Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Э.Багдонас: “Мы знойдзем спосаб, каб беларусам ня трэба было стаяць у чэргах па візы”


Ганна Соўсь, Менск Надзвычайны й паўнамоцны амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас даў інтэрвію Радыё Свабода.

Слухаць фрагмэнты інтэрвію:



“А мяне папярэдзілі, што тут нацыянальны напой крыху іншы”

Ганна Соўсь: “Спадар амбасадар, што ў першыя месяцы ў Беларусі зрабіла на вас найбольшае ўражаньне? А што не апраўдала чаканьняў?”

Эдмінас Багдонас: “Пакуль яшчэ рана гаварыць, што не апраўдала чаканьняў, паколькі я прыехаў у Беларусь зусім нядаўна, 1 лютага.

А што ня тое што ўразіла, а прыемна зьдзівіла, так гэта вельмі добрае стаўленьне беларусаў да літоўцаў. Гэта нават не пазыцыя, а спрадвечна ад душы ідзе — вельмі добразычлівае стаўленьне да літоўцаў.

І гэта вельмі радуе мяне як дыплямата. Думаю, што тут адыгрываюць ролю нашы агульныя гістарычныя карані, ваша мова, якой карысталіся нашы й вашы князі Вялікага Княства Літоўскага”.

Соўсь: “Узначальваць дыпмісію ў суседняй краіне, а тым больш у Беларусі — дастаткова адказная і няпростая задача. Як часам жартуюць дыпляматы, гэта той кірунак, дзе сапраўды трэба працаваць. Які наказ давалі вам калегі? Чаго варта пазьбягаць літоўскаму амбасадару, а на чым акцэнтаваць увагу?”

Багдонас: “Ведаеце, я аматар віна, асабліва пасьля працы ў Італіі. У сям’і падчас вячэры ці на сустрэчы зь сябрамі заўсёды п’ем віно. А мяне папярэдзілі, што тут, як і ў нас у Літве, нацыянальны напой крыху іншы. Гэта што тычыцца гумарыстычных наказаў...”

Соўсь: “І які ж нацыянальны напой?”

Багдонас: “Самагон. Пілі яго ў Дудутках і ў Белавескай пушчы… Што да працы, то я ні ў якім разе не гавару, што яе было меней за Італію, Швайцарыю, Мальту, Сэрбію й Чарнагорыю ці тую ж Ўкраіну, дзе я раней працаваў.

Тут проста іншая спэцыфіка. У той жа Італіі візавых пытаньняў практычна не было. А тут я штодня сутыкаюся, паколькі, на жаль, паміж нашымі краінамі ёсьць візавы рэжым.

Да таго ж больш за 800 мільёнаў даляраў тавараабароту паміж Літвой і Беларусьсю — гэта таксама карэктуе павестку дня.

Але найвялікшая мая праблема тут — мне мала 24 гадзінаў у суткі. Такая спэцыфіка, што тут адна з найбольш працаёмістых дыпляматычных пазыцыяў.

Сталы кантакт зь людзьмі. Ты ня можаш ні расслабіцца, ні адвярнуцца. Ня маеш права не зьвярнуць увагу на тое, што табе падаецца драбязой, а для іншага чалавека можа аказацца трагедыяй. Я перакананы, што вопыт, які атрымліваюць дыпляматы ў Беларусі, вельмі каштоўны”.

“Нельга паддавацца вонкаваму ціску, калі адчуваеш, што праўда на тваім баку”

Соўсь: “Спадар амбасадар, калі напачатку 1990-х Літва адстойвала сваю незалежнасьць ад Савецкага Саюзу, ёй давялося перажыць халодную зіму ў выніку энэргетычнай блякады з боку Расеі. Якія ўрокі вынесьлі літоўцы з таго канфлікту й якія парады маглі б даць беларусам?”

Багдонас: “Што было халодна, я сам памятаю. Дарэчы, у мяне ёсьць “Памятны мэдаль 13 студзеня”.

Гэта былі складаныя дні для Літвы. Сапраўдная блякада. Мая дачка Рута, якой цяпер ужо дзевятнаццаць гадоў, у той час была зусім маленькая. Мы эканомілі ваду й газ. Грэлі ваду ў каструлі, каб памыць дзіця. І жонка кажа: “Ашчадна ваду лі”.

Былі праблемы і з харчамі, і з бэнзінам. Памятаю, як я са сваім бацькам езьдзіў празь мяжу ў Ашмяны, купляў у мясцовых жыхароў бэнзін, каб заліць яго ў свае “Жыгулі”.

Падаецца, што гэта было вельмі даўно. А зь іншага боку — мінула толькі сямнаццаць гадоў. Якія ўрокі? Нельга ў палітыцы выкарыстоўваць такой формы, як ціск на дзяржаву. Але ў нас тады дыялёг атрымаўся. І мы як паўнапраўныя партнэры падпісалі тады пагадненьне з Расеяй.

Нельга паддавацца вонкаваму ціску, калі адчуваеш, што праўда на тваім баку. І калі паддасіся, то гэта можа стаць катастрофай і для чалавека, і для нацыі. Мы тады цьвёрда стаялі. Літоўцы, латышы, эстонцы ўзяліся за рукі й заявілі, чаго хочуць. І нас пачулі.

Гэта, можа, асноўны ўрок — не закрывацца ў сабе, а ісьці на дыялёг з суседзямі”.

“Якая гэта рынкавая эканоміка, калі ні з кім не кансультуючыся, прымаюць рашэньне пракласьці трубу праз Балтыйскае мора?”

Соўсь: “Спадар Багдонас, хацелася б удакладніць пазыцыю Літвы наконт будаўніцтва расейскага газаправоду праз Балтыйскае мора.

Раней у спэцыяльнай справаздачы літоўскі бок гаварыў пра магчымую шкоду для навакольнага асяродзьдзя ў выніку гэтага праекту й прапаноўваў распрацаваць альтэрнатыўную трасу для газаправоду…”


Багдонас: “Энэргетычная праблематыка — транзыт праз Украіну і Беларусь, пастаўкі энэрганосьбітаў — цяпер становіцца палітычнай. Ня мусіць быць палітычнага ціску праз эканоміку й эканамічнага — праз палітыку. Нават калі адзін бок заяўляе, што ўсё гэта — чыстая эканоміка.

Але якая ж рынкавая эканоміка, калі ні з кім не кансультуючыся, прымаюць рашэньне пракласьці трубу праз Балтыйскае мора? Тым больш, калі рэалізуюцца праекты, якія зьмяняюць геапалітычную і эканамічную сытуацыю.

Ніхто не гаворыць, добры гэта ці дрэнны праект. Але мы даведваемся пра гэта, калі ўжо падпісаныя кантракты пра будаўніцтва. Але цяпер ужо прынятае рашэньне, што такія пытаньні ня могуць вырашацца без зацьвярджэньня Эўракамісіяй.

І Літва была першай, якая дакладна і ясна вызначыла сваю пазыцыю ў гэтым пытаньні. Наш прэзыдэнт заявіў на ўсіх узроўнях, што гэта ня ёсьць слушным. Ня спосаб транспартаваньня нафты і газу, а сам прынцып — праз Балтыйскае мора.

Чаму? Таму што ёсьць засьцярогі, што транзытныя плыні празь Беларусь і Ўкраіну нестабільныя і не прагназаваныя?

Экалягічны аспэкт таксама вельмі важны. Прэзыдэнт Валдас Адамкус сам эколяг. У яго нават ёсьць дасьледаваньне пра захаваньне зброі, у тым ліку і ядзернай, у Балтыйскім моры пасьля Другой усясьветнай вайны.

Хто-небудзь разглядаў гэтае пытаньне? Ніхто не рабіў заключэньняў пра магчымую экалягічную небясьпеку. Літоўскі бок прынамсі іх ня бачыў. А цяпер з нашай ініцыятывы будуць створаныя камісіі ў гэтым пытаньні. Патрэбныя заключэньні экспэртаў — эколягаў, фізыкаў, хімікаў, атамшчыкаў Літвы, Латвіі й Эстоніі”.

