Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладальніка спадарожнікавай антэны могуць аштрафаваць


Іна Студзінская, Менск Ці ёсьць заканадаўчыя акты, палажэньні, якія рэгулююць ўсталяваньне спадарожнікавых антэнаў? Як улады могуць пакараць грамадзянаў за парушэньне правілаў усталяваньня так званых “талерак”? Ці маюць права жыльлёва-камунальныя службы патрабаваць зьняць антэну?

Ёсьць два дакумэнты, якія вызначаюць правілы ўсталяваньня спадарожнікавых антэнаў: рашэньне Менгарвыканкаму ад 10 сакавіка 1994 году №164 “Аб упарадкаваньні разьмяшчэньня індывідуальных антэнаў, праграмаў тэлебачаньня са штучнага спадарожніка Зямлі” і пастанова Савету Міністраў №1805 ад 31 сьнежня 2006 году “Аб парадку пераўсталяваньня і пераплянаваньня жылых памяшканьняў у шматкватэрных жылых дамах”.

У апошнім дакумэнце ёсьць пункт, што для ўстаноўкі стацыянарнага інжынэрнага абсталяваньня патрэбны дазвол мясцовага распарадчага органу, то бок раённай адміністрацыі.

Начальнік тэхнічнага аддзелу Ўпраўленьня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менгарвыканкаму Аляксандар Каралёў патлумачыў:

“Гэта паводле ўзгадненьня з жыльлёвай арганізацыяй, натуральна. Калі антэна псуе фасад будынку — гэта недапушчальна. Яе нельга вывешваць на цэнтральны фасад вуліцаў.

Далей — бясьпека. Па-першае, гэта паруснасьць. Трэба ўлічваць трываласьць фасаду будынку: вытрымае ці не. Гэта зьвязана зь бясьпекай эксплуютацыі: калі ўпадзе, некага траўмуе. Хто будзе адказваць? Хто мантажаваў, хто адказваў? Гэта вялікае пытаньне”.

У пастанове Менгарвыканкаму ад 10 сакавіка 1994 году ёсьць пералік праспэктаў і вуліцаў, дзе забаронена ўсталёўваць антэны на фасадах дамоў, дазволена толькі на даху альбо ў двары.

Праектная арганізацыя павінна зрабіць праект, які каштуе каля трохсот даляраў.

Гэты праект павінен зацьвердзіць раённы архітэктар. Усталёўваць антэну павінна толькі фірма, якая мае ліцэнзію. Самастойна ўсталёўваць талеркі нават на сваіх лёджыях забаронена.

Звычайна фірмы, якая займаюцца мантажом талерак, адзін раз замаўляюць гэты праект. Але часьцяком і ў іх ўзьнікаюць праблемы, кажа супрацоўніца “Саттэлекамсэрвісу”:

“Мы адзін раз замовілі праект антэны, заплацілі. Але гэта было пару гадоў таму. І бывае так: прыходзіць чалавек зацьвярджаць у раённага архітэктара, а той, так бы мовіць, падняўся ня з той нагі: “Гэта састарэлы праект”. Хаця антэна якая была, такой і засталася, канфігурацыя не памянялася. З чым гэта зьвязана, не зразумела. “Купляйце беларускае і глядзіце ўсё беларускае”.

Супрацоўнік сэрвіснага цэнтру спадарожнікавых антэнаў Васіль таксама скардзіцца на сваволю мясцовых уладаў:

“Мясцовы ЖЭС не дазволіў ставіць антэну на даху. Пытаюся: “Якія ў вас ёсьць аргумэнты?” Кажуць: “Ёсьць пастанова Менгарвыканкаму”. Я прашу паказаць гэтую пастанову, ад якога чысла, за якім нумарам. Мне яе не далі. І ў той жа час не далі магчымасьці выйсьці на дах”.

Мясцовыя органы ўлады маюць права кантраляваць выкананьне пастановы Савету Міністраў. З 1 сакавіка ўступіў у сілу новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Паводле артыкула 21.13 “Парушэньне архітэктуры фасадаў будынкаў, усталяваньне без дазволу альбо з парушэньнямі спадарожнікавых антэнаў” караецца штрафам ад 2 да 15 базавых велічыняў — і патрабуюць сваім коштам правесьці аднаўленчыя працы і вярнуць фасад альбо лёджыю ў перашапачатковы стан.

У Менску пакуль яшчэ не назіраецца масавай атакі на ўладальнікаў спадарожнікавых талерак, як гэта адбываецца ў Лідзе. На думку супрацоўніка сэрвіснага цэнтру, абмежаваньні, забароны і нават карныя захады цалкам бессэнсоўныя:

“Цяпер столькі каналаў! Толькі на спадарожніку “Hot bird” больш за 540 каналаў. Ды нельга сёньня нічога забараніць! Гэта пустая задума”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG