Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Споўнілася дзесяць гадоў “Газэце Слонімскай”


Альгерд Невяроўскі, Менск Шырока адзначаць юбілей калектыў недзяржаўнага тыднёвіка не зьбіраецца. Паводле галоўнага рэдактара Віктара Валадашчука, час для выдаваньня недзяржаўных рэгіянальных газэт цяпер у Беларусі не найлепшы. Многія выданьні штрафуюць, пазбаўляюць магчымасьці распаўсюджваньня, ўрэшце ліквідуюць.

24 красавіка 1997 году выйшаў першы нумар адноўленай “Газэты Слонімскай”. Газэта з такой жа назвай, але на польскай мове, была заснаваная ў Слоніме ў сьнежні 1938 году беларускім паэтам Сяргеям Новікам-Пеюном і ягонай жонкай Людмілай. Але неўзабаве выданьне было ліквідаванае польскімі ўладамі паводле палітычных матываў. Праз 58 гадоў газэту аднавіў журналіст Віктар Валадашчук:

“Мы вырашылі ўзяць гэтую спадчыну, назву-брэнд і такім чынам яна й пачала выходзіць. Першы нумар газэты быў зусім тонкі, зь невялікім накладам у тры тысячы. За 10 гадоў было ўсё: газэта па крысе таўсьцела, павялічваўся наклад. Былі праблемы і з кадрамі, і з памяшканьнем, і з перарэгістрацыяй”.

Цяпер “Газэта Слонімская” выходзіць на 40 палосах, накладам ад 7 да 8 тысяч асобнікаў і распаўсюджваецца ў Слонімскім, Дзятлаўскім, Зэльвенскім, Мастоўскім і Ваўкавыскім раёнах Гарадзеншчыны. Як і многія іншыя недзяржаўныя выданьні, “Газэту Слонімскую” не распаўсюджваюць “Белпошта” і ”Белсаюздрук”. Рэдакцыя стварыла ўласную сыстэму распаўсюду. Віктар Валадашчук гаворыць, што будучыня газэты абсалютна няпэўная:

“На сёньняшні час гаварыць пра нейкія пэрспэктывы, будаваць нейкія бізнэс-пляны вельмі цяжка. І разьлічваць на нешта. Мы з калегамі часта гаворым на гэтыя тэмы. Дзякуй Богу, што газэты выходзяць – і гэта добра”.

Галоўны рэдактар “Газэты Слонімскай” гаворыць, што 10-гадовы юбілей калектыў адзначыць, але ня сёньня і вельмі сьціпла.

Колькасьць рэгіянальных незалежных грамадзка-палітычных выданьняў ў Беларусі скарачаецца з кожным годам. Гаворыць сябра Таварыства разьвіцьця рэгіянальнай прэсы пры Беларускай асацыяцыі журналістаў, галоўны рэдактар баранавіцкай газэты “Intex-press” Уладзімер Янукевіч:

“Калі ў нас існаваў Фонд разьвіцьця рэгіянальнай прэсы, то ў гэты наш фонд уваходзіла 24 выданьні. А цяпер, калі мы стварылі таварыства, ужо толькі 14 тых, хто рэальна ўвайшоў. А астатнія напэўна палохаюцца ўступаць. Таму, што мы дэкляруем прафэсійны падыход да працы. Гэта павінна быць аб’ектыўная, незалежная, усебаковая інфармацыя”.
XS
SM
MD
LG