Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які кошт расейскага крэдыту?


Алесь Дашчынскі, Менск Расейскі ўрад гатовы даць Беларусі тэхнічны крэдыт, але толькі пад заклад акцыяў “Белтрансгазу”. Пра гэта сёньня паведаміла расейская газэта “КоммерсантЪ”. Ці выгадны такі варыянт беларускаму боку?

Неабходнасьць крэдыту на паўтара мільярда даляраў беларускі бок тлумачыў падвышэньнем цэнаў на расейскія газ і нафту й вымушанымі дзяржаўнымі субсыдыямі для падтрымкі нафтаперапрацоўчых заводаў.

Аднак працэс атрыманьня крэдыту зацягнуўся. Цяпер зьявілася інфармацыя, што беларускаму боку даюць крэдыт — але толькі пад заклад акцыяў “Белтрансгазу”.

Прэс-сакратар Міністэрства фінансаў Беларусі Міхаіл Валькоўскі назваў чуткамі паведамленьні расейскіх мэдыяў:

“Тут ніякіх сэнсацыяў няма. Дамовіцца пра атрыманьне крэдыту — трэба вельмі вялікія правесьці перамовы. Калі бакі дамовяцца, вось і будуць тады ўмовы абнародаваныя. А пакуль перамовы ідуць, іх бакі не камэнтуюць”.

Начальнік управы фінансаў і замежнаэканамічных сувязяў міністэрства Вадзім Місюкавец заявіў, што ўмоваў крэдыту пакуль не абмяркоўвалі.

Пытаньне цяпер вырашаецца на палітычным узроўні, кажа Місюкавец:

“Гэта рэч палітычная, і я асабіста ня бачу цяпер ніякіх падставаў для закладу акцыяў. Калі ўрады дасягнуць нейкіх дамоўленасьцяў, то будзе і тэхнічная справа — распрацоўка нейкага пагадненьня”.

Тым часам беларускі бок зацягвае падпісаньне дамовы аб набыцьці Расеяй “Белтрансгазу”. А гэта ёсьць адной з умоваў пагадненьня пра сёлетнія пастаўкі газу ў Беларусь.

Прэсавы сакратар “Газпрому” Сяргей Купрыянаў не пацьвердзіў інфармацыі пра заклад акцыяў “Белтрансгазу” пад расейскі крэдыт. Аднак ён заявіў, што пытаньне “Белтрансгазу” вынесьлі на паседжаньне рады дырэктараў кампаніі, якое адбудзецца 25 красавіка.

Эканаміст зь Менску Леанід Злотнікаў так камэнтуе сытуацыю:

“Гэта неспрыяльныя ўмовы для Беларусі — крэдыт, але за кошт акцыяў “Белтрансгазу”. Гэтыя грошы маглі б пакрыць тыя дзіркі, якія могуць утварыцца ў гэтым годзе ў бюджэце ў новых умовах гаспадараньня”.

Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў кажа пра палітычны аспэкт справы:

“Раней Беларусі атрымоўваць крэдыты ў Расеі было даволі лёгка. Лукашэнка дамаўляўся з прэзыдэнтам Расеі, давалі ўказаньні міністэрствам і крэдыт выдзяляўся. Ніякіх асаблівых гарантыяў ад Беларусі не патрабавалася.

Цяпер жа ніякага даверу ў вяртаньні грошай няма. Беларускі бок у пытаньні крэдыту вядзе сябе пасіўна, і таму тут крэдыт мае больш палітычную ролю: ці мае яшчэ крэдыт даверу Аляксандар Лукашэнка?”
XS
SM
MD
LG