Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ліквідатары ствараюць сваю арганізацыю


Вячаслаў Кулік, Менск Арганізацыйны камітэт у справе стварэньня грамадзкага аб’яднаньня “Ліквідатар” абвясьціў, што ўстаноўчая канфэрэнцыя арганізацыі адбудзецца ў Менску 19 траўня. Ва ўсіх рэгіёнах краіны пачалі дзейнічаць ініцыятыўныя групы, а ў сьпісе патэнцыйных сябраў аб’яднаньня – амаль тысяча ўдзельнікаў ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Cтваральнікі таварыства “Ліквідатар” мелі намер правесьці сваю канфэрэнцыю 27 траўня. Але перанесьлі на тыдзень раней. Тлумачыць старшыня аргкамітэту Аляксандар Валчанін:

“Мы спыняемся на дні 19 траўня, бо 27 адбудзецца Кангрэс дэмакратычных сілаў. Гэта наша канчатковая дата. Мы ўжо пагадзіліся зь Віцебскам і Горадняй, Гомельшчынай, і з Менскай вобласьцю, і зь Менскам”.

У Віцебску ініцыятыўную групу ўзначальвае сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Гнеўка. Ён – палкоўнік запасу. Прыгадвае, што ў 1986 годзе падразьдзяленьні штабу Грамадзянскай абароны камплектаваліся рэзэрвістамі і праз іх прайшлі больш як 300 тысяч чалавек. Анатоль Гнеўка лічыць, што ліквідатары мусяць ствараць сваю арганізацыю для сацыяльнай абароны.

“Людзі сыходзяць, сыходзяць і сыходзяць... Вядома, мы разумеем, што ў Беларусі цяпер эканамічны крызыс, канец так званаму дабрабыту краіны. Аднак калі дзе-небудзь што-небудзь загрыміць, то наўрад ці каго сагітуеш туды ісьці ратаваць добраахвотна. І армію таксама”.

Тым часам, у Палаце прадстаўнікоў разглядаецца законапраект, які прадугледжвае адмяніць для ліквідатараў існуючыя ільготы. У прыватнасьці, прадугледжваецца скасаваць бясплатнае санаторна-курортнае лячэньне і дадатковы адпачынак.

Пратэст гэтаму ліквідатары рыхтуюць заявіць на Чарнобыльскім шляху. Гаворыць сябра ініцыятыўнай групы Рыгор Корбут:

“Нашы хлопцы зьбіраюцца. 26 красавіка ідзем на мітынг. Пасьля будзем хадзіць у парлямэнт і да прэзыдэнта. Пара ўжо. 21 год вадзілі за нос. Мы ж не падлеткі. З палка тысячу чалавек ужо пахаваныя...”

Паводле спадара Корбута, у Чарнобыльскім шляху ліквідатары будуць ўдзельнічаць асобнай калёнай.

Наступны онлайн – са старшынём аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху” Іванам Нікітчанкам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG