Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На якіх умовах у Менску адкрыюць офіс Эўракамісіі?


Ўладзімер Глод, Менск Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў пацьвердзіў інфармацыю з Брусэлю пра тое, што беларускі бок пагадзіўся адкрыць офіс Эўракамісіі ў Беларусі.

Сёньня прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў патлумачыў, чаму рашэньне аб адкрыцьці эўрапейскага прадстаўніцтва прынялі менавіта цяпер (Эўразьвяз яшчэ два гады таму зьвярнуўся да ўладаў Беларусі з просьбай адкрыць офіс у Менску):

“Мы лічым, што гэта зьвязана з тым, што ідзе нармальны рабочы працэс у справе разьвіцьця дыялёгу паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. І беларускі бок на сёньняшні дзень разглядае прадстаўніцтва Эўракамісіі як эфэктыўны канал для наладжваньня прагматычнага і канструктыўнага супрацоўніцтва з Эўразьвязам у тых сфэрах, дзе бакі маюць абсалютна відавочны ўзаемны інтарэс”.

Сярод такіх галінаў афіцыйны прадстаўнік МЗС назваў энэргетыку, разьвіцьцё трансэўрапейскіх транспартных калідораў, інфраструктуры каля дзяржаўнай мяжы, экалёгію, барацьбу зь нелегальнай міграцыяй, гандлем людзьмі ды арганізаванай злачыннасьцю.

Адказваючы на пытаньне “Свабоды”, на якіх умовах зможа працаваць згаданы офіс у Менску, спадар Папоў сказаў, што гэта якраз абмяркоўваюць.

Журналіст-міжнароднік Раман Якаўлеўскі лічыць, што беларускія ўлады не выпадкова акцэнтуюць увагу на тых сфэрах дзейнасьці, якія ня тычацца правоў чалавека й дэмакратыі ў Беларусі.

Якаўлеўскі згадвае словы Аляксандра Лукашэнкі, які казаў, што трэба яшчэ разабрацца, што яны тут хочуць з гэтым прадстаўніцтвам, якія будуць функцыі.

“У Лукашэнкі ў памяці застаецца праца іншага офісу — КНГ АБСЭ пад кіраўніцтвам Віка. Цяпер іх непакоіць Сэвэрын у ААН. А тут яшчэ не хапала Эўразьвязу.

У чым сутнасьць пытаньня, чаму ўлады баяцца гэтага прадстаўніцтва? Таму што тут, у Беларусі, зьявіцца асоба, якая будзе непасрэдна адказваць за стан правоў чалавека ў краіне”, — мяркуе Раман Якаўлеўскі.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька тлумачыць згоду афіцыйнага Менску перадусім неспрыяльным для беларускай эканомікі прагнозам:

“Трэба шукаць новае выйсьце. І праводзіць нейкую дывэрсыфікацыю, у тым ліку і сваёй замежнай палітыкі. Лукашэнка ня хоча адступаць ад той палітыкі, якую ён праводзіць, але ён змушаны гэта рабіць.

Гэта вельмі слабыя, але ўсё ж знакі, што беларускія ўлады будуць дэманстраваць нейкія зьмены. Але ў першую чаргу гэта будзе тычыцца эканамічных ды культурных стасункаў. Не закранаючы палітычнага рэжыму”.

Цяпер офіс Эўракамісіі ў справах Беларусі ды Ўкраіны працуе ў Кіеве. Першапачаткова ён ахопліваў, акрамя згаданых дзьвюх краінаў, яшчэ і Малдову. Але малдаўскія ўлады далі дазвол на адкрыцьцё самастойнага офісу ў Кішынэве яшчэ ў 2004 годзе.
XS
SM
MD
LG