Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У чарнобыльскую зону ў 1986 годзе мяне гвалтам загнаў райваенкамат”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Штогоду ў апошнія красавіцкія дні ў нашай пошце нямала лістоў ад тых нашых слухачоў, якія разважаюць над праблемамі Чарнобылю, з вышыні гадоў спрабуюць асэнсаваць урокі й прычыны трагедыі, што напаткала Беларусь дваццаць адзін год таму.

Віктар Буто зь Менску — адзін з тых соцень тысяч людзей, якія пасьля 26 красавіка 1986 году вымушаныя былі паехаць у чарнобыльскую зону, каб пасьля катастрофы ратаваць насельніцтва й маёмасьць.

Ехаць туды добраахвотна спадар Буто не зьбіраўся. У сваім лісьце ён згадвае:

“У зону мяне гвалтам загнаў Савецкі райваенкамат Менску. Я ў той час навучаўся на курсах вадзіцеляў тралейбуса, і накіроўваць мяне ня мелі права. Але яны на гэта не глядзелі.

Паслалі тэхнікам вайсковай часткі, і трымалі ў 30-кілямэтровай заражанай радыяцыяй зоне, зь якой было высланае насельніцтва, з 22 ліпеня да 27 лістапада.

Там жа нягоднікі ў пагонах 9 верасьня зрабілі мяне аднарукім непрацаздольным інвалідам — пасьля таго як я, выконваючы абавязкі дзяжурнага вайсковай часткі, не дазволіў п’яным марадэрам скрасьці харчы з кухні. Пасьля таго выпадку два тыдні правёў у шпіталі”.


Далей у сваім лісьце Віктар Буто апісвае сваё жыцьцё пасьля Чарнобылю. А яно ў многім складаецца з адстойваньня правоў ліквідатара:

“У мяне адабрана здароўе, я ператварыўся ў непрацаздольнага інваліда. І ўсё роўна вымушаны працаваць на няўдзячнай, небясьпечнай і вельмі цяжкай працы ў “Зелянбудзе”. Вымушаны прымаць шмат лекаў, каб неяк жыць.

У свой час такім, як я, савецкі ўрад даў нямала льготаў і прывілеяў. Але ад сьнежня 1991 году гэтыя правы ўвесь час адбіраюцца або парушаюцца тымі, хто не зьяўляецца ліквідатарамі, празь бязглуздыя й бесчалавечныя законы, пастановы ды ўказы. Я спрабую адстойваць свае правы, і праз гэта мяне шмат разоў прыніжалі і зьневажалі”.


Можна паспачуваць, спадар Буто, вам і такім, як вы. Хоць вярнуць усе былыя льготы наўрад ці магчыма. Напрыканцы 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў беларускі й расейскі парлямэнты, імкнучыся спадабацца выбарцам, на хвалі папулізму гэтых льготаў не шкадавалі.

І выявілася, што толькі ў Беларусі рознага кшталту прывілеямі былі надзеленыя некалькі мільёнаў чалавек — чвэрць насельніцтва. Які бюджэт здольны вытрымаць такую нагрузку?

Іншая рэч, што тыя людзі, якія сапраўды былі накіраваныя дзяржавай у небясьпечную зону й страцілі там здароўе й працаздольнасьць, павінны мець годныя кампэнсацыі й пэнсіі.

Ліст зь вёскі Няжараўка Любанскага раёну, ад нашага слухача Міколы Мілаша — таксама на тэму наступстваў Чарнобылю:

“26 красавіка ў Менску на “Чарнобыльскі шлях” выйдуць многія прыхільнікі руху за тое, каб абараніць яшчэ жывых пакутнікаў ад зьдзекаў, што чыніць улада, каб аднавіць для пацярпелых сыстэму рэабілітацыі, якая з надуманых прычынаў скасоўваецца.

Аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху” зусім справядліва адзначае: па часе зацісканьня дэмакратыі ўлада Беларусі памяняла стаўленьне да нацыянальнай бяды, таму што чарнобыльская праблема перашкаджае імітаваць росквіт краіны.

У выніку такога клопату пра народ славуты “росквіт” трашчыць па ўсіх швах: народ вымірае, а генацыд нацыі працягваецца ў сталінскіх умовах”.


Думаю, спадар Мілаш, тэрмінамі “генацыд” і “сталінскія ўмовы” варта карыстацца ўсё ж больш абачліва. Вядома, улада зусім не спрыяе арганізатарам “Чарнобыльскага шляху”, і погляды ўлады й апазыцыі на праблему наступстваў Чарнобылю вельмі адрозьніваюцца.

Тым ня менш, усе гэтыя гады “Чарнобыльскі шлях” вуліцамі Менску праходзіць — нягледзячы на ўсе перашкоды й абмежаваньні.

На тэму адказнасьці ўлады за лёс ахвяраў Чарнобылю разважае ў сваім лісьце наш даўні слухач, адстаўны афіцэр Мікола Канаховіч з Пружанаў:

“Тыя, хто наўпрост ці ўскосна вінаватыя ў гэтай трагедыі, ня толькі не панесьлі адпаведнага пакараньня, а наадварот — сёньня займаюць высокія дзяржаўныя пасады альбо ўплываюць на дзяржаўную палітыку.

За апошнія гады яны нават набраліся нахабства і ўжо распачалі рыхтаваць будаўніцтва новай АЭС — цяпер ужо на тэрыторыі самой Беларусі. Нават не спэцыялісту добра вядома, што будаўніцтва АЭС Беларусі эканамічна нявыгаднае, а галоўнае — гэта небясьпечна, бо ніхто ня можа гарантаваць бясьпеку на атамнай станцыі”.


Далей у сваім лісьце Мікола Канаховіч згадвае пачатак 1990-х гадоў, калі дэмакратычная апазыцыя ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня беспасьпяхова спрабавала ўзьнімаць пытаньне кампэнсацыі за страты, якія панесла Беларусь ад наступстваў Чарнобылю.

Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Парлямэнцкая большасьць тады катэгарычна адмовілася ад спагнаньня з Расеі трохсот мільярдаў даляраў. А потым прэзыдэнт Лукашэнка паставіў у гэтым пытаньні кропку, і ўжо назаўсёды — бо тэрмін даўнасьці, калі можна было празь міжнародны суд узьняць гэта пытаньне, скончыўся ў 1996-м годзе.

Цяпер засталося апошняе: штомесяц 26-га чысла ва ўсіх незалежных СМІ пайменна называць здраднікаў, якія ў Вярхоўным Савеце галасавалі супраць кампэнсацыі стратаў Расеяй. Беларускі народ павінен ведаць і памятаць тых, хто яго абакраў.

Калі б тады яны прагаласавалі так, як трэба, дык сёньня не паўставала б пытаньня пра энэргетычную бясьпеку Беларусі”.


Нават калі б усе дэпутаты тады дружна прагаласавалі за тое, каб спагнаць з Расеі 300 мільярдаў даляраў, гэта зусім не азначала б, спадар Канаховіч, што Расея паслухмяна пагадзілася б тыя мільярды заплаціць.

Асабліва тады, на пачатку 1990-х, калі сама яна жыла фактычна ў доўг, на пазыкі заходніх дзяржаў. Зь іншага боку, выкарыстоўваючы прарасейскую рыторыку, беларускі рэжым усе гэтыя паўтара дзесяцігодзьдзя меў магчымасьць атрымліваць паводле заніжаных коштаў расейскія нафту і газ.

Атрыманыя такім чынам сумы вымяраюцца дзясяткамі мільярдаў даляраў, і абвінавачаныя вамі, спадар Канаховіч, дэпутаты могуць апэляваць да гэтага факту: калі б тады пасварыліся з Расеяй, мільярдаў гэтых, хутчэй за ўсё, не атрымалі б.

А ўвогуле, пытаньне адказнасьці за Чарнобыль складанае і супярэчлівае. Як, зрэшты, і пытаньне будаўніцтва новай АЭС на тэрыторыі Беларусі.

Вашае, спадар Канаховіч, катэгарычнае сьцьвярджэньне, што такі аб’ект для Беларусі эканамічна нявыгадны — памылковае. Электраэнэргія, атрыманая на атамнай станцыі, для Беларусі, якая фактычна ня мае ўласных газу і нафты, была б значна таньнейшая, чым выпрацаваная на цеплавых станцыях.

Іншая рэч — праблема бясьпекі. Але ўжо сёньня зусім побач зь беларускай мяжой ажно чатыры атамныя станцыі суседніх Расеі, Украіны і Літвы. І ў гэтым сэнсе адчуваць сябе бясьпечна ад так званага “мірнага атаму” Беларусь усё роўна ня можа.

25 красавіка ў Маскве хаваюць Барыса Ельцына — першага прэзыдэнта новай Расеі, палітыка, зь імем якога зьвязаны крах камуністычнай сыстэмы і распад Савецкага Саюзу, узьнікненьне на постсавецкай прасторы новых незалежных дзяржаваў, у тым ліку і Беларусі.

Аўтар аднаго з электронных лістоў на гэту тэму — Алесь Восіпаў зь Менску. Слухач піша:

“Чамусьці ўсе цяпер узгадваюць толькі пра тое, што Ельцын спрыяў распаду Савецкага Саюзу і незалежнасьці былых савецкіх рэспублік.

А эпапэя са стварэньнем так званай “саюзнай дзяржавы” — хіба гэта ня ельцынскія штучкі? Праз усё гэта мы ледзь незалежнасьць ня страцілі. Калі б Лукашэнка выявіў тады больш спрыту і вынаходлівасьці, зусім магчыма, жылі б мы сёньня ўжо ў зусім іншай дзяржаве.

Асабіста мне падалося дзіўным, што Ельцына станоўча ацэньваюць і Шушкевіч, і Лукашэнка. Аб чым, калі не аб непасьлядоўнасьці палітыка, гэта можа сьведчыць?”


Вядома, спадар Восіпаў, Барыс Ельцын быў супярэчлівым палітыкам, у багатай біяграфіі якога лёгка знайсьці шмат эпізодаў, за якія яго з аднолькавым імпэтам могуць усхваляць альбо асуджаць і правыя, і левыя, і камуністы, і лібэралы, і Шушкевіч, і Лукашэнка.

Ланцуг фактаў, якія цяжка абвергнуць: бяз волі Ельцына цяжка ўявіць Віскулёўскія пагадненьні 1991 году. А безь Віскулёў наўрад ці можна было казаць пра незалежнасьць Беларусі.

Хоць, зь іншага боку, дарога ў Белавескую пушчу пралягала праз жорсткі паядынак за ўладу ў Крамлі паміж Гарбачовым і Ельцыным, і Віскулі былі лягічным фіналам гэтага паядынку.

Барыс Ельцын, якога хваліць Аляксандар Лукашэнка, — гэта іншы Ельцын, узору другой паловы 1990-х гадоў, калі ён нейкім чынам імкнуўся ўлагодзіць імпэрскія крыўды й прыніжэньні сваіх суайчыньнікаў, якія не маглі дараваць яму распаду СССР.

І гульні ў “саюзную дзяржаву” былі ў той момант для расейскага прэзыдэнта зусім лягічнымі. Хоць тое, што ні да якога плённага для Лукашэнкі выніку яны не прывялі — гэта таксама наступства палітыкі Ельцына.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG