Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін патрабуе завесьці крымінальныя справы на А.Лукашэнку


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ад імя Аляксандра Казуліна ў пракуратуру Беларусі накіраваныя адразу некалькі заяваў з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці Аляксандра Лукашэнку.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта патрабуе, каб генэральны пракурор Беларусі Пятро Міклашэвіч завёў крымінальныя справы на Аляксандра Лукашэнку.

Адпаведныя заявы накіраваў ад імя Аляксандра Казуліна ягоны грамадзкі абаронца Ігар Рынкевіч, які нядаўна сустракаўся з палітвязьнем у калёніі “Віцьба-3”.

У чым, паводле Аляксандра Казуліна, пракуратура мусіць падазраваць Аляксандра Лукашэнку?

Найперш гэта наступствы рэфэрэндумаў 1996 і 2004 гадоў, якія Аляксандар Казулін лічыць захопам улады. Тады быў распушчаны Вярхоўны Савет і на два гады адсунутыя прэзыдэнцкія выбары, а пасьля рэфэрэндуму 2004 году Аляксандар Лукашэнка атрымаў магчымасьць вылучацца на прэзыдэнта трэці раз.

Таксама Аляксандар Казулін прапануе разгледзець магчымы ўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў выкраданьні апазыцыянэраў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Былы кандыдат на прэзыдэнта бачыць у дзеяньнях Лукашэнкі “захаваньне незаконнай улады, што мела наступствам сьмерць людзей”, паведаміў Ігар Рынкевіч.

Пры гэтым абаронца зазначыў, што Аляксандар Казулін разумее марнасьць сваіх спробаў:

“Гэта паказчык ягонай грамадзянскай пазыцыі. Напярэдадні разгляду касацыйных скаргаў на прысуд Казуліну ў Вярхоўным Судзе ён дэманструе прынцыпы, якімі не гандлюе. Таксама яшчэ раз дэманструе стаўленьне да легітымнасьці Лукашэнкі, і што ён не чакае палёгкі ад рашэньня Вярхоўнага Суду”.

Нагадаем, у пачатку красавіка адвакаты Аляксандра Казуліна падалі ў Вярхоўны Суд Беларусі скаргі на прысуд, які вынес Маскоўскі раённы суд Менску і пакінуў бязь зьмены гарадзкі суд.

Вярхоўны Суд мусіць разгледзець гэтыя скаргі не пазьней за пачатак траўня. Абаронца нагадвае, што гэта будзе апошняя спроба аспрэчыць прысуд Аляксандру Казуліну, паводле якога ён зьняволены на пяць з паловай гадоў.

Далей абаронцы зьбіраюцца зьвяртацца ў міжнародныя судовыя інстанцыі.

Днямі ў калёнію “Віцьба-3”, каб наведаць Аляксандра Казуліна, выправіцца адвакат Зьміцер Гарачка.

Ігар Рынкевіч, які болей за год аказваў палітыку адвакацкія паслугі, на мінулым тыдні быў звольнены з калегіі адвакатаў паводле ўласнага жаданьня. Ігар Рынкевіч тлумачыць гэты крок ціскам на яго з палітычных прычынаў і заяўляе, што зьбіраецца далей абараняць спадара Казуліна як грамадзянін.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін знаходзіцца за кратамі ад леташняга Дня Волі, калі ён узначаліў шэсьце пратэсту да турмы, дзе трымалі палітычных вязьняў. Арышт і прысуд Аляксандар Казулін тлумачыць помстай яму за крытыку Аляксандра Лукашэнкі падчас выбарчай кампаніі.
XS
SM
MD
LG