Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: “Няма грошай — паліце дровамі”


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня кіраўнік Беларусі зьвярнуўся з пасланьнем да беларускага народу і парлямэнту. Зварот Аляксандра Лукашэнкі называўся “Незалежная Беларусь — наш надзейны і годны дом”. У ім Лукашэнка вызначыў стратэгічныя кірункі дзяржаўнай палітыкі на блізкую пэрспэктыву. Выступ цягнуўся каля дзьвюх гадзінаў і трансьляваўся па ўсіх тэле- і радыёканалах.

Напачатку кіраўнік Беларусі папрасіў ушанаваць хвілінай маўчаньня памяць Барыса Ельцына, якога ён назваў сваім асабістым сябрам.

Нягледзячы на страты ад нафтагазавага канфлікту, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што захоўвае вернасьць курсу на пабудову саюзу з Расеяй.

“Паўтараю, мы да гэтага гатовыя. Гатовыя на любы варыянт, які прымальны для Расеі. Але пры нязьменным захаваньні нашых інтарэсаў”.

Кіраўнік Беларусі таксама заявіў, што зьявіліся шматабяцальныя пэрспэктывы ўзаемадзеяньня з Украінай і Азэрбайджанам. Ён згадаў пра структуры ў рамках СНД.

Маўляў, калі цяпер ля межаў Беларусі іншыя краіны й альянсы ствараюць вайсковыя базы, адказ на выклік павінен быць толькі сумесным.

Нам не патрэбныя настаўнікі

Лукашэнка заявіў пра зацікаўленасьць у нармальных узаемавыгадных стасунках з Эўразьвязам і ЗША.

“Мы гатовыя абмяркоўваць любыя тэмы, не абыходзячы ўвагай вострых, дыскусійных момантаў... Нам не патрэбныя інспэктары, кантралёры ці настаўнікі. Мы нічога не выпрошваем ні ў Эўропы, ні ў ЗША”.

Аляксандар Лукашэнка назваў прадуктыўным супрацоўніцтва з краінамі Азіі, Афрыкі, Блізкага Ўсходу і Лацінскай Амэрыкі. Кітай ён назваў вядучым саюзьнікам на міжнароднай арэне.

“Няма грошай — паліце дровамі. Ня дровамі, дык саломай”.

Значная частка пасланьня была прысьвечаная энэргетычнай бясьпецы краіны. Аляксандар Лукашэнка сказаў, што Беларусь не застрахаваная ад крызісаў, якія адбыліся сёлета ўзімку. Ён заклікаў дывэрсыфікаваць пастаўкі вуглевадароднай сыравіны.

“У выпадку самай сур’ёзнай прапрацоўкі з гэтымі дзяржавамі мы спакойна і з Азэрбайджану можам браць нафту, і з Ірану, і з Вэнэсуэлы — і гэта будзе прыкладна такі ўзровень, як з Расейскай Фэдэрацыяй. І гэта ня ўдар у сьпіну Расеі. Гэта нармалёвая, як Пуцін кажа, рынкавая пазыцыя”.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не дапусьціць абвалу эканомікі й заклікаў беларусаў стаць нацыяй працаголікаў. Ён таксама раіць пераходзіць на таннае паліва:

“Няма грошай — паліце дровамі. Ня дровамі, дык саломай”.

Кіраўнік Беларусі заявіў, што пытаньне атамнай электрастанцыі ня будзе вырашацца ў кулюарах:

“Канечне, нам не хацелася б, я ўжо паслу Расеі пра гэта казаў, каб мы складалі яйкі ў адзін кошык. Мы і так залежым паводле іншых відаў энэргіі ад Расеі. Не хацелася б залежаць і ў будаўніцтве атамнай станцыі толькі ад Расеі”.

Буш маіх рахункаў не знайшоў

У сваім пасланьні кіраўнік Беларусі заявіў, што не дапусьціць кланавай і нядобрасумленнай прыватызацыі.

“Апошні подпіс — за прэзыдэнтам. Мне бескарысна. Мне за трынаццаць гадоў ніхто не прынёс ніякіх грошай, не паклаў на стол — і не прынясе і не пакладзе. Калі б гэта было, ужо расьпісалі б, размазалі па ўсіх сьценках ад Захаду да Ўсходу. Калі там ужо Буш шукаў мае рахункі — ніяк дагэтуль не знайшоў. Калі Буш не знайшоў, то наўрад ці хто знойдзе, каб яны нават і былі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG