У траўні Палата прадстаўнікоў разгледзіць законапраект аб скасаваньні ільготаў асобным катэгорыям насельніцтва. Зь ініцыятывы Савету міністраў рэвізія закране навучэнцаў школаў, вучэльняў і студэнтаў ВНУ, якім хочуць скасаваць 50-працэнтную зьніжку на праезд у грамадзкім і прыгарадным транспарце. У адказ пачалася кампанія збору подпісаў за перагляд уладнай ініцыятывы, якая сутыкнулася з непрыманьнем студэнцкай “самадзейнасьці” з боку кіраўнікоў ВНУ і праваахоўных органаў.

Напачатку тыдня аформілася студэнцкая ініцыятыва (прававую падтрымку ёй аказаў Беларускі Хэльсынскі Камітэт), якая пачала збор подпісаў супраць скасаваньня ільготаў на праезд. Але ўжо ў першы дзень зборшчыкаў пагнала з тэрыторыі БДУ ахова, наступнымі днямі яны мелі праблемы “за правядзеньне пікету” зь міліцыяй і кіраўнікамі ВНУ, якія выклікалі на дыван студэнтаў-зборшчыкаў.



Доўга ўгаворваць студэнтаў зборшчыкам подпісаў не даводзіцца.

Нават у такіх умовах, як кажа старшыня камісіі ў справах моладзі БХК Тацяна Гацура, сабрана больш за 2 тысячы подпісаў і некалькі сотняў зваротаў на імя Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка камісіі Палаты прадстаўнікоў у адукацыі, культуры і навуцы Ўладзімера Здановіча. А напярэдадні ініцыятыва нечакана атрымала працяг. Як расказала спадарыня Гацура, абаронцаў студэнцкіх ільготаў запрасілі ў БДУ, дзе іх чакалі кіраўнік аддзелу ў справах моладзі Менгарвыканкаму Віталь Брэль, першы сакратар менскага гарсавету БРСМ Вадзім Гіген, кіраўнік упраўленьня выхаваўчай працы з моладзьдзю БДУ Міхаіл Радзько і сакратар БРСМ БДУ Віталь Рабцаў:

“Перадусім, іх цікавіла, ці зьвярталіся студэнты ў прафсаюзныя арганізацыі, у БРСМ, да органаў студэнцкага самакіраваньня, каб вырашыць праблему на лякальным узроўні. Мы пераконвалі, што гэта прававыя сродкі ў адстойваньні сваіх правоў. І калі забараніць студэнтам такімі прававымі сродкамі карыстацца, застануцца толькі неправавыя. Таму ўсе мусяць быць зацікаўленыя ў тым, каб студэнты бачылі: свае правы можна бараніць легальна. І гэта ня тое, што не забараняецца, а нават мае падтрымку сярод кіраўнікоў ВНУ. Таму што яны гэтаксама павінны скіроўваць увагу на праблемы моладзі, якія ўзьнікаюць”.

Як кажа Тацяна Гацура, суразмоўцы запэўнілі, што самі зацікаўленыя ў станоўчым для студэнтаў вырашэньні пытаньня з ільготамі і абяцалі на сваім узроўні заняцца праблемай -- ажно да падрыхтоўкі адмысловага звароту да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. А вось ад прапановы далучыцца да збору подпісаў актыў БРСМ адмовіўся: “Так, Вадзім Гіген сказаў, што ў БРСМ у адным толькі Менску 90 тысяч чалавек. Мы ў адказ прапанавалі ім падключыцца, пачаўшы збор подпісаў сярод сваіх сябраў. Ён сказаў, што, магчыма, гэта не запатрабуецца, бо яны будуць выносіць свае прапановы ў парлямэнт ад імя арганізацыі. Таму проста дамовіліся, што будзем супрацоўнічаць у вырашэньні гэтай праблемы. Канешне, мы разыходзіліся з лёгкім недаверам адзін да аднаго, але бліжэйшыя дні павінны прадэманстраваць, на колькі насамрэч можна працаваць на вырашэньне праблемы, на колькі можна свае крыўды, амбіцыі схаваць, каб працаваць на карысьць моладзі, на карысьць грамадзтва”.

Плянавалася, што прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы ў зборы подпісаў за захаваньне ільготнага праезду для навучэнцаў і студэнтаў ВНУ ўчора прыме рэктар БДУ Васіль Стражаў. Аднак спадзяваньні атрымаць дазвол на збор подпісаў на тэрыторыі БДУ пакуль ня спраўдзіліся – у зьвязку з загружанасьцю рэктара аўдыенцыя адтэрмінаваная на 10 траўня. А 3 траўня адбудзецца сустрэча дэпутатаў з прадстаўнікамі шэрагу грамадзкіх аб’яднаньняў, якія гэтаксама выступаюць супраць скасаваньня ільготаў асобным катэгорыям насельніцтва.

Увесь навучальны год школьнікі, а навучэнцы прафтэхвучэльняў і студэнты дзённай формы – ад 1 кастрычніка да 30 чэрвеня карыстаюцца 50-працэнтнай зьніжкай на праезд грамадзкім транспартам. Унутры краіны такая ільгота дзейнічае і ў выходныя і сьвяточныя дні. Гэтаксама за паўкошту іншагароднія выпраўляюцца дадому падчас зімовых вакацый ад 1 студзеня да канца лютага. Пра намер скасаваць ільготы спачатку заявілі ў апараце Савету міністраў, а 12 красавіка падчас сустрэчы з журналістамі гэта пацьвердзіў і Аляксандр Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG