Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вырашаць АЭС праблему глябальнага пацяпленьня?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Доўгі час здавалася, што чарнобыльская катастрофа назаўсёды пахавала пэрспэктывы ядзернай энэргетыкі. Тым часам чалавецтва апынулася перад новым выклікам – глябальным пацяпленьнем. Навукоўцы зьвязваюць яго найперш з выкідамі ў атмасфэру прадуктаў згараньня прыроднага паліва. І будаўніцтва атамных электрастанцыяў зноў становіцца актуальным.

Прадстаўнік Усясьветнай Ядзернай Асацыяцыі Іэн Гор-Лэйсі падкрэсьлівае, што праблему глябальнага пацяпленьня нельга вырашыць без разьвіцьця ядзернай энэргетыкі:

“Цяжка ўявіць сабе, як можна ва ўсім сьвеце дамагчыся зьмяншэньня выкідаў у атмасфэру прадуктаў згараньня бязь ядзернай энэргіі. Ядзерная энэргія – галоўная тэхналёгія, якая гатовая быць пашыраная ў нашмат большым маштабе дзеля выпрацоўкі электрычнасьці бяз выкідаў прадуктаў згараньня”.

Ён адзначае, што ў сьвеце працуюць 440 рэактараў, каля 30 новых станцыяў будуюцца. І калі рабіць стаўку на ядзерную энэргетыку ў змаганьні з глябальным пацяпленьнем, дык гэтую колькасьць рэактараў трэба павялічыць у чатыры разы.

Аднак эколягі не пагаджаюцца з гэтым гледзішчам і працягваюць расцэньваць АЭС як сьмяротна небясьпечныя. Роджэр Хігман з арганізацыі “Сябры Зямлі” кажа:

“Атамныя станцыі маглі б быць часткай вырашэньня праблемы глябальнага пацяпленьня, але радыяактыўныя адкіды застаюцца небясьпечнымі на дзясяткі тысяч гадоў, і яны непасрэдна асацыююцца зь ядзернай зброяй. Гэта можа дорага каштаваць.Таму мы верым, што ёсьць лепшыя спосабы разьвязаньня праблемы глябальнага пацяпленьня, чым ядзерная энэргія”.

Хігман пералічвае ўсе альтэрнатывы ядзернай энэргіі – ад сонечнай і ветравай энэргіі да ўдасканаленьня эфэктыўнасьці праграмаў энэргазьберажэньня. Праціўнікі ядзернай энэргетыкі даводзяць таксама, што пад прыкрыцьцём праграмаў здабыцьця энэргіі ў мірных мэтах ядзерныя тэхналёгіі могуць выкарыстоўвацца для вытворчасьці бомбаў. Менавіта ў гэтым сёньня падазраюцца такія краіны, як Іран і Паўночная Карэя.

Тым часам, саркафаг, збудаваны вакол радыяактыўных руінаў чарнобыльскага рэактара, разбураецца. Новы саркафаг коштам адзін мільярд даляраў, які будуе амэрыканска-эўрапейскі кансорцыюм, будзе гатовы налета. Але на тым доўгі шлях чарнобыльскай гісторыі ня скончыцца.
XS
SM
MD
LG