Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насьця Драбышэўская – равесьніца Чарнобылю


Радыё Свабода Сёньня Насьці Драбышэўскай з Гомеля споўніўся 21 год. Яна нарадзілася менавіта 26 красавіка ‘86-га году, калі ў Чарнобылі ўзарваўся атамны рэактар.

Як успрымае дзяўчына дзень 26 красавіка?

Насьця: “Ну гэта для мяне як бы сьвята. І ў той жа час - гэты дзень памятны асабліва, трагедыя наогул па жыцьці, бо ў гэты дзень адбылася чарнобыльская аварыя”.

Бацькі яшчэ ў дзяцінстве расказвалі Насьці, у які менавіта дзень яна нарадзілася. Пазьней у 53-й школе, дзе вучылася дзяўчына, школьная сяброўка Насьці Аліна Судас заўсёды дакладна арыентавалася, калі здарылася чарнобыльская трагедыя.

Насьця: “Калі пыталіся пра выбух у Чарнобылі, мая аднаклясніца заўсёды ведала, заўсёды адказвала на гэтае пытаньне, бо у мяне - дзень народзінаў. Так яна адказвала”.

Школьнікам распавядалі пра трагедыю, але, як кажа Насьця, на аздараўленьне і адпачынак выязджалі яны клясай толькі аднойчы:

Насьця: “У школе расказвалі пра гэтую трагедыю, але нікуды мы не выязджалі. Толькі пад Менск езьдзілі ў “Зубронак”. Падаецца, было гэта ў шостай клясе”.

Пра радыяцыю, яе згубныя наступствы для здароўя равесьніца Чарнобылю ведае мала. Кажа, што асабліва не казалі пра радыяцыю ні ў школе, ні ў тэхнікуме, дзе яна вучылася на бухгалтэра. Так і жыць лягчэй. Але спадарыня Насьця заўважае, што моладзь надзвычай часта хварэе:

Насьця: “Цяперашняя моладзь часьцей хварэць стала. Тыя, хто пажыў ужо, нават здаравейшыя, чымсьці маладыя людзі, якія нарадзіліся пасьля Чарнобылю”.

Сама Насьця на здароўе не скардзіцца й Гомель пакідаць не зьбіраецца. Пра чысьціню прадуктаў харчаваньня імкнецца наогул ня думаць. Улетку, калі выпадае час, едзьдзіць у лес па грыбы й ягады й нават ня правярае іх. Чаму – патлумачыла:

Насьця: “Проста мы ня ведаем, дзе такія месцы знаходзяцца, дзе можна было б праверыць тыя ж ягады, грыбы”.

На пытаньне “Ці паўплывала чарнобыльская катастрофа на яе асабісты лёс?”, Насьця адказвае адмоўна: “ Я лічу, што - не. Я вучылася, скончыла тэхнікум, замуж хутка выйду. Харошы, добры муж у мяне будзе, ён – чулы, заўсёды мяне разумее”.

У Насьці праз два дні, 28 красавіка, вясёлле. Яе абраньнік Іван – электрамантажнік, завочна вучыцца ў тэхнічным універсітэце.

Пра будучую сваю жонку Іван сказаў так:

Іван: “Усё самае харошае – гэта ў яе, усе якасьці”.

Сваім нашчадкам пра чарнобыльскую трагедыю Насьця й Іван абяцаюць расказваць. Пра уласны лёс асабліва не загадваюць:

Насьця: “Мы жыць, канешне, будзем у Гомелі. Але пра будучыню не задумваліся. Навошта загадваць наперад? Калі загадваць наперад, гэта ніколі не збудзецца”.
XS
SM
MD
LG