Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У.Рылатка: “Я лічу, што большага ворага для артыста, чым фанаграма, не існуе”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 26 красавіка ў розныя гады.

“ЛіМ”

У рэдакцыйным артыкуле пад загалоўкам “Разам з народам” “ЛіМ” у 1947 годзе сьцьвярджае: “Дапамога вёсцы становіцца ўсенароднай справай. Абавязак пісьменнікаў — быць у асяроддзі мас, наглядаць і паказваць сродкамі шчырага і ўсхваляванага мастацкага слова працоўны гераізм тых, хто сёння змагаецца за нашае шчаслівае заўтра. Пісьменнік павінен сваімі вачыма бачыць гэты магутны патрыятычны ўздым народа. Ён знойдзе безліч новых тэм, яскравых вобразаў, фарбаў для будучых твораў”.

“Знамя юности”

“Знамя юности”, год 1987. Актор Віктар Манаеў, член ЦК ЛКСМБ, піша: “Усё часьцей даводзіцца чуць папрокі на адрас прэсы, што яна, маўляў, у пагоні за “сэнсацыйнасьцю” тыпізуе асобныя факты і бакі нашага жыцьця. Гэтым самым, мне здаецца, мы прыніжаем надзвычайную ролю прэсы ў разгортваньні галоснасьці... А меркаваньні, быццам публікацыі пра “нэгатыў” не дазваляюць убачыць “пазытыву”, якія часам выказваюцца, — мне здаюцца спрэчнымі й часткова дэмагагічнымі”.

“Звязда”

“Я лічу, што большага ворага для артыста, чым фанаграма, не існуе, — даводзіць у 1997 годзе са старонак “Звязды” намесьнік міністра культуры Ўладзімер Рылатка. — Зараз у нас адкрываецца маладзёжны тэатр эстрады. Уявіце сабе, што атрымаецца, калі з самага пачатку сваёй дзейнасці маладыя спевакі прывыкнуць да фанаграмы. А зараз нават некаторыя дзіцячыя калектывы навучыліся хлусіць... Якую асобу мы вырасцім такім чынам?”
XS
SM
MD
LG