Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Разьвітацца з Барысам Ельцыным прыйшлі тысячы людзей


Аляксей Знаткевіч, Прага Былога прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына пахавалі сёньня на Навадзевічых могілках у Маскве. 25 красавіка ў Расеі – дзень нацыянальнай жалобы. Барыс Ельцын памёр у панядзелак 23 красавіка на 77-м годзе жыцьця ад хваробы сэрца.



Шматлікія кіраўнікі замежных дзяржаў ды іншыя высокія замежныя госьці прысутнічалі на пахавальнай імшы ў Маскоўскім храме Хрыста Збаўцы. Гэты храм быў зьнішчаны падчас кіраваньня Ёсіфа Сталіна, і на месцы будынку ў савецкія часы быў басэйн. Менавіта Барыс Ельцын ў 1991 годзе загадаў аднавіць храм.

Тысячы людзей прыйшлі разьвітацца да труны Ельцына ўчора і сёньня. Многія зь іх казалі нашаму карэспандэнту пра заслугі Ельцына ў змаганьні з камуністычнай сыстэмай.

Спадарыня: "Я, напрыклад, успамінаю 1991 год. Ён даў нам адчуваньне, што ты – чалавек. Гэта самае галоўнае".

Некаторыя з былых апанэнтаў Ельцына таксама прыйшлі аддаць даніну павагі першаму прэзыдэнту Расеі. Вось што сказаў карэспандэнту агенцтва Ройтэрс Аляксандар Руцкой, былы віцэ-прэзыдэнт Расеі, які ў 1993 годзе разам зь Вярхоўным Саветам Расейскай Фэдэрацыі спрабаваў зьмясьціць Ельцына з пасады прэзыдэнта і пасьля правёў некалькі месяцаў у зьняволеньні:



"Як да чалавека, я да яго ставіўся і стаўлюся вельмі добра, бо ён меў усе якасьці, належныя добраму чалавеку. Што тычыцца палітычнай сытуацыі зь мінулага, дык гэта ўжо гісторыя – ад гэтага нікуды ня дзенесься".

У расейскім грамадзтве стаўленьне да Ельцына неадназначнае. Паводле апытаньня сацыялягічнага цэнтру Лявады ў мінулым сьнежні, 70 працэнтаў расейцаў лічаць, што ў часы кіраваньня Ельцына было зроблена больш шкоды, чым карысьці. Шмат хто вінаваціць Ельцына ў зьбядненьні насельніцтва і перадачы багацьцяў Расеі пад кантроль нешматлікіх алігархаў.

Труну зь целам Ельцына апускалі ў магілу пад гукі цяперашняга дзяржаўнага гімну Расеі, музыка якога ўзятая з гімну СССР. Барыс Ельцын толькі двойчы публічна крытыкаваў свайго пераемніка Ўладзімера Пуціна – першы раз, калі быў адноўлены савецкі варыянт гімну са старой музыкай і новымі словамі, а другі раз, калі Пуцін скасаваў выбары губэрнатараў.

Былы эканамічны дарадца Пуціна Андрэй Іларыёнаў піша сёньня ў выданьні "Ежедневный Журнал", што ў апошнія гады жыцьця Ельцын усьвядоміў сваю найвялікшую памылку – Пуціна. Паводле Іларыёнава, усё створанае Ельцыным дзеля расейскай свабоды, мэтадычна зьнішчалася і зьнішчаецца цяперашняй расейскай уладай.
XS
SM
MD
LG