Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэртыза Свабоды: Да “Лініі Сталіна” дадаецца “Лінія Ельцына”


Віталь Цыганкоў, Менск Якія арыентыры прапанаваў беларускаму грамадзтву ў сёньняшнім штогадовым пасланьні Аляксандар Лукашэнка? Ці будуць унесеныя нейкія карэктывы ў цяперашнюю палітыку? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць у Экспэртызе Свабоды палітоляг Віталь Сіліцкі і палітоляг, кандыдат філязофскіх навук Уладзімер Падгол.

Да “Лініі Сталіна” дадаецца “Лінія Ельцына”.

Цыганкоў: “Сёньня Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланьнем перад Нацыянальным сходам. Перш чым я спытаю нашых удзельнікаў пра нейкія канцэптуальныя высновы, якія прагучалі з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі -- давайце падзелімся першым чыста псыхалягічным уражаньнем. Аляксандр Лукашэнка, як мне здаецца, быў трошачку непадобны на сябе звычайнага, гаварыў без экспромтаў, а фактычна чытаў толькі падрыхтаваны тэкст. Уладзімер Падгол, чым бы Вы гэта патлумачылі?”

Падгол: “Першае. Лёзунг “Квітнеючая Беларусь” зьняты. Быў прэзэнтаваны новы ідэалягічны лёзунг: “Незалежная Беларусь – наш годны і надзейны дом!” У 1996 годзе я зь пенай на вуснах даказваў, што гэта мусіць быць новая ідэалёгія. У 96-м Пазьняк пісаў ліст у БНФ, што лёзунг “Наш дом – Беларусь!” мусіць стаць лёзунгам году. І вось Лукашэнка праз 11 год прэзэнтаваў гэты лёзунг.

Другое, яшчэ адна новая ідэалягічная лінія: да “Лініі Сталіна” дадаецца “Лінія Ельцына”. Што гэта азначае? Сьмерць Ельцына дае Лукашэнку падставу сьцьвярджаць, што менавіта саюз з Расеяй, якія яны будавалі, пачыналі будаваць, мусіў так разьвівацца. А вось Пуцін (пра гэта Лукашэнка цяпер не сказаў), калі прынёс рынкавыя дачыненьні, рынкавыя стасункі, пачаў якраз разбураць гэты саюз, таму трэба “лінію Ельцына” працягваць”.

Цыганкоў: “Але “лінію Ельцына” толькі ў гэтым вузкім сэнсе, у саюзе зь Беларусьсю. Безумоўна, не ў свабодзе слова і свабодзе прэсы”.

Падгол: “Маецца на ўвазе “вы плаціце нам, а мы будзем казаць, што мы такія ж рускія, толькі з адзнакай якасьці і гэтак далей”.

Цыганкоў: “Віталь, што Вас найперш закранула ў сёньняшнім выступе Лукашэнкі з пункту гледжаньня зьнешняга ўражаньня?”

Лукашэнка спрабуе адказаць на новыя выклікі ў рамках таго лукашэнкаўскага застою

Сіліцкі: “Першае, што я заўважыў -- амаль нічога не было сказана пра ворагаў унутраных, апазыцыю і гэтак далей. Лукашэнка быў вельмі стрыманым, казаў штосьці, што Захад цісьне са сваімі стандартамі, але вельмі мала.

Лукашэнка выступаў, з аднаго боку, як чалавек, які прызнаваў, што зараз перад краінай стаяць велізарныя выклікі, але ў той жа час прамова Лукашэнкі прывяла да ўражаньня дэжавю, бо нейкія шляхі разьвязаньня гэтых праблемаў, адказаў на выклікі, не зьмяніліся. “Прыватызаваць ня будзем, павысіць дысцыпліну, пасадзіць таго” – набор вельмі стандартны.

Лукашэнка спрабуе адказаць на гэтыя новыя выклікі ўсё ж такі ў рамках таго лукашэнкаўскага застою, які пачаў фармавацца з пачатку гэтага тысячагодзьдзя, вось з гэтай парадыгмы стабільнасьці, нязьменнасьці і гэтак далей”.

Цыганкоў: “Пра стабільнасьць Аляксандр Лукашэнка зноў гаварыў у сёньняшнім сваім выступе. Разам з тым, ён казаў, што новая сытуацыя патрабуе ўнясеньня пэўных карэктываў. Ці заўважылі Вы як аналітыкі нейкія рэальныя карэктывы да сёньняшняй палітыкі ў ягонай прамове, ці ніякіх зьменаў не было прапанавана?”.

