Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бялынічах прайшоў хросны ход з абразам Божай маці


Радыё Свабода Учора ў Бялынічах завяршыўся хросны ход у гонар Бялыніцкай Божай маці. Сотні вернікаў прайшлі з цудадзейным абразам з Магілёва ў Бялынічы. Традыцыя хроснага ходу аднавілася на пачатку дзевяностых. Штогод напярэдадні 26 красавіка праваслаўныя і каталікі ўслаўляюць абраз і ўзгадваюць ахвяраў чарнобыльскай трагедыі.

Бялыніцкі журналіст ды краязнаўца Міхась Карпечанка хросны ход напярэдадні гадавіны чарнобыльскай трагедыі разглядае за сымбаль адраджэньня традыцыі ўслаўленьня сьвятыні і веры людзей у хуткае збаўленьне ад бедаў.

Паводле адной з вэрсіяў, абраз Бялыніцкай Божай маці зьявіўся на Бялыніччыне ў другой палове 13 стагодзьдзя. Сюды яе прынесьлі манахі з Кіеву, якія ратаваліся ад мангола-татараў. Гаворыць Міхась Карпечанка:

“У першы ж дзень іх начоўкі на бялыніцкай зямлі абраз зрабіў свой першы цуд. Ён пачаў выпраменьваць сьвятло, зьзяць і, як сьцьвярджае легенда, ноччу стала сьветла, як днём. Менавіта адсюль і выводзяць назоў самога мястэчка Бялынічы – Белыя ночы. Традыцыя ўшанаваньня абразу перапынілася, але сёньняшняя падзея, калі хросным ходам сотні вернікаў ішлі з Магілёва ў Бялынічы, сьведчыць – многія людзі захавалі веру ў тое, што ён як і раней зможа дапамагчы”.

Бялыніччына знаходзіцца за дзьвесьце кілямэтраў ад забруджаных радыяцыяй раёнаў Магілёўскай вобласьці. Гэта аднак не ўратавала яе ад радыяцыйнага чарнобыльскага попелу. Некалькі вёсак застаюцца і да сёньня ў радыяцыйным палоне. У 1986 годзе лідэр рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ Рыгор Кастусёў працаваў у саўгасе “Друць”. Вось пра што ўзгадвае ён:

“Я добра памятаю. Я тады працаваў галоўным інжынэрам саўгасу “Друць”. Сабе не магу дараваць, што тады не зарыентаваўся. Гэта была пагроза, пагроза для нас ды дзяцей. Зараз у гэтай вёсцы атрымліваюць “грабавыя”. Потым мне давялося працаваць дырэктарам саўгасу “Іскра” Бялыніцкага раёну. І калі сам пачаў аналізаваць, пачаў даведвацца пра сапраўдную пагрозу радыяцыі. Мы тады пачалі абсьледаваць вёскі. Самае першае, што мы пачалі рабіць ў саўгасе, – гэта адводзіць пад пашу зямлю у тых месцах, дзе менш было забруджана радыяцыяй. Як там зьявілася радыяцыя, я цалкам не ўпэўнены, але кажуць, што верталёты садзілі аблокі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG