Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генсек ААН - за аднаўленьне дзейнасьці на забруджанай тэрыторыі


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Напярэдадні 21-х угодкаў чарнобыльскай катастрофы генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Пан Гі Мун заклікаў міжнародную супольнасьць аднавіць дапамогу ў сацыяльным і эканамічным разьвіцьці рэгіёнам, пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы.

У звароце, выпушчаным да 21-х угодкаў трагедыі ў Чарнобылі, падкрэсьліваецца, што апошнія навуковыя дасьледаваньні сьведчаць пра магчымасьць паступовага вяртаньня да нармальнага жыцьця ў мясцовасьцях, закранутых радыяцыяй. Пан Гі Мун лічыць. што пацярпелым раёнам неабходныя “новыя працоўныя месцы, новыя інвэстыцыі і аднаўленьне ў людзей адчуваньня, што яны самі могуць гаспадарыць на сваёй зямлі”.

Учора і ўкраінскі прэзыдэнт Віктар Юшчанка выказаўся за аднаўленьне дзейнасьці ў зоне вакол Чарнобыльскай АЭС. Ён выказаў перакананьне, што зона паступова ажывае і што Ўкраіна будзе разьвіваць магчымасьці гэтай тэрыторыі”. Прэзыдэнт сказаў, што “пасьля аварыі пры адсутнасьці людзей дзікая прырода ў раёне квітнела”. Ва Ўкраіне ўжо распрацаваны шэраг праектаў для заражанага радыяцыяй раёну, адзін зь іх прадугледжвае стварэньне там запаведніка.

Тым часам экспэрты і экалягічныя групы папярэджваюць, што і надалей людзі будуць паміраць ад чарнобыльскай радыяцыі. ААН прагназуе сьмерць каля 9 тысяч чалавек ад хваробы на рак. Іншыя групы сьцьвярджаюць, што колькасьць сьмяротных выпадкаў у будучыні дасягне 200 тысяч.
XS
SM
MD
LG