Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Хівук: “Адзіная краіна, у якой я хацеў бы жыць – Беларусь”


Вольга Караткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – Павал Хівук, актывіст Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня.

Караткевіч: “Павал, раскажыце, калі ласка, пра вашую арганізацыю”.

Хівук: “Беларуска-эўрапейскае задзіночаньне было заснавана ў 2003 г. у Бэльгіі, у горадзе Антвэрпэн. З самага пачатку заснаваньня БЭЗ я зьяўляюся сябрам гэтай арганізацыі. Арганізацыя гэтая на цяперашні момант больш займаецца палітычным жыцьцём, але ж не забывае пра культурнае жыцьцё. Палітычнае жыцьцё – ладжаньне пікетаў, ня толькі на тэрыторыі Бэльгіі, але і па-за яе межамі. Пікеты звычайна прысьвечаныя актуальным падзеям у Беларусі. Калі выбары праходзілі, гэта было вельмі мабілізавана, і не ў адной Бэльгіі – я як сябра БЭЗу арганізоўваў пікеты ў Парыжы. Што да культурнага жыцьця, дык гэта ладжаньне вечарынаў, сустрэчаў...”

“Калі б нам такую арганізацыю і мабілізацыю ў Беларусі, як у Францыі...”

Караткевіч: “А хто вам дапамагае арганізоўваць – нейкія мясцовыя моладзевыя арганізацыі, ці ўсё сваімі сіламі?”

Хівук: “Па вялікім рахунку, сваімі сіламі. Аргкамітэт БЭЗу – людзі, якія больш за ўсё заангажаваныя, – усім гэтым займаецца”.

Караткевіч: “Сёньня – Міжнародны дзень салідарнасьці моладзі. Ці адчуваецца салідарнасьць паміж моладзьдзю ў Францыі, дзе вы жывяце, паміж эмігрантамі з розных краінаў – ці ўсё неяк аўтаномна?”

Хівук: “У Францыі салідарнасьць моладзі была відавочная ў мінулым годзе, калі ўсе ўнівэрсытэты проста не працавалі, таму што была поўная салідарнасьць усіх студэнтаў, калі яны выступалі супраць новага закону адносна разьмеркаваньня на працы. Тады насамрэч была адчувальная салідарнасьць – ува ўсіх гарадах, куды ні паедзеш, паўсюль былі студэнты, яны не вучыліся, раздавалі ўлёткі... Калі б нам такую арганізацыю і мабілізацыю ў Беларусі, гэта сіла, насамрэч”.

Караткевіч: “Вы нарадзіліся ў 1982 годзе пад Берасьцем, скончылі тэхнікум па спэцыяльнасьці прамыслова-грамадзянскае будаўніцтва, адвучыліся першы сэмэстар у Берасьцейскім палітэхнічгным унівэрсытэце. Пасьля прыпынілі навучаньне. Якія былі прычыны?”

Хівук: “Самыя розныя. Першая – што вялікая сям’я, і ў мяне проста не было магчымасьці вучыцца. Па-другое – гэта маё актыўнае палітычнае жыцьцё, і верагоднасьць таго, што я б застаўся ў гэтым унівэрсытэце, нягледзячы на тое, штоя быў адным зь лепшых студэнтаў, была невялікая. Таму проста было прынята рашэньне самому забраць дакуманты. І я зараз не шкадую, што я гэта зрабіў, усё адно б знайшлі прычыны, паводле якіх мяне адлічылі б адтуль з ганьбаю”.

Караткевіч: “Вы цяпер у Лілі вывучаеце францускую мову ва ўнівэрсытэце дэ Голя, а таксама працуеце. Раскажыце пра сваю працу”.

Хівук: “Я працую ў экалягічным сэрвісе пры мэрыі маленькага гораду непадалёк ад Ліля. Праца ў мяне розная, яна мяняецца кожны дзень. Адзін з заняткаў – гэта прэзыдэнцкія выбары ў Францыі. Што цікава: тут для таго, каб агітаваць, адведзеныя спэцыяльныя месцы, дзе можна расклейваць і налепкі, і афішы, і раздаваць улёткі – у адрозьненьне ад нас... І графіці, і налепкі ў неадведзеных месцах, само сабой, ёсьць. Пэрыядычна трэба гэта змываць, адлепліваць. Вось гэтым мы і займаемся. Скончацца выбары – пачнецца іншая праца... У асноўным гэта экалёгія, сачыць, каб быў парадак у горадзе”.

Караткевіч: “А ўлёткі якога кандыдата былі самыя адметныя?”

Хівук: “Жан Мары Лё Пэна”.

Караткевіч: “І ў чым была адметнасьць?”

Хівук: “У тым, што яны былі расклееныя ня там, дзе трэба, заклеілі ўсе дарожныя знакі”.

Караткевіч: “А вось танальнасьць мовы і заклікаў у кандыдатаў адрозьнівалася – нейкай агрэсіўнасьцю там, ці ўсё так роўна было?”

Хівук: “У прынцыпе, усё было роўна. У Лё Пэна – “Галасуйце за Лё Пэна”, у Сарказі – “Разам мы сіла”. Раяль – упор на тое, што калі яна стане прэзыдэнтам, яна будзе першая ў гісторыі Францыі прэыдэнтка...”

Караткевіч: “А вам хто больш сымпатычны з кандыдатаў, якія выйшлі ў другі тур?”

Хівук: “Каб аддаць перавагу камусьці, я не магу, але я прытрымліваюся правых ідэяў, а значыцца – Сарказі...”

