Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму Беларусь да гэтага часу не наладзіла выпуск індывідуальных дазымэтраў для насельніцтва?”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за 26 красавіка, чацьвер. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС- паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Слухач: “Вось і на гэтым выступе Лукашэнкі, як заўсёды, хлусьня, дзікасьць і больш нічога. Прыклад. Ужо які раз ён кажа і раней казаў, што “больш я сельскай гаспадарцы бясплатна грошы даваць ня буду”. Атрымліваецца ж двайная бугальтэрыя. Ён загнаў у кут і сельскую гаспадарку, і беларускі народ. Глядзіце, ён дае сельскай гаспадарцы розныя субсыдыі, даплаты для таго, каб заробкі людзі атрымлівалі, пасеялі, пасадзілі, закупілі тэхніку і гэтак далей. Як ва ўсіх краінах: сабраў ураджай і разьлічыўся за тое, што дзяржава дала. Не, ён заўжды сьпісваў гэтыя грошы! І гэта клалася цяжарам на нас, таму што гэта нашы грошы мы давалі. Падаткі адлічвалі. Калгасьнікі, па-мойму, вырабілі прадукцыі толькі да 60 %. Далёка ад таго, што трэба. І мы другі раз плацім за тое, што купляем гэтую няякасную і дарагую прадукцыю, якую вырабілі. І колькі б яны не рабілі з таго, што трэба, каля 30 % закупаецца. Паглядзіце пра гэтыя таматы, пра які ён так салодка, як салавей, пеў, больш казаць няма чаго. Вось з Гішпаніі і Турцыі ўсё ёсьць і дасылаюць, а толькі не айчынныя. Грошы ж затрачаныя. І зноў за кошт нас сьпішуць. Дык вось за тыя грошы, якія ён дае саўгасам, калгасам, можна было купіць у два-тры разы больш прадукцыі, чым яны вырабляюць. Каму ж гэта трэба?! Што гэта за гаспадарства?!”

Спадарыня: “Я чалавек шчыры, не люблю хлусьні. Я заўжды выказвалася супраць цяперашняга рэжыму. Але і ў Вас існуе цэнзура, і вельмі шкада”.

Майсеенка Генадзь: “Свабода,” прывітаньне! Дваццаць адзін год Чарнобылю, але тыя раны, што ён нанёс Беларусі не загойваюцца і не заціхае боль у сэрцах саміх беларусаў. Учора пан прэзыдэнт са сваёй ласкі, як штогод, разадраў тыя раны і плюнуў у душы памяркоўных і выміраючых людзей. Пералажыўшы на зьнямоглыя, хворыя плечы ўсю адказнасьць за крах, па сутнасьці, сваёй палітыкі і эканомікі ў Беларусі ды і за яе межамі. Пры гэтым ён не забыўся, як звычайна, прайсьціся і па “недружаственных,” зайздросных Расеі і Захаду да гэтых надакучлівых адмарозкаў ад апазыцыі. Не дарма кажуць: калі галоўнага злыдня прыпіраюць да сьцяны і патрабуюць плату за яго ўсе справы, ён ніколі не аддае са сваёй кішэні. Для гэтага ёсьць тыя, каго ён падмануў і ў каго крадзе штодзённа, колькі загадае. Таму сьпіс пакрыўджаных ды памерлых раней і цяпер усё расьце і расьце. Сумная дата. Да пабачэньня”.

Спадар, Браслаўшчына: “Добры дзень! Я даўно слухаю Ваша радыё. Амаль пастаянна. І вось цяпер чую, што Вам не дазваляюць недзе прайсьці. Вы ўступаеце ў канфлікт з уладамі. Вы лепш узялі і пасадзілі алею памяці ці нейкі парк. Вось гэта была б памяць. Справа карысная. А не хадзіць па вуліцах, размахваць усялякімі транспарантамі. Вось як трэба рабіць. Добрую справу трэба рабіць, а ня лезьці на ражон. А потым скардзіцеся Эўропе, што Вас прыціскаюць. Рабіце ўсё па закону, супраць закону не рабі. Законы ў нас не такія строгія. Калі б Вы такое зрабілі ў Амэрыцы ці Нямеччыне… Чую, Вы абараняеце Казуліна. У Ангельшчыне па іх законам ён атрымаў бы 10 год, а не 5”.