“Можна будзе рабіць шматразовыя візы ня толькі на год, але і да трох гадоў”

Соўсь: “Нашых слухачоў, безумоўна, цікавіць і візавае пытаньне. Вядома, што Літва выступае за тое, каб пасьля ўступленьня ў Шэнгенскую зону кошт візаў для беларусаў не зьмяніўся.

Зь іншага боку, ёсьць праблемы з чэргамі для афармленьня візаў, тады як пасьля ўступленьня ў Шэнген колькасьць беларусаў, якія захочуць аформіць візу ў вашай дыпмісіі, павялічыцца. Якім вам бачыцца аптымальнае вырашэньне гэтай праблемы?”


Багдонас: “Працэдура афармленьня візы крыху ўскладніцца не таму, што літоўцы гэтага хочуць. Ёсьць агульны парадак. І да грамадзянаў Беларусі будуць такія ж патрабаваньні ў амбасадзе Літвы, як і ў амбасадах Францыі й Нямеччыны.

Цяпер мы загадзя папярэджваем аб зьменах, каб гэта ня стала шокам для турыстычных фірмаў. Гэтыя зьмены нязначныя.

З уваходам у Шэнген ня будзе групавых візаў, будзе толькі індывідуальная падача дакумэнтаў. Калі ёсьць сувязі й кантакты, то можна будзе рабіць шматразовыя візы ня толькі на год, але і да трох гадоў.

Мы рыхтуемся да працы ў новых умовах, пашыраем наш консульскі аддзел у Менску. У Горадні шукаем месца, дзе маглі б больш якасна абслугоўваць грамадзянаў Беларусі ў Генэральным консульстве”.

Соўсь: “ А калі завершыцца будаўніцтва новага памяшканьня для консульскага аддзелу ў Менску?”

Багдонас: “Я думаю, што да турыстычнага сэзону павінны закончыць”.

Соўсь: “Нядаўна ў Менску прахадзіла турыстычная выстава. І многія турапэратары выказвалі засьцярогі, што сёлета можа скараціцца колькасьць беларускіх турыстаў, якія ўлетку паедуць адпачываць у Польшчу й Літву, — з-за складанасьцяў у афармленьні візаў…”

Багдонас: “Самую вялікую праблему ствараюць чэргі, паколькі не заўсёды выконваюцца ўсе неабходныя ўмовы.

Раней пры нашай амбасадзе было акрэдытавана каля 150 турфірмаў. На жаль, большасьць зь іх займаліся пасярэдніцтвам у афармленьні візаў, а не рэальным турызмам. Некаторым зь іх было адмоўлена ў акрэдытацыі, каб пазьбегнуць злоўжываньняў. Пры беларускай амбасадзе ў Літве, напрыклад, акрэдытавана толькі каля дваццаці турфірмаў.

Аднак мы знойдзем такі спосаб, каб беларусам ня трэба было стаяць за агароджай у чэргах па візы.

А наконт кошту візаў… Ніводзін грамадзянін Беларусі, ніводзін чыноўнік ня мае права папракнуць Літву, што мы абыякавыя да гэтага пытаньня. Не было цягам двух гадоў, напэўна, ніводнай сустрэчы ў Брусэлі на ўзроўні ўсіх кіраўнікоў Літвы, каб не ўздымалася гэтае пытаньне.

Мы лічым, што няправільна ўводзіць для грамадзянаў Беларусі пасьля нашага ўступленьня ў Шэнген цану 60 эўра за візу.

Але чаго мы ня можам зрабіць за Беларусь, і што яна сама магла б зрабіць — пачаць перамовы з Эўразьвязам наконт коштаў на візы. Калі гэтага дыялёгу не атрымаецца, то такая цана на візу будзе непазьбежнай.

Украіна, Расея і нават Малдова знаходзяць нейкія рычагі — там цана на візу будзе каля 35 эўра”.

“Хочацца ісьці па цэнтры Менску і пабачыць шыльду літоўскай кампаніі”

Соўсь: “Спадар амбасадар, вы нядаўна заяўлялі, што Літва хацела б першай пачуць пра намер Беларусі рухацца ў бок Эўропы і быць першым адвакатам Беларусі ў Эўропе. Ці пачулі хаця б першы званочак?”

Багдонас: “Мы вельмі інтэнсіўна працуем у гэтым кірунку і з МЗС, і зь іншымі інстытуцыямі”.

Соўсь: “Так ці быў заўважаны які-небудзь крок насустрач зь беларускага боку?”

Багдонас: “Пакуль не”.

Соўсь: “Некалькі гадоў таму разам з мэрам Вільні Менск наведала група літоўскіх бізнэсоўцаў. Сярод іншага ішла размова пра магчымы прыход на беларускі рынак такіх буйных кампаніяў, як сетка крамаў “Apranga”, як знакаміты “Акропаліс”, іншых. Якія-небудзь з гэтых праектаў ужо рэалізуюцца?”

Багдонас: “У блізкім часе плянуецца сустрэча з новым мэрам Вільні, і мы будзем абмяркоўваць гэтыя пытаньні. Гэтыя праекты вельмі важныя. Кантакты адбываюцца. Вынікаў пакуль яшчэ не відаць, але дыялёг і перамовы вельмі важныя”.

Соўсь: “Ведаю, што ў Беларусі даволі пасьпяхова працуюць фірмы зь літоўскім капіталам — такія, як напрыклад Рэчыцкі піўны завод альбо прадпрыемства вытворчасьці марозіва “Гоша”. Праўда, яна ня надта афішуюць удзел літоўскага капіталу…”

Багдонас: “Гэта таксама пытаньне, чаму ня хочуць сябе афішаваць... Тая ж “Apranga” мае вельмі вялікі бізнэс у Літве, але яе пакуль тут не відаць. Хочацца ісьці па цэнтры Менску й пабачыць шыльду літоўскай кампаніі. Хацелася б, каб нашы моцныя кампаніі былі ў Беларусі”.

Соўсь: “Спадар амбасадар, на прыёме з нагоды аднаўленьня незалежнасьці Літвы вы выступалі па-беларуску. Адзначу ваша добрае вымаўленьне. Ці бралі ўрокі беларускай мовы? Чытаеце беларускія сайты, газэты на беларускай мове?”

Багдонас: “Я стала праглядаю беларускія інтэрнэт-сайты. Напрыклад, старонку “Свабоды” гляджу рэгулярна. Гэта мая праца. Ужо набыў некалькі школьных дзіцячых кніжак, каб вучыцца па іх мове.

Пакуль яшчэ не магу назваць канкрэтнай даты, але думаю, што неўзабаве загавару па-беларуску. Я ў гэтым пытаньні маю здольнасьці. Мне не было складана вывучыць і ўкраінскую, і польскую мовы. Трэба ведаць мову і культуру краіны, дзе працуеш. Паўсюль, дзе я працаваў, я гаварыў на мовах тых краінаў”.

Наша даведка: Эдмінас Багдонас — прафэсійны дыплямат. Займаў розныя пасады ў міністэрстве замежных справаў Літвы. Быў амбасадарам Літвы ў Італіі, а таксама дарадцам прэзыдэнта Валдаса Адамкуса ў міжнародных пытаньнях.

Ведае восем моваў — чэскую, польскую, славацкую, сэрбскахарвацкую, украінскую, расейскую, ангельскую й італьянскую. Жанаты, мае двух дзяцей.


Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас паказвае Вялікае Княства Літоўскае на старажытнай мапе, якую купіў у Італіі Літоўскі амбасадар паказвае Вялікае Княства Літоўскае на старажытнай мапе, якую купіў у Італіі

Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас побач з мапай сучаснай Беларусі А вось амбасадар побач з мапай сучаснай Беларусі

Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас. У кабінэце амбасадара - карціна “Каранацыя Міндоўга” і памятныя фатаздымкі з краінаў, дзе працаваў У кабінэце Эдмінаса Багдонаса карціна “Каранацыя Міндоўга” і памятныя фатаздымкі з краінаў, дзе працаваў
XS
SM
MD
LG