Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вернікі патрабуюць зьмяніць закон аб рэлігіі


Любоў Лунёва, Менск Хрысьціяне ініцыявалі збор подпісаў для зьмены закону “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”. У адкрытым звароце да Аляксандра Лукашэнкі, у Канстытуцыйны суд і Палату прадстаўнікоў вернікі патрабуюць прывесьці закон аб рэлігіі ў адпаведнасьць з нормамі Канстытуцыі.

Зьбіральнікі подпісаў разьлічваюць, што далучацца сотні грамадзянаў розных веравызнаньняў.

На сёньняшні дзень вернікі-хрысьціяне сабралі 1089 подпісаў пад зваротам для зьмены закону “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”.

Сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Аляксей Шэін паведаміў “Свабодзе”:

“Адна з найбольш важных прыкметаў гэтай кампаніі — гэта тое, што яна не палітычная кампанія й не рэлігійная. Гэтая кампанія грамадзкая, бо яна ставіць задачу абароны найбольш важнага з грамадзкіх правоў — права на свабоду сумленьня, права, якое тычыцца ня толькі вернікаў, але й любога чалавека, які жыве ў Рэспубліцы Беларусь. Тое, што нам спрабуюць навязаць адзіна правільную ідэалёгію ёсьць таксама парушэньнем права на свабоду сумленьня”.

Праваслаўны сьвятар Сьвята-Пакроўскай царквы Аляксандар Шрамко падтрымаў ініцыятыву вернікаў-пратэстантаў.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі ён выказаў спадзяваньне, што да акцыі далучацца вернікі з усіх хрысьціянскіх канфэсіяў і нехрысьціянскіх рэлігіяў.

Пастар Царквы Ісуса Хрыста Барыс Чарнаглаз паведаміў, што прапаведнікам з Захаду чыняць перашкоды спэцслужбы.

“Апошнім часам шмат фактаў, калі сьвятароў грамадзянаў іншых краінаў пачынаюць “прэсаваць” супрацоўнікі спэцслужбаў. Яны чакаюць іх у самых розных месцах. Напрыклад, выклікаюць чалавека ў пашпартна-візавы аддзел, а там яго чакае супрацоўнік КДБ і пачынае задаваць розныя пытаньні, ціснуць на чалавека. Як вынік, пашпартна-візавыя службы адмаўляюцца такім людзям працягваць візы. Ёсьць некалькі выпадкаў, калі сьвятары выехалі за мяжу, а потым іх не пусьцілі назад”.

Справу царквы “Новае жыцьцё” Вышэйшы гаспадарчы суд прыпыніў на няпэўны тэрмін. Вернікі тлумачаць гэта тым, што ўлады ня хочуць ствараць судовага прэцэдэнту, бо шмат пратэстанцкіх суполак зьліквідавалі на падставе закону аб рэлігіі, але яшчэ большай колькасьці пагражае ліквідацыя.

Вячаслаў Ганчарэнка не выключае, што калі вернікам адмовяць, яны распачнуць масавую акцыю пратэсту.
XS
SM
MD
LG