Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Лукашэнка сёньня зьвяртаецца з чарговым пасланьнем


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Авальнай залі Дома ўраду выступае кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Ён зьвяртаецца са штогадовым пасланьнем да парлямэнту і народу Беларусі. Што чакаюць ад гэтага пасланьня беларускія палітыкі?

Кіраўнік камісіі ў справах адукацыі, культуры, навукі ды навукова-тэхнічнага прагрэсу Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч гаворыць, што для дэпутатаў пасланьне прэзыдэнта гэта заўжды значная падзея:

“Нягледзячы на шэраг праграмаў, якія ўжо прынятыя, ёсьць нейкая іх карэкціроўка. І часам мы ня ведам усіх тых, так бы мовіць, глыбінных плыняў у жыцьці нашай краіны. Таму выступы прэзыдэнта заўжды чакаюцца з асаблівай нецярплівасьцю. Гэта тлумачыцца тым, што ў такім выступе і будуць абазначаныя вельмі важныя моманты для нашай краіны.

І гэта тычыцца ня толькі дачыненьняў нашай краіны з памежнымі дзяржавамі, прыкладам, з Расейскай Фэдэрацыяй, праблемамі газу. Наагул, адбываецца гутарка пра тое, як мы будзем жыць у бліжэйшы час”.

Кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец выслухаў у Авальнай залі некалькі пасланьняў Аляксандра Лукашэнкі. Ён лічыць, што “апошнім часам гэтая працэдура ператварылася ў пустую фармальнасьць”:

“Дэпутаты, якія цяпер знаходзяцца ў Палаце, заўжды падтрымліваюць усё, што гаворыць прэзыдэнт. Нават не зважаючы на тое, гэта ідзе на карысьць беларускага народу ці не. Таму фактычна гэта будзе пасланьне Лукашэнкі да самога сябе. Зьмест гэтага пасланьня паўтараецца з году ў год – жыць стала лепей, а будзе яшчэ лепей. А таксама пра тое, што вакол нас адны ворагі – Расея, Эўразьвяз, ЗША”.

Палітоляг, доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш гаворыць, што “звычайна ў такіх пасланьнях спадар Лукашэнка вырашае задачы, зьвязаныя зь яго піарам, і якія яго турбуюць”:

“Відавочна, што сёлета праблемаў нашмат болей, чым іх было год альбо два ці тры таму. Прычым гэтыя праблемы вырашаць традыцыйным шляхам ужо немагчыма. Трэба займацца перабудовай эканомікі, рэформамі. А як раз гэта яму рабіць ня хочацца.

Яму хочацца працягваць ранейшы курс, гуляць з Расеяй у інтэграцыю. І пад гэтую гульню атрымоўваць пэўныя крэдыты, дывідэнды ды г.д. І таму Лукашэнка будзе спрабаваць з дапамогай ранейшых штампаў пераканаць беларускую і замежную грамадзкасьць у тым, што ў межах ягоных уладаньняў усё нармальна. Што крызыс, зьвязаны зь беларуска-расейскім газа-і нафтавым канфліктам, пераадолены. Што сытуацыя знаходзіцца пад кантролем. Што сацыяльнае становішча грамадзянаў не пагоршылася...”
XS
SM
MD
LG