Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Мілінкевіч: “Ня бачу прычынаў, каб адцягваць кангрэс”


Уладзімер Глод, Менск 23 красавіка ў Менску адбылося чарговае паседжаньне Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Удзельнікі зацьвердзілі пытаньні, якія будуць галасавацца на ўсіх сямі рэгіянальных канфэрэнцыях апазыцыйнай кааліцыі. Гэтыя міні-кангрэсы будуць папярэднічаць агульнанацыянальнаму Кангрэсу, які заплянаваны на 26 --27 траўня.

Пачынаюць кампанію прадстаўнікі Гомельскай і Менскай абласьцей. Іхныя канфэрэнцыі адбудуцца ўжо ў наступныя выходныя — найхутчэй, 29 красавіка.

Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Анатоль Ляўковіч гаворыць, што менавіта на рэгіянальных міні-кангрэсах вызначыцца стаўленьне да самых складаных для апазыцыі пытаньняў:

“Ці абіраць старшыню? А калі вырашаецца, што абіраць, дык узьнікае другое пытаньне: дзе — на Кангрэсе ці на Палітрадзе?

Я, напрыклад, прыхільнік таго, каб старшыню абіраць на Палітрадзе. Тады гэты чалавек бярэ на сябе адказнасьць. А калі адказнасьць, дык і ў пэўным сэнсе — функцыі лідэра.

Ён будзе адказны перад дэлегатамі Кангрэсу. Але ж Кангрэс зьбіраецца вельмі рэдка. І гэта, прыкладна, тое самае, калі Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка кажа: я ні перад кім не адказны, акрамя беларускага народу. Вельмі ж ужо шматгранны суб’ект атрымліваецца.

А калі ты яшчэ абіраесься і сябрамі Палітрады, дык ты і перад імі адказны. Хто возьме на сябе функцыю адказнасьці, той і будзе старшынём. І калі ў цябе ня будзе атрымоўвацца, дык Палітрада цябе памяняе на іншага”.

Рашэньні рэгіянальных канфэрэнцыяў стануць абавязковымі для лідэраў цэнтральных структураў.

Аднак ці ня можа атрымацца так, што рэгіёны выкажуцца супраць новага агульнанацыянальнага Кангрэсу? Сябра Палітрады Анатоль Лябедзька такой праблемы ня бачыць:

“Я гэта выключаю, таму што ў рэгіёнах не было праблемы — праводзіць Кангрэс ці не праводзіць? Напрыклад, мы правялі сацыялягічнае апытаньне ўдзельнікаў папярэдняга Кангрэсу. І больш за 80% з тых, хто даслаў анкеты, выказаліся за тое, каб праводзіць Кангрэс. Каб наагул разглядаць Кангрэс як стала дзейны найвышэйшы прадстаўнічы орган”.

Агульнанацыянальны Кангрэс плянуецца правесьці 26—27 траўня. Кіраўнік Палітрады Аляксандар Мілінкевіч мяркуе, што гэты тэрмін прымальны для рэгіёнаў:

“Я сёньня ня бачу прычынаў, каб адцягваць Кангрэс. Кангрэс стаў галоўнай мэтай дзейнасьці аб’яднанай апазыцыі. І яго трэба правесьці, каб ня стопарыць функцыянаваньня апазыцыі”.

Спадар Мілінкевіч гаворыць, што апошнім часам аб’яднаныя дэмсілы прасунуліся наперад:

“Праблема для мяне толькі адна, што на сёньняшні дзень ідзе такое змаганьне, перацягваньне канату — хто як сядзе, хто на што будзе ўплываць, якая структура будзе ў кааліцыі. Шчыра кажучы, ніхто сёньня ня можа сказаць, ці будзе яна дзейснай.

Гэта самае галоўнае пытаньне: ці ў выніку ўсіх перастановак, кангрэсаў мы зможам арганізаваць дзейнасьць у краіне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG