Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску адбудзецца традыцыйнае шэсьце “Чарнобыльскі шлях”


Любоў Лунёва, Менск Шэсьце пачнецца а 18-й гадзіне ад Акадэміі Навук і завершыцца ля чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай. Некалькі арганізатараў будуць знаходзіцца на плошчы Якуба Коласа, каб там сустракаць людзей і накіроўваць іх да Акадэміі Навук, на дазволенае месца збору.

У акцыі “Чарнобыльскі шлях” возьмуць удзел прадстаўнікі ўсіх палітычных партыяў і дэмакратычных грамадзкіх арганізацый, а таксама людзі з пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы раёнаў. У шэсьці будуць удзельнічаць і дзесяткі ліквідатараў. Раней яны традыцыйна адзначалі дзень Чарнобыльскай трагедыі асобна – спачатку ў царкве, а потым паміналі сваіх сяброў, якія памерлі ад узьдзеяньня радыяцыі. Менавіта сёлета ўлады пазбавілі ліквідатараў апошніх ільготаў. Арганізатары чакаюць і прадстаўнікоў палітычных партыяў Польшчы і Ўкраіны.

А 10-й раніцы ў судзе Маскоўскага раёну будзе разгледжана скарга заяўнікаў акцыі на чыноўнікаў Менгарвыканкаму, якія самавольна зьмянілі маршрут і фармат акцыі. Гаворыць адзін з заяўнікаў “Чарнобыльскага шляху” Аляксей Янукевіч:

“Натуральна, у нас няма ніякіх ілюзіяў адносна таго, што суд не прызнае рашэньне гарвыканкаму. Якое б рашэньне сёньня не прыняў суд, мы разьлічваем, што шэсьце адбудзецца па тым маршруце, які быў агучаны раней. Мы перакананыя, што “Чарнобыльскі шлях” у гэтым годзе пройдзе спакойна, без эксцэсаў і сутыкненьняў з міліцыяй”.

Актывісты моладзевага дэмакратычнага руху надзенуць майкі жоўтага колеру з выявай віртуальнага пэрсанажа “Лысага вожыка”. Франак Вячорка апавёў “Свабодзе”:

“Можна сказаць, што “Лысы вожык” стаўся сымбалем маладой генэрацыі Беларусі. Генэрацыя, якая хоча пратэставаць, але рабіць гэта не нейкім старым закасьцянелым спосабам праз нейкія традыцыйныя маршы і мітынгі, але праз нейкія творчыя акцыя, праз пэрформансы. А на “Чарнобыльскім шляху” мы разьлічваем апрануць аднаго з удзельнікаў акцыі ў строй “Лысага вожыка”. Плянуем разгарнуць вялікія плякаты”.

Міліцыя будзе працаваць у так званым узмоцненым рэжыме. Вядома, што Міколу Статкевіча, які ў вёсцы Блонь адбывае пакараньне за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму-2004, ад 8-й раніцы перавязуць у спэцкамэндатуру і будуць трымаць пакуль у Менску ня скончыцца акцыя. Мікола Статкевіч ня выключае, што аналягічныя захады прымуць у дачыненьні да Паўла Севярынца і Артура Фінькевіча.

“А 8 раніцы мяне забяруць у спэцкамэндатуру і будуць там трымаць пад кантролем, пакуль у Менску не завершацца ўсе падзеі. Цяпер гэта ўсё адбываецца больш спакойна, бо ўлада рэальна ацэньвае сытуацыю і ўсё гэта доўжыцца толькі цягам аднаго дня”.

“Чарнобыльскі шлях” пачнецца а 6-й вечара ад Акадэміі Навук. Людзі пройдуць вуліцай Сурганава да капліцы, дзе адбудзецца жалобны мітынг. Удзельнікі акцыі запаляць памінальныя сьвечкі.
XS
SM
MD
LG