Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У. Пуцін: “Не шукаць толькі блох на постсавецкай прасторы”


Радыё Свабода Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін лічыць мэтазгодным аб’явіць мараторый на выкананьне Расеяй Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе. Гэтая дамова была падпісана ў 1990 годзе краінамі былой Варшаўскай дамовы і НАТО.

Ён зьвінаваціў партнэраў у тым, што яны не ратыфікавалі адаптаваную Дамову, спасылаючыся пры гэтым на Стамбульскія дамоўленасьці, якія прадугледжваюць вывад расейскіх падразьдзяленьняў з Грузіі і Прыднястроўя. Паводле Пуціна, Дамова ніяк не зьвязана са Стамбульскімі дамоўленасьцямі:

“Партнэры вядуць сябе некарэктна, дамагаючыся аднабаковых перавагаў. Не ратыфікуючы пад надуманымі падставамі Дамову, яны выкарыстоўваюць сытуацыю для нарошчваньня вакол нашых межаў сыстэм вайсковых базаў. Больш таго, яны плянуюць разьмясьціць элемэнты проціракетнай абароны ў Чэхіі і Польшчы. А такія новыя краіны, як Славаччына і дзяржавы Балтыі, да прыкладу, нягледзячы на папярэднія дамоўленасьці з альянсам, наагул не далучыліся да Дамовы, што стварае для нас рэальныя небясьпекі з непрадказальнымі сюрпрызамі”.

Пуцін дадаў, што мараторый ва ўсякім разе мусіць доўжыцца да той пары , “пакуль усе краіны без выключэньня не ратыфікуюць яе (Дамову) і не пачнуць яе строга выконваць”.

Кіраўнік Расеі прапанаваў гэту праблему абмеркаваць у савеце “Расея-НАТО” і ў выпадку адсутнасьці прагрэсу ў перамовах разгледзець магчымасьць спыненьня абавязацельстваў Расеі па Дамове.

Уладзімер Пуцін сказаў, што ўпершыню ў Эўропе могуць зьявіцца элемэнты амэрыканскай стратэгічнай зброі, і гэта ня ёсьць выключна праблемай расейска-амэрыканскіх стасункаў, а закранае інтарэсы ўсіх эўрапейскіх краін, у тым ліку, якія не ўваходзяць у НАТО.

Паводле У.Пуціна, гэтае пытаньне нават патрабуе абмеркаваньня ў АБСЭ:

“Час напоўніць дзейнасьць АБСЭ рэальным зьместам. Павярнуць арганізацыю да праблемаў, якія сапраўды хвалююць народы Эўропы. А не шукаць толькі блох на постсавецкай прасторы”.

У.Пуцін заявіў таксама аб падтрымцы кандыдатуры Казахстану на пасаду старшыні АБСЭ, што, маўляў, прыдасьць працы неабходны пазытыўны імпульс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG