Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Падаткі вялікія, а калі іх яшчэ павялічваць, то на што жыць?”


Міхал Карневіч, Горадня Ці гатовыя вы асабіста й ваша прадпрыемства плаціць большыя падаткі на ліквідацыю наступстваў чарнобыльскай аварыі? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да мінакоў на вуліцах Горадні.

Спадар: “Я мяркую, што кожны грамадзянін пагадзіўся б плаціць большыя падаткі на ліквідацыю наступстваў чарнобыльскай катастрофы, але толькі пры ўмове, каб ён ведаў, што гэтыя грошы сапраўды будуць скіраваныя на дапамогу пацярпелым, хворым дзецям”.

Спадарыня: “А чаму не? Я згодная, бо мне вельмі хацелася б, каб там аднавілася прырода, каб туды вярнуліся людзі... Я ня супраць”.

Спадар: “Можна, таму што там трэба дапамагаць”.

Спадар: “Ня ведаю, але, здаецца, што пагадзіўся б. Чарнобыль ёсьць Чарнобыль, усе ад яго пакутуюць. Я яшчэ ў школе вучыўся, калі там адбыўся выбух, і з таго часу дагэтуль там усё забруджана радыяцыяй”.

Спадарыня: “Калі б я была ўпэўненая, што гэтыя падаткі накіроўваюцца на вырашэньне чарнобыльскіх праблемаў, то адназначна згодная. А калі яны трапляюць невядома куды? Наагул, я ня ведаю, ці маё прадпрыемства пералічвае падаткі на вырашэньне гэтых праблемаў — наўрад ці. Хаця дапамагаць абавязкова трэба, ад гэтага залежыць здароўе ўсяго будучага пакаленьня”.

Спадарыня: “Падаткі ў нас і так вельмі вялікія, а калі іх яшчэ павялічваць, то на што тады жыць...”

Спадар: “Калі дзяржава мае свабодныя грошы, то няхай дае. А навошта ізноў чапаць людзей, яны толькі аддыхаліся, пачалі будавацца, адкуль у іх тыя грошы”.

Спадар: “Станоўча да гэтага стаўлюся. Лепш чым аддаваць гэтыя падаткі на спорткамітэты, накіраваць іх на ліквідацыю чарнобыльскіх праблемаў”.

Спадар: “Лічу, што так, можна было б плаціць на ліквідацыю чарнобыльскай аварыі большыя падаткі. Гэта вельмі сур’ёзная праблема для нашай дзяржавы, і думаю, што кожны абавязаны паўдзельнічаць у ліквідацыі чарнобыльскай аварыі”.

Спадарыня: “Я на хвілінку задумалася, але перакананая, што можна гэта рабіць. Вось згадваецца мне той цёплы дзень, калі мы студэнтамі трапілі пад дождж, я так радавалася, а потым даведалася, што на нас выпалі радыяактыўныя ападкі. Ведаеце, я з таго часу больш не люблю даждоў”.
XS
SM
MD
LG