Падгол: “Я лічу, што гэтае пасланьне было чыста псыхалягічным, для ўмацаваньня свайго рэйтынгу. Ён прэзэнтаваў стандартны набор псыхалягічных вобразаў: гаспадар у доме, пракурор, судзьдзя, уладар і вельмі шчыры чалавек. І гэта, на ягоную думку, чыста інтуітыўна, мусіць замацаваць ягоную ўладу, ягоны рэйтынг. Бо хваліцца няма чым. Упершыню, бадай, Лукашэнка раздраконіў сам сябе, высек як тая афіцэрская ўдава. А менавіта, прызнаў, што энэргаёмістасьць прадукцыі ў тры разы вышэй, чым на Захадзе, прызнаў, што існуе татальная карупцыя, паказаў, што ва ўрадзе павевы аб намэнклятурнай прыватызацыі, прыхватызацыі. І ён ня можа спыніць гэтыя размовы, ён ня можа ўладарыць над гэтымі думкамі.

Па-сутнасьці, Лукашэнка быў вельмі напалоханы і разгублены, і прэзэнтаваў, ня яўна, абсалютна новага ворага – эканоміку і карупцыю, якія яму не падначальваюцца, і ягонымі аўтарытарнымі мэтадамі ён нічога зь імі ня можа зрабіць”.

Цыганкоў: “Сапраўды, упершыню падчас такіх вялізных прамоваў, такіх вялізных пасланьняў Аляксандр Лукашэнка ня ў тэксьце, не адыходзячы ад тэксту, экспромтам, не гаварыў ні пра апазыцыю, ні пра злобны, каварны Захад. Віталь, наколькі ўтульна ці няўтульна сёньняшняму прэзыдэнту бяз гэтых звыклых ворагаў? І чаму ён іх не ўзгадаў?”

Сіліцкі: “Прызнаючы іх выклікі, ён не прапаноўвае новых рашэньняў. Але ж я ня згодны, што ён усё гэта робіць упершыню. Упершыню прызнае карупцыю. Ну, даруйце, калі ласка, уся лукашэнкаўская палітыка была пабудавана на барацьбе з карупцыяй. Гэта выкарыстаньне старога рэпэртуару для адказу на новыя выклікі. У той жа час, Лукашэнка паказвае, што пакуль ён можа даваць рады з гэтымі праблемамі на нейкім узроўні, яму гэта пасуе. Недахопы гэтай сыстэмы ёсьць часткай яе стабільнасьці”.

Эканоміка павінна быць эканомнай?

Цыганкоў: “Вы кажаце, што не прапанавана ніякіх новых падыходаў. Ну, вось Лукашэнка шмат гаварыў пра эканоміку, пра дысцыпліну… Можа, гэта і ёсьць тое, што выведзе Беларусь?”

Сіліцкі: “А гэта ўжо рэпэртуар нават не Лукашэнкі. Ну слухайце, мы ўсе былі савецкімі людзьмі. Ну што мы ня памятаем: “эканоміка павінна быць эканомнай”?”

Падгол: “Дарэчы, я працягну Вашу думку. Справа ў тым, што гэта шыкоўнае поле для працягу панаваньня Лукашэнкі на Беларусі. І ён акрэсьліў даты: 2020 год. Вось да гэтага году ён мусіць дагнаць Захад па энэргаёмістасьці”.

Сіліцкі: “Дагнаць і перагнаць…”

Падгол: “Не-не, ён сказаў пакуль толькі дагнаць. Пакуль у тры разы ў іх больш, а вось у 2020 мы мусім наблізіцца да Захаду. Таму поле дзейнасьці ён сабе акрэсьліў. Лукашэнка даў ясна зразумець: ніякіх палітычных рэформаў, ніякай дэмакратызацыі ня будзе. Ніякіх эканамічных рэформаў ня будзе, ўлада будзе ўмацоўвацца і ўмацоўвацца. І адзінае новае, што ён сказаў, што рускія ўжо ня чужыя. Раней беларусы былі рускімі з адзнакай якасьці, а цяпер ужо не чужыя. І Вэнэсуэла не чужая”.

Цыганкоў: “У адзін шэраг паставіў”.

Падгол: “Так, так. Гэта было вельмі цікава”.

Сіліцкі: “Вось я згодны з тым, што Лукашэнка дэманструе сваю непахіснасьць. Але, дэманструючы сваю непахіснасьць, ён паказвае, што будзе трымацца да канца менавіта таму, што ніякіх новых разьвязак для гэтай сытуацыі ў яго няма. І ён арыентуецца выключна на свае старыя традыцыйныя мэтады – мабілізацыйная эканоміка, татальны кантроль, у тым ліку і прэзыдэнцкі, -- і час ад часу кампаніі па пераадоленьня асобных недахопаў”.
XS
SM
MD
LG