“Усё ж такі лепшай краіны за Беларусь няма”

Караткевіч: “А ў якой яшчэ краіне вы б хацелі пажыць, Павал?”

Хівук: “Адзіная краіна, напэўна, у якой я хацеў бы жыць – гэта Беларусь. Пажыўшы ў Эўропе, паглядзеўшы на Францыю і на Бэльгію, усё ж такі лепшай краіны за Беларусь няма. Людзі, якія кажуць пра тое, што хацелі б недзе жыць, яны проста не жылі па-за межамі Беларусі. Ёсьць такая песьня – "Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць..."

Караткевіч: “Якія ў вас пляны ў Францыі?”

Хівук: “Зараз я паступаю працягваць далей сваю вучобу па спэцыяльнасьці будаўніка. Падаю дакумэнты на стыпэндыю, гэта будзе непадалёк ад Ліля – калі паступлю...”

Караткевіч: “Вы выкладаеце беларускую мову і для гэтага езьдзіце ў Антвэрпэн. Хто цікавіцца беларускай мовай?”

Хівук: “Дзіцячая школка арганізаваная ў нас пры царкве. Людзі, якія прыходзяць на набажэнства ў царкву, пакідаюць сваіх дзяцей на мяне, і на працягу службы мы зь дзецмі займаемся ў нядзельнай школцы. Яна праходзіць толькі ў нядзелю, я адмыслова для гэтага ежджу ў Антвэрпэн – дзьве гадзіны цягніком туды, дзьве назад. Выкладаецца там беларуская мова – гэта дзеці беларусаў, якія жывуць у Антвэрпэне...”

“Дзеці такія асобы, для якіх трэба заўсёды нешта мяняць”

Караткевіч: “Вы, відаць, пэдагагічнай адукацыі ня маеце – гэта проста нейкія размовы, ці вы распрацавалі свой спэцыяльны плян?”

Хівук: “Пачыналася гэта з таго, што на мяне паглядзелі, сказалі: “Паша, мы бачым, што ты мог бы зь дзецьмі займацца...” Я спачатку вагаўся, потым кажу – паспрабую... Дзецям спадабалася, але ж дзеці такія асобы, для якіх трэба заўсёды нешта мяняць, прыдумляць нешта новае, бо калі будзе ўвесь час адно і тое ж, то ім будзе нецікава – яны гэтым займаюцца на працягу тыдня ў школе. Таму ўвесь час я шукаю нейкія падручнікі, замаўляю зь Беларусі, і нейкія кніжкі цікавыя, вершы зь імі вучым... Увесь час нешта новае прыдумваецца, каб іх зацікавіць.

Яшчэ складана, што дзеці рознага ўзросту ў нашай школцы, таму трэба ўсё ж такі для кожнага знайсьці падыход. А яшчэ мне пэдагагічна дапамагае Алена Бельская, прыяжджае з Брусэлю... Ёсьць пяць чалавек дзяцей, якія прыходзяць стала, а так мы маем да 10 чалавек...”

Караткевіч: “Вы казалі пра кніжкі, падручнікі – а сучасную літаратуру чытаеце – сам для сябе?”

Хівук: “Пры царкве ёсьць бібліятэка, якой я таксама займаюся, яна з кожным днём расьце, ужо месца не хапае... Апошняе, што я чытаў – Быкава, Натальлю Арсеньневу, Ларысу Геніюш. Зараз мне трапіўся пераклад на беларускую мову Дастаеўскага, яго чытаю. Вершы Дануты Бічэль, Караткевіча – я людзям раю тое, што я сам прачытаў. Ёсьць што чытаць, і вельмі цікава”.

Караткевіч: “Што зь беларускай музыкі вы слухаеце?”

Хівук: “Усё, што ёсьць на беларускай мове. Нельга сказаць, што нешта падабаецца больш, нешта менш... Пад кожны настрой свая музыка ёсьць”.

“Веру, што беларусы ўсё ж такі ўрэшце зразумеюць, што яны беларусы, а не малодшыя браты расейцаў”

Караткевіч: “Вы захапляецеся гістарычнай літаратурай – па беларускай гісторыі, па эўрапейскай?”

Хівук: “Па ўсёй. Мне са школы падабалася чытаць Баляслава Пруса, Марыса Друона... Чамусьці мяне заўсёды прыцягвала сярэднявечча. У свой час я захапляўся яшчэ Хэмінгуэем, Рэмаркам, Маркэсам. З Нобэлеўскіх ляўрэатаў я, напэўна, усё чытаў з таго, што нам раілі ў тэхнікуме”.

Караткевіч: “26 красавіка – гадавіна чарннобыльскай катастрофы. У якім кантэксьце гавораць у Францыі пра Чарнобыль, і ці ўзгадваюць Беларусь?”

Хівук: -У адрозьненьне ад Бэльгіі, у Францыі людзі больш дасьведчаныя, што да Чарнобыля. Таму калі ім нагадаеш пра Чарнобыль, усе ведаюць, што гэта. Прафэсар Бандажэўскі чытаў лекцыі ня так даўно ў Парыжы на тэму Чарнобыля. Людзі ведаюць і спачуваюць, хаця асабліва дапамогі не аказваюць...”

Караткевіч: “Ува што верыце вы?”

Хівук: “Веру ў тое, што беларусы ўсё ж такі ўрэшце зразумеюць, што яны беларусы, а не малодшыя браты расейцаў. А калі гэта дойдзе да іхнай сьвядомасьці, тады можна будзе будаваць краіну”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG