Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усе помнікі Леніну трэба сабраць у раёне “Лініі Сталіна”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за панядзелак 23 красавіка. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС- паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Віктар Буто, Менск: “У мяне маецца невялікая просьба да прадстаўнікоў апазыцыі – дабіцеся ад нашых залежных судоў хаця б дазволу на ажыцьцяўленьне пратэстаў уладзе і яе прадстаўнікам у месцах, дзе пратэстуючых могуць пачуць тыя, хто не выконвае свае абавязкі. Гэта пярэваратні і іншая пошасьць, што прадстаўляе ўлады, якія займаюцца невыкананьнем сваіх абавязкаў перад грамадзянінам ці грамадзянамі, а адкрыта і беспакарана займаюцца парушэньнямі іх правоў. Для гэтага трэба будзе падключыць Маскву, Эўрапарлямэнт, ААН і іншыя сур’ёзныя рычагі і структуры, бо ў Беларусі нават гэту праблему немагчыма самастойна вырашыць. І гэтым ніхто не жадае займацца. З вялікай павагай”.

Ільля Копыл, Менск: “Добры дзень, “Свабода”! Слухаў расейскую “Свабоду” і “Голас Амэрыкі,” там увесь мінулы тыдзень абмяркоўвалі разгон у Маскве і Пецярбурзе дэманстрацый апазыцыі “Іншая Расея”. Адзін удзельнік дыскусіі сказаў наступнае: “У Беларусі дэмакратыі больш. Там дэманстрантам дазваляюць хадзіць па ходніках, а ў Маскве і Пецярбурзе і гэта не дазволілі”. Ня ведаю, што і сказаць: ці парадавацца, што мне дазволілі 25 сакавіка прайсьці са сьцягам па ходніках, ці выказаць спачуваньне расейцам. Яшчэ было там сказана, што Пуцін вельмі здольны вучань Лукашэнкі. Можа, расейцам трэба ганарыцца такім вучнем? Ды яны ў большасьці і ганарацца ім. Насамрэч, па правядзеньню рэпрэсій беларускі рэжым знаходзіцца на крок наперадзе расейскага рэжыму. Дзякуй за ўвагу”.

Спадарыня, Наваельня, Дзятлаўскі раён: “У нас вельмі важная праблема, вельмі балючая. У нас у мястэчку існуе тубэркулёзны шпіталь. Санаторый ператварылі ў тубэркулёзны шпіталь, дзе лечацца людзі з адкрытай формай сухотаў. Справа ў тым, што гэтыя хворыя не ўтрымліваюцца ў шпіталі, а цэлымі днямі гуляюць па мястэчку. Яны купляюць віно, яны плююць, яны сядзяць на лаўках каля жылых дамоў, расьпіваюць сьпіртавыя напоі. Карацей, у нас такая бяда – наўкола сухотныя бацылы. Мы нічога ня можам зрабіць. Гэта такая вялікая праблем. Мы падымалі гэта пытаньне і на “Гарачай лініі,” і пісалі ў розныя інстанцыі, нават у Міністэрства аховы здароўя. Паўсюль закрытае пытаньне для нас. Мы знаходзімся тут у радыяцыі. У нас высокі ўзровень радыяцыі, а цяпер яшчэ і сухотная палачка. Мы ня ведаем, куды зьвярнуцца, каб выправіць гэта становішча. Калі ласка, дапамажыце нам. Дзякуй”.

Спадар: “Паважаная “Свабода,” у мяне меркаваньне. Па беларускаму радыё ўвесь час кажуць пра добры стан нашай эканомікі. Але каб аб’ктыўна меркаваць аб ім, без аніякай хлусьні, ня трэба ніякага экспэрта. Трэба проста пабываць у гарадзкой менскай кватэры з цэнтральным ацяпленьнем, дзе жыхары мерзнуць, бо гэта ацяпленьне ўжо выключана амаль два месяцы таму. А сёньня за ільготную фрызурку аддаў 5 090 рублёў – падаражэла амаль што ў два разы. Вось вам і добры стан эканомікі па радыё. Дзякую”.

Спадар: “Тыя, хто кажа, што апазыцыі лідэр непатрэбны, – гэта або правакатары, або дурні. Дзякую”.

Спадар: “Цяпер Лукашэнка на суботніку выступае, што заробак расьце, цэны паніжаюцца. Заробак і пэнсія ў чыноўніка павышаецца, а ў рабочага і жабракоў-пэнсіянэраў паніжаецца. Малайчына! І ён сказаў, што і надалей так будзе працягвацца. Так што ў хуткім часе ў людзей ня будзе хапаць, каб за кватэру заплаціць, і на што жыць. Хутка зьявяцца бамжы. Іх будуць вынішчаць. Ён і так ужо палову бамжоў зьнішчыў. Так што гэта добра. Трэба вынішчаць гэты народ, а набраць кітайцаў, японцаў… А свой народ няхай вынішчае. Ён беларускі народ не паважае, ня любіць. Вось так. Дзякуй, дарагая “Свабода”!

Васіль Цюхай, Беразіно: “Добры дзень. У Бібліі даволі натуралістычна апісана тое, чым займаліся жыхары Садому. Пытаньне: чаму літарамі на паперы можна і пра вычварэньні, і пра Бога, а паказваць відарысам на экране можна толькі пра Бога, а пра вычварэньні нельга? Я чакаў, што нехта адгукнецца на мой апошні званок і загадзя падрыхтаваў адказ. Зараз я прачытаю яго для агульнага разьвіцьця. Раней усе шлюбы былі грамадзянскімі і ўсе разводы былі афіцыйнымі. У Маісеевым законе згадваецца развадное пісьмо, але ня згадваецца шлюбнае пісьмо. Хрыстос забараніў развод, таму што грамадзянскі шлюб пасьля афіцыйнага разводу становіцца афіцыйным, бо ёсьць папера: “Хто жэніцца на разьведзенай, пралюбадзейнічае”. Пралюбадзеяньне – гэта афіцыйны шлюб. Фарысэі ўкладаюць у гэты слова плоцкі сэнс, а Хрыстос духоўны. Я паўтараю тое, што казаў раней, але цяпер, як мне здаецца, я здолеў дакладней сфармуляваць сваю думку. Вялікі дзякуй за ліст і каляндарыкі”.



Спадар: “Дзякую ўсім, хто падрыхтаваў і зрабіў новы каляндарык. Я нават такі экспромцік склаў:

Нас прывабіла мадонна На Лагойшчыне, сябры. Ад карціны Шчамялёва Божы дух лунае ксты.

Ну, гэта мой любімы мастак. Я яшчэ 15 год таму напісаў пра яго кінанарыс, які, калі пажадаеце, я магу прынесьці. Але гэта ў архіў такой “Беларускай Атлянтыды”. Ну проста цікава, хто гэта знайшоў, выбраў і ўсё ж такі рызыкнулі гэта ўсё надрукаваць, таму што гэта сапраўды наша спадчына беларуская, тым больш, што гэта мой зямляк, у якога ёсьць і мае вершы”.

Сталы слухач: “Ну, Лукашэнка мае такую мару стварыць гарады на вёсцы. Ну, можна і на гэта пускаць грошы на вецер. А што рабіць з тымі хатамі, якія пустуюць? Якія блізкія сэрцу, драўляныя… Яны пустуюць. Многа-многа хат пустуе. А чаму? Тут і падыходзім да галоўнага, што трэба рашаць. Але ён гэта не разумее, хоць сам калгасьнік, адтуль выйшаў. Таму што няма на вёсцы круглагадовай занятасьці для людзей. Разумееце? Вось пры што трэба думаць перш за ўсё. Хаты ёсьць у іх! Ну, добра, няхай пабудавалі гарадкі гэтыя… Выдатна. Але ад гэтага нічога не палепшыцца. Таму што дамы ёсьць, пустуюць, бо людзі сыходзяць. Сыходзяць не таму , што аграгарадку няма, а таму што няма круглагадовай занятасьці, заробка, няма чым карміць сям’ю, хоць усё больш-менш выносна. Дык там трэба ствараць ці нейкія філіялы нейкага прамысловага прадпрыемства, ці нейкая перапрацоўка, каб людзі маглі круглы год, здаровыя, адпітыя, маглі займацца справай. Вось так трэба рабіць.

