Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 26 красавіка


Зьміцер Падбярэзскі, Менск Галоўная тэма дня — гадавіна Чарнобыльскай катастрофы.

Галоўная тэма дня — гадавіна Чарнобыльскай катастрофы. Карыстальнік Алесь Міхалевіч сёньня занатаваў ва ўласным дзёньніку дзёньнік Алеся Міхалевіча: "Колькі гадоў таму прывезьлі мяне пасьля Чарнобыльскага шляху, дзе я быў арганізатарам, на Акрэсьціна. Сяржант пытаецца мяне і Андруся Козела, зь якім нас затрымалі разам, пра нашае месца прапіскі. Андрусь гаворыць: "Фаніпаль Дзяржынскага раёну". Я: "Мар’іна Горка Пухавіцкага". Адзін з міліцыянтаў ня вытрымаў: "Чего Вы все в наш Минск поприезжали?" Тут ня вытрымаў я, адказаўшы: "У адрозьненьне ад Вас, я нарадзіўся ў Менску". Сяржанта яўна задзела, але адказаць не было чаго. P.S. Як раз зьбіраюся ісьці да філярмоніі на Чарнобыльскі шлях. Пабачым, што будзе сёньня..." Сайт народных навінаў Віцебску, Яна Ільіна паведамляе: "У жалобнай акцыі, якую сёньня правёў Барыс Хамайда, варта адзначыць адзін адметны момант. Апазыцыянэр падчас сваёй акцыі стаяў сьпінай да вітрыны крамы "Веста". І якраз у той час, калі ён біў у жалобны звон па ахвярах Чарнобыля, служачыя крамы вывешвалі за шклом плякат са словамі "Віншуем са сьвятам!" Яшчэ да затрыманьня Барыс Хамайда так патлумачыў сэнс сваёй акцыі: "Я хачу нагадаць людзям, што Чарнобыль ёсьць і сёньня, нягледзячы на тое, што прайшоў 21 год". У гэты ж дзень над затрыманым адбыўся суд. Ягоны вырак за невядома якую правіну — двое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня". Блогер algizzz у суполцы minsk-by сёньня таксама выказаўся на Чарнобыльскую тэматыку, гэтым разам — адносна культуры паводзінаў: "Дзякуй, што наляпілі абвестку пра Чарнобыльскі шлях на шкло маёй машыны. Безумоўна, гэта лепшы спосаб ня проста праінфармаваць аб акцыі, але і пераканаць мяне ў тым, што мая прысутнасьць мае значэньне. Аддзіраючы гэтую выдатную налепку, я правёў колькі хвілінаў, думаючы аб Радзіме. Сьляды клею і прыліплы да шкла бруд будуць яшчэ некаторы час нагадваць мне пра цяжкі стан, у якім усе мы з вамі знаходзімся. Карыстаючыся выпадкам, папярэджу, што калі я засьпею каго з вас у момант паўторнага выкарыстаньня маёй машыны як месца разьмяшчэньня агітацыйных матар''ялаў, вы даведаецеся, як цяжка зьбіраць выбітыя зубы зламанымі рукамі". У ЖЖ-суполка minsk-by карыстальнік corvin прыводзіць ліст ва Ўпраўленьне рэгістрацыі і ліцэнзаваньня Менгарвыканкаму: "Праблема ў тым, што ў мяне ў пашпарце месца прапіскі і орган, які выдаў пашпарт, указаны на беларускай мове (Менская вобл., г. Чэрвень), статут прадпрыемства складзены на расейскай (Минская обл., г. Червень), а Чэрвень у перакладзе на расейскую мову июнь, дык мне і прадпанавалі выправіць на Минская обл., г. Июнь. На мае пярэчаньні, што горад, у якім я прапісаны, называецца і па-расейску Чэрвень, а ніяк не Июнь і РАУС у нас Чэрвеньскі, а не Июньский, мне выдалі на рукі статут і прапанавалі зрабіць запыт у РАУС майго гораду і прад''явіць ва Ўпраўленьне афіцыйны адказ РАУС аб тым, што такі горад і раён называюцца на расейскай мове менавіта Червень і Червеньский".

Дасылайце свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG