Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Са 110 дэпутатаў Палаты Чарнобыльскую зону пажадалі наведаць толькі 8


Уладзімер Глод, Менск Расейская Фэдэрацыя мае прэтэнзіі да якасьці беларускай ялавічыны. У прыватнасьці, расейскія экспэрты занепакоеныя павышанай доляй стронцыю ў костках жывёлы. Пра гэта сёньня паведаміў у Палаце прадстаўнікоў старшыня чарнобыльскай камісіі Віталь Кулік. Інфармацыю пацьвердзіў і віцэ-прэм’ер Аляксандар Касінец.

Сёньня Палата прадстаўнікоў аналізавала выкананьне рэкамэндацыяў, якія зацьвердзілі год таму на парлямэнцкіх слуханьнях “Чарнобыль: дваццаць гадоў пасьля”.

Старшыня чарнобыльскай камісіі спадар Кулік у сваім аглядзе адзначыў:

“Ёсьць праблемы з прысутнасьцю стронцыю-90 у костках жывёлы. І хаця гэтая норма ў нашай краіне яшчэ ня дзейнічае, пры пастаўках мяса ў Расею там могуць быць, і ўжо ёсьць, некаторыя праблемы”.

Дэпутат Кулік зрабіў і такое прызнаньне:

“Колькасьць населеных пунктаў, дзе рэгістраваліся пробы малака ў прыватных гаспадарках зь перавышэньнем дапушчальнага ўзроўню цэзію-137 менш на 27% — параўнальна з 2005 годам.

Але ўсё роўна пакуль у 88 населеных пунктах малако паводле ўзроўню цэзію-137 усё яшчэ перавышае дапушчальныя нормы”.

Віцэ-прэм’ер Аляксандар Касінец спрабаваў супакоіць прысутных. Ён прызнаў прэтэнзіі Расеі справядлівымі. А наконт малака паведаміў: усё яно перапрацоўваецца ў масла. У такім выпадку, патлумачыў дзяржаўны чыноўнік, узровень цэзію зьмяншаецца да дапушчальнай нормы.

Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Іван Нікітчанка так камэнтуе словы віцэ-прэм’ера:

“Наконт масла ён мае рацыю. Але ж ён не сказаў пра іншае — куды ідзе сыроватка? Быкам, якіх потым забіваюць. І гэтае мяса шкоднае для здароўя”.

Некаторыя дэпутаты крытыкавалі правядзеньне сёньняшняга паседжаньня.

Прынамсі, Юры Кулакоўскі адзначыў, што нельга разглядаць чарнобыльскага пытаньня апошнім на парадку дня, калі ў Авальнай залі засталіся толькі 72 дэпутаты і адна тэлекамэра.

А Мікалай Куцко агучыў такі факт — у Палаце 110 чалавек. Для паездкі ў чарнобыльскія раёны замовілі аўтобус на пяцьдзясят месцаў. А паехалі туды толькі восем дэпутатаў.
XS
SM
MD
LG