Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзкія камунальнікі змагаюцца з сатэлітнымі антэнамі


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць На пад’ездах лідзкіх шматпавярховікаў з сатэлітнымі антэнамі зьявіліся аб’явы. Камунальныя службы патрабуюць прыбраць антэны спадарожнікавага тэлебачаньня. У Лідзкай жыльлёва-камунальнай гаспадарцы сьцьвярджаюць, што антэны на гаўбцах і сьценах дамоў парушаюць правілы эксплюатацыі жылых дамоў.

Жыхар аднаго зь мікрараёнаў Ліды Сяргей Коваль згадвае, што патрабаваньні зьняць сатэлітныя антэны прагучалі год таму.

Гэта было якраз напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, але пазьней справа быццам заціхла. І вось раптам ізноў пачаліся тэлефанаваньні з ЖЭСу да ўладальнікаў талерак.

“Ізноў патэлефанавалі з ЖЭСу й запрасілі прыйсьці, каб зрабіць мне папярэджаньне, а калі й пасьля гэтага я не здыму спадарожнікавай антэны, мяне аштрафуюць на 15 базавых адзінак, што каля 700 даляраў”, — апавёў лідчук Сяргей Коваль.

У лідзкім ЖЭСе №3 ведаюць пра гэтую праблему. Старэйшы майстар Тэрэза Лазоўская спасылаецца на загад, які прыйшоў з абласной жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама на інструкцыю Лідзкай ЖКГ. Згодна зь ёй, забараняецца выкарыстоўваць прыватныя сатэлітныя антэны.

На тэрыторыі ЖЭСу №3 знаходзіцца каля двухсот прыватных спадарожнікавых антэнаў.

Выканаўца абавязкаў начальніка ЖЭСу спадар Аршанскі кажа, што загаду зьверху давядзецца падпарадкавацца:

“Адразу папярэджваем, потым вывешваем аб’яву, калі людзі ня здымуць, будзем мы здымаць”.

Намесьнік старшыні Лідзкай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Віктар Вайтулевіч зазначыў, што падобныя антэны забаронена замацоўваць на дамах без дазволу. Гэтае правіла яшчэ 1990 году, але ўжо сямнаццаць гадоў гаспадарчыя службы не зьвярталі на яго ўвагі.

Пытаюся ў спадара Вайтулевіча: чаму менавіта цяпер зьявіліся такія патрабаваньні?

“А як яе там замацавалі, гэтую антэну, ніхто ж не рабіў аніякага праекту, ніхто ж ня ведае, наколькі яна надзейна замацаваная. А калі яна зваліцца на галаву?..”

Да ўсяго спадар Вайтулевіч лічыць, што антэны псуюць выгляд вуліцаў, дый не разумее — навошта людзям прыватныя антэны, калі ва ўсім горадзе ёсьць кабэльнае тэлебачаньне й там можна пабачыць да трыццаці праграмаў.

Пытаюся: ці даўно ў Лідзе назіраецца такая цікавасьць да сатэлітных антэнаў?

“Недзе апошнія два-тры гады. Папросту нейкі ўсплёск з гэтымі талеркамі атрымаўся”, — кажа Ватулевіч.

Уласьнік прыватнай спадарожнікавай антэны Сяргей Коваль лічыць, што такім чынам улады спрабуюць абмежаваць права на атрыманьне інфармацыі. Усе тэлеканалы, якія трансьлюе дзяржаўная фірма “Гарант”, знаходзяцца пад кантролем. Сяргей нават зьбіраецца судзіцца зь мясцовымі камунальнікамі:

“Хацеў бы стварыць прэцэдэнт, і калі б дазвалялі сродкі наняць адваката, можна было б падаць пазоў на камунальнікаў. Лічу, што яго можна было б выйграць у судзе”.
XS
SM
MD
LG