Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

М.Гэкер: сьмерць Ельцына — вялікая страта для Эўропы


Іна Студзінская, Менск 25 красавіка, калі ў Маскве хавалі Барыса Ельцына, у амбасаду Расеі ў Беларусі прыходзілі беларусы й замежныя грамадзяне, каб пакінуць запіс у кнізе спачуваньняў.

Над амбасадай Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі прыспушчаны расейскі дзяржаўны трыкалёр.

У амбасаду ў першай палове дня прыйшлі прадстаўнікі дыпляматычных місіяў многіх дзяржаваў сьвету — амбасадары Кітаю, Віетнаму, Румыніі, Сэрбіі, Нямеччыны.

Ацэнку асобы Ельцына даў надзвычайны й паўнамоцны пасол Нямеччыны ў Беларусі Марцін Гэкер:

“Гэта вялікая страта для Эўропы. Гэта была знакавая фігура для мірнага разьвіцьця Эўропы. Гэта вялікая страта й для нас, немцаў, якія жылі ў час Сталіна і якія бачылі, як разьвівалася новая Расея”.

У расейскую амбасаду прыносілі кветкі й простыя грамадзяне Расеі й Беларусі, пакідалі шчырыя словы спачуваньня й смутку.

Прыйшлі настаўнікі менскіх школаў:

“Мы вельмі перажываем і смуткуем, бо Барыс Мікалаевіч Ельцын вельмі шмат зрабіў ня толькі для Расеі, але і для Беларусі. Мы прыйшлі як прадстаўнікі сярэдняй школы №70, якая сябруе з расейскай амбасадай. Мы прыйшлі выказаць свае спачуваньні й смутак з нагоды сьмерці сапраўды вялікага, актыўнага палітычнага дзеяча, які зрушыў Расею зь мёртвай кропкі”.

“На вашу думку, якая роля Барыса Ельцына для Беларусі?”

“Вялікае значэньне для Беларусі мелі і Белавескія пагадненьні, і ўсё далейшае разьвіцьцё палітычных падзеяў”, — мяркуе настаўніца менскай школы.

Пакінуць словы спачуваньня прыйшла й сям’я вярхоўнага атамана аб’яднаньня беларускага казацтва Мікалая Ўлаховіча.

Спадар Улаховіч паводле службовых справаў сустракаўся зь Ельцыным, меў гутарку ў працоўным кабінэце Барыса Мікалаевіча пасьля таго, як той падпісаў указ аб адраджэньні казацтва:

“Ён узьняў чатырохмільённы пласт казакоў у Расеі і гэтым адрадзіў казацтва ў краінах СНД. Прызнаваў, паважаў як казакоў Расеі, так і казакоў Беларусі і Ўкраіны. Мы сёньня сюды прыйшлі і смуткуем па гэтым упартым, моцным, валявым чалавеку”.
XS
SM
MD
LG