Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На стале ў Ельцына былі кнігі Быкава


Сяргей Навумчык, Прага Апошнія гады Ельцын вёў прыватнае жыцьцё, інфармацыя пра якое была мінімальнай. Цяпер расейскае тэлебачанье паведаміла, што, паводле словаў блізкіх Барыса Ельцына, на ягоным працоўным стале былі кнігі Макіявелі, Васіля Быкава і Валянціна Распуціна.

Сам Васіль Быкаў, узгадваючы па Свабодзе першы зьезд народных дэпутатаў СССР, які распачаўся ў траўні 1999 году, казаў: “Гэта была пара, калі ўпершыню пахіснулася ўсеўладная сіла партыі бальшавікоў, зьявілася надзея на паслабку рэжыму, на нейкія зрухі да лепшага ў занядбанай эканоміцы, яе вызваленьня з-пад гнятлівай імпэрскай палітыкі і ўлады звыродлівага ваенна-прамысловага комплексу. Мы бачылі, як імпэтна рванулася да праўды і справядлівасьці пэўная, хай сабе ня большая частка дэпутатаў. Усё ж тады тое таксама здавалася сілай, якая пасьля з розных прычынаў распалася, вырадзілася, капітулявала. А тады сапраўды яна здавалася пэўным гарантам лепшай будучыні… Гарантам неімпэрскай будучыні тады здаваўся высокі шызавалосы гігант, адкрыты апазыцыянэр камуністычнага цемрашальства, перад якім усе раступаліся ў кулюарах. Аднадумцы сьпяшаліся паціснуць яго руку, ворагі сьціскалі кулакі ў кішэнях. На яго спадзяваліся. Але, як паказаў досьвед, спадзяванкі – таксама цацанкі. Як чалавеку, так сама і нацыі трэба мець сваю галаву на плячах. І гора тым, хто яе ня мае і пры канцы ХХ стагодзьдзя ўсё яшчэ шукае.” (эфір 30 траўня 1999 г.).

Стаўленьне Васіля Уладзіміравіча да палітычных крокаў Ельцына не было адназначным. У кастрычніку 1993 г. ён падтрымаў рашучыя дзеяньні Ельына ў справе падаўленьня пракамуністычнага мяцяжу ў Маскве. Але рэзка адмоўна ацэньваў “інтэграцыйныя” беларуска-расейскія пагадненьні, неаднаразова публічна асуджаў вайну ў Чачні. Аднак нязьменна высока ацэньваў падпісанае Ельцыным, Краўчуком І Шушкевічам Віскулёўскае пагадненьне, якое лічыў непазьбежным вынікам дэградацыі камуністычнай сыстэмы і нацыянальна --вызвольных працэсаў у былых савецкіх рэспубліках.
XS
SM
MD
LG