Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа. 24 красавіка


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць выказваньні Аляксандра Лукашэнкі ў часе штогадовага звароту да Нацыянальнага сходу.

Камэнтары: Пра парадак у цэнах на жытло – “Пасьля “парадку” цэны на жытло ўзьляцелі дагары са звышсьвятловай хуткасьцю”;

пра неабходнасьць прыбраць бар’еры для транспартнага транзыту – “спачатку наставілі бар’ераў, цяпер прыбіраюць”;

пра п’янства і паленьне беларускіх мужчынаў і неспрыяльную дэмаграфічную сытуацыю, таксама пра тое, што А.Лукашэнку (цытую) “ўжо не папракаюць за будаўніцтва спартовых аб’ектаў, бо яны запатрабаваныя” – “чаргу па чарнілы бачыў, чаргу ў Лядовы палац альбо Бібліятэку ня бачыў”;

пра гатовасьць падтрымаць недзяржаўныя СМІ, “калі яны будуць працаваць у адпаведнасьці з законам” – “закон адзін – крытыкаваць уладу і ейную палітыку нельга!”.

Карыстальнік сайту блогаў “Жывы Журнал“ Silverrebel у сваім дзёньніку прапануе зладзіць флэш-моб да Дня нараджэньня Зянона Пазьняка, якому 24 красавіка споўнілася 63 гады. Silverrebel: “Зянон Пазьняку 63 гады і ён у тваёй фрэндстужцы!” А блогер Ivansaj рэфлексуе: “Аб’яднаць беларусаў на перамены можа толькі нацыянальная ідэя. Апазыцыя гэтага разумець ня хоча ці ня можа. Але чаму гэтага ня робіць Пязьняк? Чаму не зьвяртаецца да інтэлігенцыі, не запрашае да сябе актыўных людзей? Загадка. За 10 гадоў эміграцыі можна было стварыць у грамадзтве сапраўдную кансалідаваную плынь са сваімі суполкамі, друкам, асьветай... Ня позна тое і сёньня”.

На міжнародным сайце “Чарнобыль” можна прачытаць інтэрвію з жыхарамі заражаных тэрыторыяў з Расеі, Украіны і Беларусі. Тацяна Ганчар, настаўніца беларускай мовы з райцэнтру Добруш, Гомельскай вобласьці:

“Пасьля чарнобыльскай аварыі жыцьцё маёй сям’і сталася больш змрочным. З пачуцьцём страху мы хадзілі ў лес, баяліся, што дары прыроды заражаныя, рака таксама для нас небясьпечная сваёй не зусім чыстай вадой. Здароўе сталася на шмат больш горшым. Частыя прастуды, слабасьць імунітэту, хворая шчытападобная залоза. ... У бліжэйшай будучыні я спадзяюся, што змагу працаваць, і прыносіць карысьць нашай Радзіме і нашаму народу”.

Гомельскі літаратар Сяргей Балахонаў у сваім дзёньніку прапануе аўтарскі пераклад "Выходнай арыі Містэра Ікс" з апэрэты Імрэ Кальмана "Прынцэса цырку".

Выходная арыя Містэра Х. (hybrid version)

Зноў у сьвятло агнёў залатых! Зноў мусіш быць вясёлым для ўсіх! Блазен дый годзе, прыпудраны твар, Грош адпрацуй, ты сабе не ўладар!

Ты лёсам гуляеш, лёс гуляе табой! Блазен, давай жа, пакажы талент свой! Зробіш належна, будзе воплескаў шмат. Зробіш памылку – сьмешак град.

Сёньня рэч, заўтра ў сеч, бывае! Сёньня ў пір, заўтра ў вір, бывае! Калі шчасьце за крок, хай сабе і ў віры, Яго шпарка, штукар, бяры.

Калі жыцьцё разгледзіць праз шампану келіх, яно зазьзяе, яно зайграе. Паўстане вобраз з успамінаў заімглелых, Бель рук пяшчотных і вуснаў жарсьць, З трымценьнем будзеш зьзяньне назіраць

Вачэй чароўных, быццам зоркавы сьпеў, Вачэй чароўных, што аднойчы сустрэў! Зіхоткі позірк, Незямное цяпло, Забыць ня ў змозе, Шчасьце зьнікла, сплыло. Каханьня мроя, Як цябе я згубіў Пяшчоты мара, Як цябе я забыў. О, мілы прывід, мая радасьць, мой боль, Салодкай казкі Ня будзе больш.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG