Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці лёгка ў Беларусі разьвесьціся?


Іна Студзінская, Менск Афіцыйная статыстыка сьведчыць: амаль палова шлюбаў у Беларусі распадаецца. Прычыны розныя: ад несумяшчальнасьці характараў да страты пачуцьцяў, ад п’янства, жорсткага абыходжаньня да здрады.

Скасаваць шлюб можна толькі ў судзе. Раней, калі ў сужэнцаў не было агульных дзяцей і маёмасных прэтэнзіяў, можна было разьвесьціся ў ЗАГСе.

Цяпер нават калі ў мужа і жонкі няма дзяцей, ім усё адно трэба разводзіцца праз суд. Але ў такой сытуацыі дзейнічае спрошчаны парадак скасаваньня шлюбу: па ўзаемнай згодзе, без тэрміну на прымірэньне. Мая суразмоўніца Вольга распавядае пра ўласны досьвед разводу:

“Мне здаецца, што гэта вельмі проста. Лягчэй, чым ажаніцца. Сам развод не заняў ніякага часу. У нас не было праблем зь дзецьмі альбо з маёмасьцю. З мужам мы жылі нядоўга, прэтэнзій ніякіх не было. Судзьдзя сказала, што калі няма дзяцей, яна разводзіць вельмі лёгка”.

Карэспандэнтка: “А прычыны вашага разводу ў чым былі?”

Вольга: “Прычыны ў тым, што мы аказаліся рознымі людзьмі, па-рознаму разумелі, што такое сям’я, што такое абавязкі. Цяпер, як паказаў час, вельмі добра, што мы разышліся рана, а не сапсавалі адзін аднаму яшчэ некалькі гадоў жыцьця”.

Загадчыца Першамайскага ЗАГСу Станіслава Макарэвіч ня згодная зь меркаваньнем, што разьвесьціся лёгка:

“Цяпер органы ЗАГС не разводзяць, толькі суды. Я ня думаю, што ў нас вельмі лёгка разьвесьціся. У мяне ёсьць сяброўка, дык амаль год цягнулася ў яе працэдура разводу. Не хацелі, каб яны разводзіліся, прыміралі даволі доўга іх. Каб так проста – прыйшоў, разьвёўся – такога не бывае. Дзеці ж амаль у кожнай сям’і ёсьць”.

Паводле артыкулу 36-га Кодэксу аб шлюбе і сям’і, суд бароніць інтарэсы непаўналетніх дзяцей і прыкладае намаганьні, каб захаваць сям''ю. Таму калі ў вас ёсьць дзеці і цьвёрды намер разьвесьціся, працэдура істотна ўскладняецца.

У любым выпадку суд дае сям’і трохмесячны тэрмін для прымірэньня, а таксама для дасягненьня згоды аб непаўналетніх дзецях і падзеле маёмасьці. Судзьдзя ўважліва вывучыць прычыны разводу, выкладзеныя ў пазове, мае права адкласьці разьбіраньне і прызначаць дадатковы тэрмін для прымірэньня. Тлумачыць судзьдзя Тацяна Крайко.

Судзьдзя: “Заўсёды даецца, калі ёсьць непаўналетнія дзеці, трохмесячны тэрмін для прымірэньня. Абавязкова. Тэрмін далі – выклікаем у суд. Калі адказьнік ня згодны – яшчэ даём тры месяцы. Зноў нязгодны – яшчэ тры месяцы. Такім чынам, тры месяцы адразу і яшчэ да шасьці, атрымліваецца да дзевяці месяцаў можа цягнуцца развод”.

Калі прэтэнзіі адсутнічаюць, разьведзеныя бацькі могуць заключыць пагадненьне аб дзецях. У такой дамове замацоўваецца: месца пражываньня, памер алімэнтаў, парадак кантактаваньня зь дзецьмі.

Калі няма згоды паміж былымі сужэнцамі, суд пры разводзе вызначае, пры кім з бацькоў застаецца дзіця, парадак ўдзелу ў выхаваньні, хто з бацькоў будзе плаціць алімэнты і гэтак далей.

Такім чынам, калі хоць адзін з сужэнцаў мае цьвёрды намер разьвесьціся, трэба запасьціся цярпеньнем. Але бываюць выпадкі, калі суд не разводзіць.

Паводле артыкулу 35, скасаваньне шлюбу недапушчальнае падчас цяжарнасьці жонкі і цягам трох гадоў пасьля нараджэньня дзіцяці без пісьмовай згоды жонкі на развод.

Натуральна, бясплатна цяпер не разводзяць. За пазоў давядзецца плаціць тры базавыя велічыні (амаль 100 тысячаў рублёў), калі разводзяцца ўпершыню. І 5 базавых велічыняў, калі разводзяцца другі, трэці і ўсе наступныя разы. А хто з бакоў пакрые судовыя выдаткі, вызначыць суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG