Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У парках Горадні варон разганяюць запісамі птушыных галасоў


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні ў старым парку імя Жылібэра пачалі актыўна змагацца з птушкамі. Цяпер засталіся лічаныя гнёзды, а раней іх было 390. Выкарыстоўваецца і гуказапіс: птушыныя крыкі аб небясьпецы. Спэцыялісты гавораць: у стары парк у цэнтры птушкі імкнуліся таму, што там няма драпежнікаў. Другая прычына: у горадзе пачалі масава сьпілоўваць старыя дрэвы, і ў птушак узьніклі праблемы з гнёздамі.

Неяк пагрозьліва цяпер крычаць птушкі ў парку Жылібэра... Насамрэч, гэта запіс, ён зроблены, каб палохаць птаства. Зараз мы пацікавімся ў гарадзенкі з двума дзецьмі — што яна пра гэта думае?”

Спадарыня: “Увогуле птушкі перашкаджаюць. Але, мабыць, трэба быць спэцыялістам, каб ведаць — наколькі гэта дапаможа. Хаця, мяркуючы па ўсім, а шпацыруем мы тут вельмі часта, дык птушак, канешне, стала менш. Пакуль стала лепей, іншая рэч, што самі гэтыя гукі перашкаджаюць — і дзецям, і ўвогуле ня вельмі прыемна іх чуць”.

Карэспандэнт: “Дык вы бачылі, як зьбівалі гнёзды з дрэваў, і на вачах у дзяцей?”

Спадарыня: “Сапраўды на вачах у дзяцей, было такое: зьбівалі іх, і гнёзды падалі ў вялікай колькасьці, да адных дацягнуліся, да іншых — не”.

Карэспандэнт: “Вы супраць гэтага?”

Спадарыня: “Увогуле, шчыра кажучы, мяне гэта крышачку абурыла. Хаця спэцыялісты сказалі, што гэта старыя гнёзды, і ў іх яшчэ няма птушанят”.

Карэспандэнт: “Гэта было меркаваньне адной з гарадзенак, а зараз мы зьвернемся да спэцыяліста-арнітоляга Дзьмітрыя Вінчэўскага: што ён думае на гэты конт?”

Вінчэўскі: “Птушкі, як і людзі, яны — разумныя істоты. Калі яны бачаць, што за трывожнымі крыкамі няма рэальнай небясьпекі, зразумела, што яны будуць вяртацца назад у парк. Гэта будзе дзейсным на тыдзень-два”.

Карэспандэнт: “Наколькі я разумею — зьнішчаць гнёзды, зьнішчаць птушак — нельга?”

Вінчэўскі: “Сапраўды, гэта незаконна. Ёсьць указ прэзыдэнта за 2005 год, у якім прадугледжаныя штрафы. Напрыклад, за зьнішчэньне грака ці ягонага гнязда, як, дарэчы, і іншых птушак, штраф складае тры базавыя адзінкі. Калі птушкі больш рэдкія, пакараньне можа быць да васьмідзесяці базавых адзінак. Можаце ўявіць, які штраф можна атрымаць за гэта. Таму я параіў бы зьвяртацца да спэцыялістаў і пастарацца вырашаць праблемы разам, калі яны сапраўды існуюць. І адносіцца да птушак трэба так, як і да людзей: гэта проста нашы суседзі, адрозныя ад нас, у іх іншае жыцьцё, таму трэба ставіцца з разуменьнем да таго, што яны жывуць разам з намі”.



У гарадзенскім парку імя Эмануіла Жылібэра — францускага батаніка, які заклаў тут батанічны сад у часы апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага,– птушак паменела.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG