Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд Заходняга друку: Чырвоны лес у Чарнобыльскай зоне. Наколькі шкодная соль.


Тацяна Поклад, Прага Францускія і амэрыканскія навукоўцы паведамілі пра вынікі дасьледаваньняў у Чарнобыльскай зоне, – яны высьветлілі, што дзякуючы птушкам можна вызначаць, які радыяцыйны фон у дадзенай мясцовасьці. Тым часам, амэрыканскія навукоўцы паведамілі, што соль можа каштаваць чалавеку жыцьця.

Пра вынікі сваёй працы ў чарнобыльскай зоне паведамілі францускія і амэрыканскія навукоўцы. Нямецкая газэта “Die Welt” піша: “Дзіўныя вынікі атрыманыя з дасьледаваньня паводзінаў жывёлаў у навакольлі Чарнабылю – птушкі, якія там гняздуюцца, знаходзяць сабе месцы з нізкім радыяцыйным фонам. Як птушкі даведваюцца пра моц радыеактыўнага забруджваньня, для навукоўцаў застаецца загадкай”.

Гнёзды ў чырвоным лесе

Навукоўцы працавалі ў г.зв. “Чырвоным лесе”, што знаходзіцца ўсяго за 3 км. ад рэактара. Лес так назвалі таму, што пасьля аварыі дрэвы там зрабіліся чырвонага колеру. Тыя чырвоныя дрэвы, праўда, ужо сьпілавалі, а тэрыторыю засадзілі новымі дрэўцамі, але назва засталася. Паколькі пасьля выбуху радыеактыўныя ападкі распаўсюджваліся па-рознаму, то адны мясьціны зрабіліся больш заражаныя, іншыя – менш.

Навукоўцы з Францыі і ЗША высьвятлялі, якія месцы абіраюць для сябе жывёлы ў гэтым лесе. Назіралі птушак – сініцаў і мухаловак, для якіх разьвесілі 200 шпакоўняў у месцах з розным узроўнем радыяцыі. Але па ўсіх астатніх прыкметах гэтыя месцы былі падобныя, з аднолькавым выбарам корму.

Вынікі зьдзівілі навукоўцаў – птушкі заўсёды абіралі для гнёздаў месцы зь нізкім радыяцыйным фонам, і мухалоўкі рэагавалі на ўзровень радыяцыі больш адчувальна, чым сініцы.

Амэрыканскі навуковец Цім Мусо з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту кажа, што прычынай можа быць тое, што высокі ўзровень радыяцыі зьніжае канцэнтрацыю антыаксыдантаў. І яшчэ – пад узьдзеяньнем радыяцыі ў самцоў птушак зьмяняюцца спэрматазоіды, – на ластаўках амэрыканскі навукоўца дасьледаваў гэтыя працэсы разам з францускім калегам Андрэ Мале з Унівэрсытэту імя П’ера і Марыі Кюры.

Жывое навакольле вакол рэактару

Цім Мусо і Андрэ Мале вывучаюць жывёлаў і птушак у навакольлі чарнобыльскага рэактара ад 2000 году. Раней яны дасьледавалі ластавак. Найбольш забруджаныя раёны каля рэактару – мёртвыя, але пры гэтым навакольле выглядае такім натуральным, што можна дапусьціць, што з цягам часу дзеяньне радыяцыі зьмяншаецца альбо зусім зьнікае, аднак навуковых доказаў гэтага няма.

Навукоўцы прапаноўваюць і такую гіпотэзу, каб патлумачыць, чаму захаваўся жывёльны сьвет у чарнобыльскай зоне каля рэактара: прычынай можа быць рух унутры папуляцыі жывёлаў. Ня ўсе птушкі ў навакольлі Чарнобылю вяртаюцца на свае старыя гнёзды. Колькасьць папуляцыі падтрымліваецца птушкамі, якія прылятаюць сюды ўпершыню і толькі на адно лета.

Вынікі дасьледаваньня апублікаваныя ў навуковым выданьні “Proceedings of the Royal Society”.

Загадкі солі

А брытанская “The Time” паведамляе пра вынікі 15-гадовага навуковага дасьледаваньня з мэтай знайсьці доказы – ці насамрэч зашмат солі шкодзіць чалавеку. Ня гледзячы на праекты скарачэньня спажываньня солі, падобная тым, што шмат гадоў ажыцьцяўляе брытанскае Агенцтва харчовых стандартаў (Food Standart Agency), станоўчы эфэкт быў нязначны. Вытворцы солі рэзка крытыкуюць заклікі зьменшыць колькасьць солі ў гатовых прадуктах. Паводле Асацыяцы вытворцаў солі (Salt Manufacturers'' Association), дасюль няма доказаў, што зьмяншэньне колькасьці солі будзе на карысьць здароўя бальшыні людзей. Што да хворых з высокім крывяным ціскам, то і ў гэты выпадку адным дапамагае абмежаваньне солі, а для іншых – ніяк не ўплывае на ціск.

Група навукоўцаў з ЗША, з Гарвардзкай мэдычнай школы, распачала доўгатэрміновыя дасьледаваньні яшчэ у канцы 80-х гадоў. Яны паведамілі, што вынікі далі ўнікальны доказ таго, што зьмяншэньне ўзроўню натрыю дапамагае папярэдзіць сардэчныя хваробы, так што зьмяншаць колькасьць солі ў ежы варта ня толькі хворым, але і здаровым людзям, калі яны не хацелі б захварэць. Альбо ўжываць адмысловую соль са зьменшанай колькасьцю натрыю.

Аднак для навукоўцаў дасюль застаецца загадкай, як менавіта соль падвышае крывяны ціск. Самае простае тлумачэньне – калі ў арганізм трапляе шмат солі, ныркі ня могуць цалкам яе вывесьці, і частка солі трапляе ў судзіны. У выніку колькасьць вады ў судзінах павялічваецца, і павялічваецца аб’ём і ціск крыві. Але ня ўсе людзі адчувальныя да ўзьдзеяньня солі, таму ня ўсім зьмяншэньне солі ў ежы можа быць карыснае, адзначаюць навукоўцы.
XS
SM
MD
LG