Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часопіс “Дзеяслоў” знаёміць беларускіх чытачоў са швэдзкай літаратурай


Валянціна Аксак, Менск Недзяржаўны літаратурны часопіс “Дзеяслоў” распачаў знаёміць беларускіх чытачоў зь лепшымі ўзорамі сучаснай швэдзкай літаратуры.

Дваццаць сёмы “Дзеяслоў” адкрывае беларускаму чытачу невядомую швэдзкую сучасную драматургію. Гэта ўрыўкі зь п’есаў выбітных аўтараў са Скандынавіі Катарыны Фростансан, Сьціга Ларсана і Астрыд Тронцыг. Іх пераклаў наш зямляк Дзьмітры Плакс, які цяпер жыве ў Стакгольме. Ягоная п’еса “Барух Эмануэль” таксама зацікавіць чытача сваёй не традыцыйнай для беларускага тэатру эстэтыкай.

Галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч кажа, што гэтыя публікацыі – толькі пачатак праекту па знаёмстве беларусаў з сучаснай швэдзкай літаратурай:

“У нашых плянах таксама публікацыя, можа быць, асобнага нумару, прысьвечанага сучаснай швэдзкай літаратуры, у тым ліку і паэзіі, і прозе”.

Працяг знаёмства з тым ці іншым аўтарам, стылем, тэмай – гэта ўжо традыцыя часопіса. Чацьверты год з нумара ў нумар “Дзеяслоў” друкуе творчую спадчыну Васіля Быкава. У дваццаць сёмым нумары завяршаецца публікацыя шматгадовае перапіскі народнага пісьменьніка з вядомым расейскім літаратуразнаўцам Лазарам Лазаравым. Што зь неапублікаванае спадчыны Быкава чакае чытача ў наступных нумарах, гаворыць галоўны рэдактар Барыс Пятровіч:

“Што тычыцца эпісталярнай спадчыны, то мы будзем працягваць яе друкаваць і ў нас ёсьць што друкаваць. Апроч яе засталіся неапублікаваныя незакончаныя творы Быкава і ў бліжэйшых нумарах мы мяркуем надрукаваць апавяданьне Васіля Ўладзімеравіча, якое нам перадала Ірына Міхайлаўна Быкава”.

Прачытаць усё гэта, кажа спадар Пятровіч, можна, аформіўшы праз “Белпошту” падпіску на “Дзеяслоў”, бо ён, як і іншыя незалежныя выданьні, па-ранейшаму не распаўсюджваецца праз шапікі “Белсаюздруку” і толькі некалькі менскіх кнігарняў бяруць яго на продаж.
XS
SM
MD
LG