Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пуцін – галоўная памылка Ельцына"


Тацяна Поклад, Прага Галоўнай тэмай ў заходнім друку сёньня застаецца асоба першага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, пахаваньне якога адбылося сёньня. Паводле заходняй прэсы, галоўная заслуга Ельцына – гэта развал СССР і сапраўдная свабода прэсы, а найвялікшая памылка – Уладзімер Пуцін.

Непасьлядоўнасьць Ельцына адкрыла шлях да ўлады чэкістам, як адзначыла амэрыканскае выданьне The Wall Street Journal у рэдакцыйным артыкуле. Таксама The Wall Street Journal сёньня падае артыкул Гары Каспарава “Спадчына Ельцына”. Каспараў піша, што Ельцын быў першым кіраўніком у расейскай гісторыі, які ня зьнішчыў сваіх супернікаў. Ён пагадзіўся на незалежны парлямэнт, аднак “характар Барыса Ельцына быў люстэркавым адбіткам дваістасьці рэжыму: у ім свабода волі змагалася з прагай улады, у выніку цёмны бок перамог і было прынятае рашэньне аб прызначэньні Пуціна”, - піша Гары Каспараў.

Брытанская газэта The Guardian у рэдакцыйным артыкуле “Разбуральнік, а не будаўнік” адзначае, што дэмакратыя ў Расеі пратрымалася толькі 2 гады, пакуль Барыс Ельцын не загадаў танкам страляць па парлямэнце.

The Washington Post у сёньняшнім артыкуле, прысьвечаным Барысу Ельцыну, называе яго рэвалюцыянэрам, “агромністай і ня маючай сабе роўных постацьцю ў расейскай гісторыі” – “першым расейскім палітыкам які меў сапраўдную падтрымку грамадзтва, які прынёс грамадзкую палітыку ў краіну, дзе стагодзьдзямі палітыка існавала ў выглядзе дварцовых пераваротаў і закулісным сваркам Палітбюро”.

А гішпанская газэта El Pais мяркуе, што сьмерць Ельцына дае Пуціну магчымасьць палепшыць свой імідж. Тым часам, адзначае газэта, у адрозьненьні ад таго, што казаў Пуцін у панядзелак праз некалькі гадзінаў пасьля сьмерці Ельцына, у сваім сёньняшнім пасланьні да парлямэнту Пуцін вельмі нэгатыўна ацаніў палітыку свайго папярэдніка.

Лідэрка партыі Дэмакратычны саюз Валерыя Навадворская на grani.ru піша пра стаўленьне дэмакратаў да Ельцына: “Гэта было не партнэрства, гэта была любоў...мы прапаведавалі любоў “варожым словам адмаўленьня”, а ён усё цярпеў і ад нас, і ад прэсы...”

Валерыя Навадворская піша, што Барыс Ельцын, атрымаўшы вялізарную ўладу, перадаў яе народу, які адразу ж выкарыстаў гэтую ўладу дзеля злога. Ельцын “літаральна за сем дзён даў Расеі тое, што яна не мела ніколі”, ён “прыйшоў нам даць волю, а Пуцін прыйшоў, каб яе адабраць – бо народу не спатрэбілася гэтая воля”.

Адное кепска, піша Навадворская, - Чачэнія, вайна, якую пачаў Ельцын. Ня было ў начной чарзе да труны чачэнцаў, на сайце іх канстатуецца: “памёр ваенны злачынца”, піша Навадворская і заклікае расейскіх дэмакратаў за тую свабоду, якую даў Ельцын, “Цар Барыс”, Расеі – “няхай кожны возьме на сябе частку пакараньня, што Барысу Мікалевічу прызначаецца за Чачэнію”.
XS
SM
MD
LG