Эдуард Тобін: “Дзякую, шаноўныя. Толькі што праслухаў адказы Івана Нікітчанкі на он-лайн канфэрэнцыі. Шчыры дзякуй яму за высакародную чалавечнасьць. Ды даруе Вам, шаноўны Іван Нікітчанка, Гасподзь здароўе і даўгалецьце. Вы сапраўдны патрыёт нашай нацыі, шчыры абаронца яе і захавацель”.

Спадар: “Наконт атамнай станцыі. Будаваць атамную станцыю патрэбна абавязкова, і рабіць гэта былі павінны яшчэ ў 50-60 х гадах. Мы мелі б ужо выгоды ад станцыі, а радыяцыі нам хопіць і ад суседзяў”.

“Наконт Ельцына. Вельмі зьдзівіла заява Лукашэнкі. Ён жа сам зьневажаў Ельцына сумесна з Шушкевічам, а цяпер хваліць – “незаменны” і гэтак далей. Калі такія кіраўнікі будуць думаць, што казаць сёньня адно, а заўтра другое і гэтак далей, сумна ад гэтай заявы. Дзякуй”.

Тацьцяна Барэль, Асіповічы: “Добры вечар, Вы ведаеце, я ня згодна з Вашым урэзваньнем майго тэлефанаваньня пра “Чарнобыльскі шлях”. Я зусім не баюся выйсьці на вуліцу, таму што я выходжу кожны год. Проста ў мяне не атрымліваецца сёлета, таму што я дзяжуру. Начное дзяжурства ў мяне, я не змагу прыехаць у Менск. І мне не хацелася б, каб Вы далей так цэнзуравалі мае тэлефанаваньні. Ужо лепш не давайце іх у этэр зусім”.

Спадарыня: “Міліцыі няхай плаціць той, хто яе наймае. А той, хто разганяе мітынгі, шэсьці, зьбіваючы людзей, абавязаны заплаціць за вытаптаныя газоны. Мірнаму, бяззбройнаму шэсьцю міліцыя не патрэбна. А да Паўлічэнкі просьба – ўгаманіць свайго шэфу Лукашэнку, даць спакойна прайсьці народу Беларусі на “Чарнобыльскі шлях”.

Спадар: “Добры дзень, сёньня як раз спаўняецца адзін год з той трагічнай даты, як выбухнуў рэактар на Чарнобыльскай АЭС. Вынікі гэтай катастрофы будуць яшчэ сотні гадоў адмоўна ўзьдзейнічаць на нашых людзей, на здароўе нацыі. Але ж у мяне пытаньне, такое ж я задаваў і летась. Чаму Беларусь, якая вырабляе шмат рознай тэхнікі, прыбораў, у тым ліку і касьмічныя апараты, да гэтага часу не наладзіла выпуск індывідуальных дазымэтраў для насельніцтва, якія ў Беларусі можна было купіць да прыходу да ўлады нашага прэзыдэнта. Мне здаецца, адказ напрошваецца сам сабой, бо наш прэзыдэнт і ўлада наагул незацікаўлены, каб людзі ведалі праўду аб сапраўдных выніках гэтай катастрофы. А нам даецца толькі афіцыйная інфармацыя. Афіцыйная інфармацыя заўсёды неяк больш абрубленая, больш хлусьлівая. І таму, нягледзячы на тое, што шмат чаго ў нас вырабляецца, усё ж такі насельніцтву не даецца магчымасьць самастойна кантраляваць сытуацыю ў радыяцыйнай абстаноўцы. У той жа час наш прэзыдэнт некалі абяцаў, што будзе праводзіць рэфэрэндум наконт будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі. Але ж гэтага не адбылося. І яшчэ шмат і шмат пытаньняў да нашага прэзыдэнта і ўлады, на якія ён ня хоча адказаць. А хто яму іх задасьць? Дзякуй за ўвагу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG