Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валэнса: “Сьвет забыўся, што Ельцын з Шушкевічам і Краўчуком распусьцілі СССР”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Расея разьвітваецца са сваім першым прэзыдэнтам. На адрас сям’і памерлага Барыса Ельцына і ўсяго расейскага народу працягваюць ісьці спачуваньні ад кіраўнікоў замежных дзяржаў, знаных палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў.

Былы польскі прэзыдэнт Лех Валэнса ў інтэрвію агенцтву “Reuters” нагадаў сьвету заслугу Ельцына ў расфармаваньні СССР.

Валэнса: “Сьвет забыўся, што менавіта ён з Шушкевічам і Краўчуком распусьціў Савецкі Саюз. Рэальна ён, а не Гарбачоў. І каб ён гэтага не зрабіў, то ўсе працэсы, якія тады адбываліся ў сьвеце, затрымаліся б ці пайшлі назад. Вельмі вялікая заслуга Ельцына ў тым, што сёньня мы маем вольны сьвет, эпоху інтэлекту, інфармацыі і глябалізацыі. Яму сьвет за ўсё гэта павінен быць удзячным. Таму давайце схілім галовы перад памяцьцю Ельцына”.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун адзначыў заслугу Ельцына ў збліжэньні Ўсходу і Захаду. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што “прэзыдэнт Ельцын быў гістарычнай фігурай, якая служыла сваёй краіне ў часе лёсавызначальных пераменаў”.

Генэральны сакратар НАТО Яаап дэ Гоп Схэфер падкрэсьліў, што “Барыс Ельцын быў у першых шэрагах тых, хто пераадолеў спадчыну “халоднай вайны”.

У адмысловай заяве з нагоды сьмерці Барыса Ельцына кіраўніцтва Рады Эўропы адзначае, што “Расея набыла свабоду не бяз супярэчнасьцяў. Чалавек свайго часу і сваёй краіны, Барыс Ельцын зьявіўся іх увасабленьнем. Зь яго сьмерцю Расея згубіла сымбаль свайго пераходу да дэмакратыі”.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель нагадала, што вывад расейскіх войскаў зь яе краіны адбыўся пры Ельцыне, і назвала яго“сумленным змагаром за свабоду і дэмакратыю, сапраўдным сябрам Нямеччыны”.

Ад імя ўраду Японіі спачуваньні з нагоды сьмерці былога прэзыдэнта Расеі выказаў міністар замежных справаў гэтай краіны Таро Асо. Ён адзначыў намаганьні Ельцына ў паляпшэньні двухбаковых расейска-японскіх стасункаў, асабліва ў пытаньні спрэчнай “тэрытарыяльнай праблемы”.

Біл Клінтан, які ў 1990-х гадох быў прэзыдэнтам ЗША, сказаў, што “кіраўніцтва Ельцына адбывалася ў цяжкі пэрыяд” і выказаў упэўненасьць, што “гісторыя будзе літасьцівай да першага прэзыдэнта Расеі, бо ў важных пытаньнях міру і свабоды ён выяўляў мужнасьць і настойлівасьць”.

Клінтан: “Ён адстойваў свабоду і дэмакратыю, адкрытасьць. Ён сапраўды верыў, што Расея ня можа вярнуцца да камунізму ці крайняга нацыяналізму”.

Барыс Ельцын памёр у панядзелак на 77-м годзе жыцьця ад спыненьня сэрца. 25 красавіка абвешчана ў Расеі нацыянальным днём жалобы. У гэты ж дзень першы расейскі прэзыдэнт будзе пахаваны на Навадзевічых могілках Масквы.



Ельцын: роспуск КПСС, Віскулі, Чачня, “саюзная дзяржава” С.Шушкевіч: “Я ў многіх выпадках быў гарачым прыхільнікам Ельцына” П.Шарамет: “Пры Ельцыну была сапраўдная свабода слова” В.Карняенка: “Пры Ельцыну пачалося будаўніцтва дэмакратыі” Апытаньне "Свабоды": як вы ацэньваеце асобу Ельцына? Экспэртыза Свабоды: Ельцын для Расеі, сьвету і Беларусі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG