Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіраюць подпісы супраць скасаваньня льготаў навучэнцам і студэнтам


Ігар Карней, Менск Палата прадстаўнікоў разгледзіць законапраект аб скасаваньні льготаў некаторым катэгорыям насельніцтва. З ініцыятывы Саўміну плянуецца адмяніць палажэньне, паводле якога дзеці да трох гадоў атрымлівалі лекі бясплатна. Рэвізія закране й навучэнцаў школаў, вучэльняў і студэнтаў ВНУ — у іх хочуць забраць 50-працэнтную зьніжку на праезд у грамадзкім і прыгарадным транспарце. Працягваецца й кампанія збору подпісаў супраць уладнай ініцыятывы. За працай адной з групаў у двары Белдзяржунівэрсытэту назіраў наш карэспандэнт.

Гэта быў той выпадак, калі ініцыятарам збору подпісаў не даводзілася доўга тлумачыць сутнасьці пытаньня.

Студэнты самі скіроўваліся да людзей з падпіснымі тэчкамі:

Студэнт: “Калі адменяць ільготы, то ўдвая падаражэе праезд. І студэнтам з такой стыпэндыяй гэта проста ўдарыць па кішэні. Кіраўніцтва нашай дзяржавы заяўляе, што нібыта будуе сацыяльна арыентаванае грамадзтва. Але з такімі падыходамі зусім не падаецца, што гэта ўсё для людзей, каб ім было лепш”.

Карэспандэнт: “Стандартная стыпэндыя ў студэнтаў якая?”

Студэнт: “Сам я вучуся на платным аддзяленьні, але стыпэндыя ў БДУ каля 100—110 тысяч. Але яна лічыцца высокай у параўнаньні зь іншымі ўнівэрсытэтамі”.

Студэнт: “У гарадзкім транспарце мы звычайна і так “зайцамі” езьдзім, калі мэтро ня ўлічваць. Тым, хто езьдзіць мэтро, вядома, кепска. Але тое, што ў выходныя хочуць прыбраць зьніжкі на цягнікі, то гэта вельмі дрэнна.

Мы, прыкладам, географы — часта езьдзім, вандруем у той жа Віцебск ці Магілёў. Цяпер ільготны 7 тысяч рублёў, а будзе 15 тысяч. Гэта ўжо касьмічныя сумы, і ў такім разе будзем сядзець на месцы. Што да стыпэндыі, то яе на 5 тысяч паднялі, але калі павелічэньне адбудзецца, то гэтыя 5 тысяч не кампэнсуюць абсалютна нічога”.

Карэспандэнт: “Наколькі для вас такое падвышэньне можа быць істотным?”

Студэнтка: “Для менскіх, можа, і не асабліва адчуецца. Але вось іншагароднія адчуюць гэта вельмі. У нас зь іншых рэгіёнаў шмат народу, і для іх гэта будзе катастрафічна. Шмат у каго яшчэ і праблемы з інтэрнатам — незаселеныя, езьдзяць дадому, і таму самі ўявіце, як гэта вытрымаць”.

Пратрымацца зборшчыкам подпісаў супраць скасаваньня льготаў на праезд удалося крыху меней за гадзіну.

У суправаджэньні аднаго з кіраўнікоў унівэрсытэцкай суполкі БРСМ зьявіўся прадстаўнік службы бясьпекі БДУ і заявіў, што не дазволіць тварыць “безобразие” на тэрыторыі ВНУ.

Ахоўнік сказаў, што самадзейны збор подпісаў мае “зьдзеклівы характар” і параіў ладзіць акцыі за межамі БДУ. Бээрсээмавец падтрымаў калегу, удакладніўшы, што нельга выказваць нязгоду “шляхам заклейваньня плякатам сьцяны ўнівэрсытэту”.

Між тым, адна з ініцыятарак кампаніі збору подпісаў Валерыя Саўчанкава задаволеная першым днём кампаніі, прававую падтрымку якой аказаў Беларускі Хэльсынскі камітэт:

Саўчанкава: “У прынцыпе, было чакана, што нас прагоніць ахова — маўляў, гэта тэрыторыя ўнівэрсытэту. Зь іншага боку, гэта месца вялікага збору моладзі, і калі мы зьбіраем подпісы менавіта сярод моладзі, то дзе ж нам тады зьбірацца, як, прыкладам, ня тут?”

Карэспандэнт: “І колькі словаў пра першыя вынікі...”

Саўчанкава: “За гадзіну подпісаў — ну колькі? У адной толькі мяне ўжо пяць аркушаў. Так што болей за сто подпісаў сабрана. Народ рэагуе вельмі актыўна. Зь дзесяці сем чалавек рэагуюць, а тое і восем”.

Пра намер скасаваць ільготы спачатку заявілі ў апараце Саўміну, а 12 красавіка падчас сустрэчы з журналістамі гэта пацьвердзіў і Аляксандар Лукашэнка.

БДУ, збор подпісаў супраць адмены льготаў студэнтам
Сутнасьць пытаньня

БДУ, збор подпісаў супраць адмены льготаў студэнтам
Збор подпісаў

БДУ, збор подпісаў супраць адмены льготаў студэнтам
Збор подпісаў

БДУ, збор подпісаў супраць адмены льготаў студэнтам
Інтарэс да ініцыятывы выяўлялі розныя службы БДУ

БДУ, збор подпісаў супраць адмены льготаў студэнтам
Інтарэс да ініцыятывы выяўлялі розныя службы БДУ

БДУ, збор подпісаў супраць адмены льготаў студэнтам
Актывіст БРСМ і службы аховы не задаволеныя “самадзейнасьцю”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG