Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апытаньне: як вы ставіцеся да будаўніцтва АЭС ў Беларусі?


Альгерд Невяроўскі, Менск Напярэдадні 21-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС гэтае пытаньне тыдня Беларускай Свабоды на вуліцах Менску задаваў наш карэспандэнт.

Дзяўчына: “Я на гэтую тэму не задумвалася. Але досьвед іншых краінаў мне падказвае, што гэта дастаткова бясьпечна, калі да гэтага ставіцца паважна”.

Спадарыня: “ Я супраць. Гэта небясьпечна. Дзеці, унукі і ўсё… Досьвед Чарнобыльскай станцыі нас так напалохаў, што лепш ня трэба”.

Спадар: “Станоўча, бо думаю, што будзе таньнейшая электрычнасьць”.

Карэспандэнт: “А бясьпека?”

Спадар: “Я думаю, што прэзыдэнт у нас разумны чалавек. Ён зробіць усё, каб было бясьпечна”.

Спадар: “У прынцыпе, нармальна. Гэта дапаможа нам забясьпечыцца рэсурсамі. Думаю, што станцыя будзе будавацца ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі. Чарнобыльская станцыя нас навучыла шмат чаму — таму думаю, што ўсё будзе нармальна”.

Спадарыня: “З аднаго боку, гэта нядрэнна — галоўнае, каб было бясьпечна. Паколькі трагічны досьвед у нас ужо ёсьць”.

Пажылы спадар: “Я думаю, пакуль трэба ўстрымацца ад гэтага. Нас жа адна ўжо навучыла, факт”.

Карэспандэнт: “Як вы ставіцеся да будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі?”

Спадар: “Лічу, што даўно ўжо трэба было пабудаваць. За гэтым будучыня”.

Спадарыня: “Адмоўна. Я лічу, нам патрэбная сучасная мэтодыка, каб яе пабудаваць”.

Спадарыня: “Досьвед Чарнобылю нам шмат чаго даў. Таму — адмоўна”.

Спадар: “Ёсьць свае станоўчыя й адмоўныя бакі. Напэўна, лепш пабудаваць. Дадатковая крыніца энэргіі. Ёсьць пэрспэктыва і працоўныя месцы”.

Спадарыня: “Мне здаецца, што гэта ня дрэнна. Мы павінны разьвівацца, а ва ўсіх разьвітых краінаў ёсьць свае станцыі. Цяпер ёсьць такія тэхналёгіі, што, думаю, чарнобыльскай памылкі не паўтораць”.

Спадарыня: “Натуральна, адмоўна. Я хачу жыць у здаровым асяродзьдзі. А раптам выбухне, як у Чарнобылі? І што будзе, што будуць рабіць мае дзеткі?”

Спадарыня: “Я як чалавек прагрэсіўны разумею, што атамная энэргія ў мірных мэтах — добра. Але нам і так дастаткова ўжо рознай брыды”.
XS
SM
MD
LG