Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як менчукі ацэньваюць ролю Барыса Ельцына для Беларусі?


Радыё Свабода Пайшоў з жыцьця першы прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын. Чалавек, які ініцыяваў Белавескія пагадненьні й падпісаў дамовы пра ўтварэньне саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі. Іна Студзінская высьвятляла, як менчукі ацэньваюць ягоную ролю для Беларусі, што кажуць пра Ельцына як пра асобу, гістарычную постаць.

Карэспандэнтка: “Як вы ацэньваеце ролю Ельцына для Беларусі?

Спадар: “Асабіста я — адмоўна, таму што колькі ён разьбіў сем’яў! Я маю на ўвазе паводле нацыянальнай прыкметы”.

Спадар: “Ды нічога не зрабіў! Я ня ведаю, чаму цяпер гавораць, што ён зрабіў для Беларусі саюзную дзяржаву. Быццам бы ён першы. Я лічу, што не, ён больш разбурыў”.

Малады чалавек: “Я лічу, ад Ельцына нашы праблемы й пачаліся. Першапачаткова гэты Саюз Беларусі й Расеі быў гіпэртрафаваны, ня клаўся ён на эканамічныя рэйкі, быў чыста палітычным. Некаторы час гэта дазволіла кіраўніку Беларусі утрымліваць уладу — дзякуючы прыхаваным мільярдным расейскім інвэстыцыям, а не займацца эканомікай. І гэта проста аддаліла нас ад цывілізаванага сьвету.

Толькі цяпер улада пачынае разумець, што трэба было шматвэктарнасьць разьвіваць, эканоміку разьвіваць зыходзячы з эканамічных законаў, а не з калгасных уяўленьняў”.

Спадар: “Ды ніяк не ацэньваю. Я не палітык, а мэханік, таму не магу меркаваць”.

Спадарыня: “Станоўча ацэньваю ролю Ельцына. Усё ж лепшыя стасункі былі ў Беларусі з Расеяй пры Ельцыну, чым пры Пуціну”.

Карэспандэнтка: “Як вы ацэньваеце ролю Ельцына для Беларусі?”

Дзядуля: “Не магу сказаць, што адмоўна. Хутчэй за ўсё, станоўча. І ня толькі для Беларусі. Што мог, тое ён і рабіў”.

Спадар: “Я Ельцына паважаю за тое, што ён спыніў гонку ўзбраеньняў. Але лепш мы ня сталі жыць ад таго, што Саюз разваліўся”.

Спадарыня: “Цяжка сказаць... Але мне яго шкада як чалавека”.

Спадар: “Увогуле, ацэньваю ягоную ролю як станоўчую. Таму што не было б Ельцына — не было б Белавескіх пагадненьняў. І Беларусь не атрымала б незалежнасьці”.

Юнак: “Ельцын зрабіў, безумоўна, значны ўнёсак у эканоміку, у палітычнае, культурнае разьвіцьцё. Шкада старога”.

Бабуля: “Цяпер ужо позна разважаць пра гэта”.

Спадарыня: “Збольшага нармальна. Тое, што кажуць, маўляў, Ельцын Саюз разваліў — дык гэта не адзін Ельцын. Для Расеі ён вельмі шмат зрабіў. Рэфарматар”.

Спадар: “Вельмі дваіста ацэньваю. Гэта асоба даволі складаная. Ягоную ролю старэйшае пакаленьне зьвязвае з распадам вялікай дзяржавы — Савецкага Саюзу. А маладзейшае пакаленьне ўспрымае яго як лідэра, дзеяча, які ў найскладанейшых умовах здолеў забясьпечыць самастойнасьць Расеі”.

Гл. таксама: • Як менчукі ацэньваюць ролю Барыса Ельцына ў гісторыі?
XS
SM
MD
LG