Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка лічыць, што незалежная прэса парушае заканадаўства


Уладзімер Глод, Менск Пасьля дакладу Аляксандар Лукашэнка яшчэ прыкладна сорак пяць хвілінаў адказваў на пытаньні дэпутатаў.

Журналістаў сёлета падзялілі на дзьве групы. Тыя, хто ўваходзіць у прэзыдэнцкі пул, мелі магчымасьць знаходзіцца ў Авальнай залі і слухаць як выступ, так і адказы Аляксандра Лукашэнкі.

Усе астатнія, і сярод іх карэспандэнт Радыё Свабода, засталіся ў прэсавым цэнтры, куды вялася трансьляцыя з экрана звычайнага тэлевізара. Таму і пачуць адказы на пытаньні было немагчыма.

Лукашэнка гатовы падтрымаць “чэсныя” незалежныя выданьні

Пасьля дэпутаты, зь якімі я размаўляў, адзначалі: вострае пытаньне задала толькі Вольга Абрамава.

Яна пацікавілася, ці ёсьць верагоднасьць, што недзяржаўныя газэты – такія, як “Народная воля” – змогуць друкавацца ў Беларусі. Калега, які быў у Авальнай залі, даў паслухаць гэты адказ Аляксандра Лукашэнкі:

“Я гаварыў кіраўнікам гэтых выданьняў: ідзеце й дамаўляйцеся з друкарнямі. Я гатовы іх падтрымаць – як яны кажуць, дайце каманду – даць каманду. Але калі толькі яны будуць разьмяшчаць наўмысна нячэсныя, несправядлівыя матэрыялы, выходзіць у краіне яны ня будуць”.

І далей Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся да Вольгі Абрамавай, сказаў:

“Яны мусяць друкаваць правераныя матэрыялы. А вы можаце сказаць, што гэтыя газэты абсалютна чэсныя ў ацэнцы таго курсу, які мы праводзім, у ацэнцы прэзыдэнта?”

Пра будаўніцтва АЭС

Некаторыя дэпутаты казалі мне, што іх найбольш уразіла частка пасланьня, якая тычылася будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі.

Прынамсі, Аляксандар Сьвірыд зь Івацэвіцкай выбарчай акругі падтрымлівае гэтую ідэю:

“Асабіста я даўно выступаў за разьвязаньне гэтага пытаньня, за тое, каб у Беларусі будавалі АЭС. Я падтрымліваю падыход прэзыдэнта – будаваць праз конкурс, галосна”.

“А як ставяцца да гэтага вашы выбарцы?”

“Няма, няма ўжо запалоханасьці. Раней яна была. Але зь цягам часу ўжо зьнікла. Здарылася бяда. Але ж з-за гэтага нельга спыняцца й казаць: больш нічога ня будзем рабіць”, – мяркуе дэпутат Сьвірыд.

Пра беларуска-расейскія дачыненьні

Васіль Хрол задаваў пытаньні пра складанасьці, якія ўзьнікаюць у беларуска-расейскіх дачыненьнях. Прынамсі, пра чэргі, якія часам бываюць на беларуска-расейскай мяжы. І пра складанасьці ў інтэграцыі.

Аляксандар Лукашэнка адказаў, што беларускі бок у гэтых праблемах не вінаваты.
XS
SM
MD
LG