Учора паказалі карцінку, як ён, Лукашэнка, на суботніку. Сабраў журналістаў… І вось увіце сабе, што ён заяўляе. “Вось я паехаў у Індыю і ў тую маленькую краіну. А ў той маленькай краіне вельмі многа грошай!”. “Грошай многа!” – гэта вуснамі прэзыдэнта! Ганебны чалавек! Ганьбіць рэспубліку нашу. Паехаў грошы ўжо лічыць. Ты грошы чужыя не лічы. Толькі самы апошні чалавек лічыць чужыя грошы. Ты лічы свае. Рацыянальна трэба весьці гаспадарку, таксама грошы будуць. Ты лепш даведайся, адкуль грошы ў тых людзей і як іх дабываць трэба. “У іх многа грошай”. І што? З-за гэтага табе трэба паехаць і сына ўзяць?! Можна і без такой рэмаркі абысьціся. Паехалі дзеячы, прагуляліся, бюджэт адной вобласьці растрацілі. І што ў гэтай маленькай краіне? Як яны там казалі, што яны хочуць каля лесу пабудаваць будынак, дом сабе пабудаваць. Божа мой, адкуль зваліўся цуд такі?”

Спадар: “Вельмі зацікавіла меркаваньне спадарыні Навадворскай аб выніках вялікай перамогі. Сапраўды, каго і што яднае сьвята Перамогі? Заблытаўся, калі трэба запаўняць дэклярацыю на прыбытак. У газэце “Аргумэнты і Факты” пісалі раней, што гэта справа датычыцца тых, хто зарабіў у год болей тых мільёнаў, чым менш руплівыя грамадзяне. А цяпер пішуць запаўняй дэклярацыю, калі прадаў машыну, лецішча, кватэру. Быццам бы гэтым спэкулююць. Мо, падбіраюцца да хлява”. “Добры дзень. Пачуўшы апытаньне моладзі Менску, як яны ставяцца да захаваньня вуліц і помнікаў Леніну, уразіла прынцыповасьць большасьці да захаваньня гістарычнай савецкай спадчыны. А чым лепей савецкая спадчына за імпэрскую патрыятычна выхаванай моладзі? За імпэрскую ад часу дыктатуры Леніна. Чым горшы цар, скажыце, паважаныя. Давайце вуліцы ў яго гонар назавем, помнікі паставім. Мы ж да рынку ідзем, а Мікалай тут болей дэмакрат. Цікава, а што было б, калі б Леніна цар павесіў?”

Спадар: “Прафэсійнае крэда Радыё Свабода “Мы толькі інфармуем, высновы робяць слухачы” дае свой плён. Пацьверджаньне таму апошнія тэлефанаваньні нашых слухачоў, якія раней былі прыхільнікамі рэжыму, а цяпер гэта зусім іншы падыход людзей. У сваіх званках яны зусім іншыя думкі выказваюць. Гэта прыемна. Можа, мэтазгодна кіраўніцтву Радыё Свабода стварыць ня клюб прыхільнікаў “Свабоды,” а нешта больш шырокае. І слухачы “Свабода,” а гэта, калі чалавек слухае радыё па ўласным жаданьні, ён прыхільнік “Свабоды,” акрамя тых, хто па службовых абавязках слухае Ваша радыё. Ну, тады, можа, трэба пашырыць клюб прыхільнікаў “Свабоды”? І гэта, мне здаецца, важна. Дзякуй”.

Спадарыня: “Добры вечар, шаноўная “Свабода”! Я супраць помнікаў Леніну, каб іх не было ў нас. Ён вораг усяго народу, усяго сьвету і ўсіх нашых людзей. Ня трэба, каб ён быў у нас дзе-небудзь. Толькі ў гісторыі пісаць, што ён быў дрэнным для людзей і як людзі пакутавалі. І я супраць атамнай станцыі, якую Лукашэнка хоча будаваць. Дапамажыце, шаноўная “Свабода,” каб ён не будаваў. Бо гэта ён распачаў пагібель для нас. Ён потым уцячэ з тымі, з кім трэба, а нас пакіне, усіх людзей. Пагубіць, як і Чарнобыль. Вось гэта бяда наша. Дзякую за ўвагу”.

“Паважаная рэдакцыя, чорны гумар некаторых вядучых даходзіць усё ж да нас. Вось і сёньня, даючы слова расейскамоўнаму пісьменьніку, які гаварыў па-руску, вядучы назваў яго “беларускім пісьменьнікам”. А спадар Памідораў ідзе яшчэ далей. Ён гаворыць аб тым, што пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, афіцыйная прапаганда яшчэ цэлы тыдзень працягвала маўчаць. Няпраўда, яна ілгала, вельмі шмат ілгала, хто гэта памятае. Спадар Памідораў тады, зразумела, яшчэ ў “пампэрсах” хадзіў. Адкажыце, калі ласка. Ён, можа, не памятае”.

Анастас Семяновіч: “Дарагія і каханыя супрацоўнікі Радыё Свабода! Добры вечар! На пытаньне, ці трэба пакідаць помнікі бальшавіку Леніну. Я ўпэўнены, калі зьменіцца ў нас улада, усе да аднаго помнікі будуць зьнесеныя, як самаму вялікаму бальшавіку Сталіну, пад кіраўніцтвам якога былі вынішчаны дзесяткі і дзесяткі мільёнаў самых лепшых людзей. Гэты помнік уначы быў вынішчаны самімі бальшавікамі. І ніхто не казаў пра мастацкую вартасьць. Усе помнікі бальшавікам павінны быць зьнесены ў адно месца, няхай людзі глядзяць на гэтых бальшавікоў. А экскурсаводы будуць тлумачыць людзям, колькі было імі вынішчана самых лепшых людзей. На гэтыя месцы трэба будзе паставіць помнікі нашым героям. Напрыклад, Кастусю Каліноўскаму, Францыску Скарыну, Васілю Быкаву і дзесяткам іншых герояў Беларусі. Жыве Беларусь!”

Іван Нелукашоў: “Добрай раніцы! Хачу сказаць наконт суботнікаў. Гэта ганебны перажытак сацыялізму – вымусіць людзей бясплатна працаваць. Трэба пры гэтым успомніць, што заробкі беларусаў і так мізэрныя, дык яшчэ трэба забраць і дзённы заробак. З гісторыі вядома, што бясплатна працуюць рабы. Суботнікі – гэта ўзаконеная форма рабства. У сваёй працы “Вялікі пачатак” Ленін апеў гэта рабства. А наконт помнікаў Леніну я цалкам падтрымліваю ідэю, якую ажыцьцявілі ў суседняй Літве. Усе помнікі Леніну і іншых камуністычных правадыроў, а таксама сымбалі савецкай улады трэба сабраць у нейкім вызначаным месцы, прыблізна ў раёне “Лініі Сталіна” і зрабіць там “Парк савецкага пэрыяду”, так званы ГУЛАГ савецкіх перажыткаў. Занадта шмат няшчасьцяў і бедаў прынёс нам бальшавізм. Няхай людзі памятаюць пра гэта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG