Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усіх затрыманых удзельнікаў Чарнобыльскага шляху акцыі адпусьцілі


Любоў Лунёва, Менск Моладзевых актывістаў, затрыманых пасьля заканчэньня “Чарнобыльскага шляху”, адпусьцілі без складаньня пратаколаў. У затрыманых узялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі і перапісалі пашпартныя зьвесткі.

Інцыдэнт адбыўся на вуліцы М.Багдановіча. Групу моладзі атачылі байцы спэцназу міліцыі і пачалі усіх зьбіваць. Людзей закідвалі ў падагнаныя аўтобусы. Пад час “Чарнобыльскага шляху” двойчы адбываліся сутычкі з міліцыяй.

Гарадзкія ўлады за дзьве гадзіны да правядзеньня “Чарнобыльскага шляху” загадалі зачыніць кавярні, крамы, аптэку і Цэнтральны ўнівэрмаг. Плошча Якуба Коласа была перакрытая байцамі спэцназу міліцыі. Людзі, якія ў гэты час ішлі дахаты ці за дзецьмі ў дзіцячы садок, абураліся дзеяньнямі ўладаў. Ўдзельнікі “Чарнобыльскага шляху” лічаць, што гэтыя меры не паўплывалі на колькасьць удзельнікаў акцыі. Вось меркаваньні некаторых зь іх:

Марыя: “Тое, што яны зрабілі – вялікая іх памылка. Па-першае, рэкляма, па-другое расьце незадаволенасьць людзей, якія раней не былі ўцягнутыя ў палітыку і думаю, што хутка будзе выбух. Тое, што адбывалася, вельмі непрыгожа, бо сёньня дзень жалобы і гэта такая вельмі незвычайная акцыя”.

Аляксей: “На акцыі было шмат сьцягоў, шмат моладзевых арганізацый. Яны могуць пазачыняць хоць усе крамы, але моладзь гэта не напалохае і ня спыніць”.

Шэсьце пачалося ад Акадэміі Навук. На вуліцы Сурганава міліцыянты перакрылі правую паласу ў бок плошчы Бангалор. Яны абвяшчалі праз гукаўзмацняльную апаратуру, каб людзі рухаліся па праезнай частцы. Але за некалькі мэтраў да вуліцы Якуба Коласа супрацоўнікі ДАІ пачалі патрабаваць, каб людзі сышлі на ходнікі. Там на той момант рабіўся рамонт – асфальту не было, кучы бруку і пяску. Заяўнікі прасілі супрацоўнікаў ДАІ адмяніць патрабаваньне, бо шматтысячнай калёне ісьці па такіх ходніках было небясьпечна. Гаворыць Анатоль Сідарэвіч:

“Гэта была чыстай вады правакацыя. Я так мяркую, што ім вельмі хацелася паўтарыць сытуацыю 17 кастрычніка 1999 году. Памятаеце, калі каля парка Горкага пачалося кіданьне будаўнічага друзу?”

Як толькі людзі перасеклі вуліцу Якуба Коласа каля крамы “Музыка” адбыўся другі інцыдэнт – спэцназаўцы кінуліся ў натоўп і паспрабавалі выцягнуць некаторых маладых людзей. Палкоўнік спэцназу міліцыі Юры Падабед загадаў байцам па рацыі выйсьці з натоўпу і людзі супакоіліся.

Супрацоўнікі ДАІ перакрылі рух па вуліцы сваімі аўтамабілямі. Паколькі на ходніках было мала месца, дэманстранты выйшлі на праезную частку, але праз некалькі хвілінаў спэцназаўцы выціснулі іх на ходнікі. Пасьля таго, як людзі каля капліцы запалілі сьвечкі, памаліліся за ахвяраў Чарнобыльскай трагедыі і за Беларусь, удзельнікі акцыі пачалі расходзіцца. Большасьць зь іх пайшлі невялікімі групамі ў бок вуліцы Багдановіча на прыпынкі грамадзкага транспарту. Там, насупраць рэстарацыі “Макдоналдс” спэцназаўцы атачылі адну такую групу каля сотні чалавек, каб адабраць бел-чырвона-белы сьцяг у цэнтры натоўпу. Пры гэтым людзей моцна зьбівалі, у тым ліку, нагамі.

Адной дзяўчыне пабілі нос, у яе пацякла кроў. Затрыманых кідалі ў падагнаныя аўтобусы. 16 чалавек адвезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну. Гаворыць Франак Вячорка:

“Улада ня можа без затрыманьняў. Нават у гэты жалобны дзень, 26 красавіка, яна пайшла на гэтыя брутальныя, брыдкія крокі. Улада мела магчымасьць закончыць акцыю мірна, прыгожа, а закончыла яе, як заўсёды”.

Назіральнікі ня выключаюць, што можа паўтарыцца леташняя гісторыя, калі на наступны дзень пасьля правядзеньня акцыі выклікалі ўсіх заяўнікаў і пасадзілі іх на 15 сутак.







XS
SM
MD
LG