Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры апазыцыі наведалі раёны, пацярпелыя ад Чарнобылю


Радыё Свабода, Менск Напярэдадні 21-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС лідэры апазыцыі наведалі раёны, што пацярпелі ад радыяцыі.

Аляксандар Мілінкевіч меў сустрэчы на Берасьцейшчыне, Гомельшчыне ды Магілёўшчыне. Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка ладзіў дабрачынную акцыю ў анкалягічным цэнтры ў адным з гарадоў пацярпелага раёну. Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька і лідэр партыі ПКБ Сяргей Калякін сустракаліся з пацярпелымі ў Хойніках і вёсках Брагінскага раёна. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

“Пераканаўся, што, на жаль, чым далей ад сталіцы, тым болей абсалютна недарэчных абмежаваньняў і інструкцыяў на атрыманьне гуманітарнай дапамогі. Ну, скажам, нельга атрымліваць мэдычнае абсталяваньне, старэйшае за пяць гадоў. Хаця калі гэта добра захаванае абсталяваньне і яму, напрыклад, 6 гадоў – яно можа цалкам служыць нашай, на жаль, небагатай мэдыцыне”.

Вінцук Вячорка кажа, што партыя БНФ мае намер падтрымліваць кантакты з мэдыцынскімі ўстановамі ў чарнобыльскай зоне.

“І надалей ім дапамагаць. Каб гэта не абмяжоўвалася толькі як у гэтую пару перад 26-га красавіка”.

Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін у Хойніках сустрэліся з сям’ёй ліквідатара аварыі на ЧАЭС Сьвятланай Шлег. Яе 16-гадоваму сыну, які з-за радыяцыйных наступстваў нарадзіўся інвалідам, падарылі кампутар. Анатоль Лябедзька гаворыць:

“У дадзеным выпадку я ўзгадваю той мільён эўра, які быў накіраваны Брусэлем на вырашэньне чарнобыльскіх праблемаў. Яго не выкарысталі беларускія чыноўнікі. Грошы вярнуліся ў бюджэт Эўрапейскага зьвязу. Гэта проста злачынства. Таму што колькі можна было зрабіць вось такіх добрых спраў. У колькі сем’яў інвалідаў прывезьці кампутары ці лекі? Каб бачыць проста шчасьлівыя вочы гэтых дзяцей, іх родных і блізкіх”.

Асноўнай мэтай паездкі Аляксандара Мілінкевіча ў пацярпелыя ад Чарнобылю раёны было прыцягненьне ўвагі беларускай й міжнароднай супольнасьці да радыяцыйнай бясьпекі насельніцтва.

“Трэба змагацца за тое, каб людзі не хварэлі, а дзеці былі здаравейшыя. Я буду дапамагаць вырашаць гэтыя праблемы. Вядома, праблемы значна прасьцей вырашыць, калі пры ўладзе. Але ўсё-такі ёсьць магчымасьць нават і ў маіх умовах. Я зьбіраюся пайсьці ў Дэпартамэнт па гуманітарнай дапамозе. І буду размаўляць, каб выкарыстаць тое, што магу я. Дзеля справы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG