Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч наведвае чарнобыльскія раёны


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня трэці дзень паездкі старшыні Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандра Мілінкевіча ў чарнобыльскія раёны Беларусі. У суботу палітык сустракаўся з жыхарамі Столінскага й Лунінецкага раёнаў на Берасьцейшчыне. Учора гутаркі адбываліся ў Мазырскім раёне. Сёньня заплянаваныя сустрэчы Мілінкевіча ў Брагіне ды Гомелі.

“Для мяне гэтыя пытаньні – не чужыя, – гаворыць А. Мілінкевіч.– Я пільна цікаўлюся чарнобыльскімі праблемамі. Хацеў бы, каб яны вырашаліся таксама незалежна ад пазыцыі ўлады. Мяркую, што грамадзянская супольнасьць можа гэта рабіць. Нашы міжнародныя магчымасьці вялікія”.

Аляксандар Мілінкевіч пераконвае, што будзе імкнуцца прыцягнуць увагу беларускай й міжнароднай грамадзкасьці да праблемаў забесьпячэньня радыяцыйнай бясьпекі насельніцтва. Ён кажа, што вытворчасьць сельскагаспадарчай прадукцыі ў пацярпелых раёнах не адпавядае радыёлягічным нарматывам, а сыстэма дзяржаўнага кантролю чысьціні прадуктаў разбураецца.

“І самае кепскае, што чалавек нават ня ведае, забруджаная альбо не зямля на яго падворку. Шчыра кажучы, гэта вялізарнае злачынства ўлады, калі яна не жадае, каб людзі ведалі праўду. Не дае магчымасьць самім вывучаць. Думаю, што менавіта ў гэтым мы можам адзін другому дапамагаць. Улада ня хоча, але наша салідарнасьць мусіць вырашыць хаця б веданьне чаго трэба баяцца і ад чаго пазбавіцца. І мы тут пра гэта вельмі шмат гаворым”.

У Столінскім раёне Аляксандар Мілінкевіч знаёміўся з практыкай удзелу мясцовага насельніцтва ў праектах міжнароднай падтрымкі.

“Акрамя таго, ёсьць мноства краінаў: Італія, Ірляндыя, Германія і іншыя, якія гатовыя прадставіць абсталяваньне. Але чаму не даходзіць дапамога з замежжа? А таму, што ў кожным разе ўлада спрабуе паставіць гуманітарную дапамогу пад татальны кантроль. Забірае гэтую дапамогу, а пасьля разьмяркоўвае самастойна. Ніколі ніводная міжнародная арганізацыя так працаваць не будзе”.

Аляксандар Мілінкевіч перакананы, што дзяржава павінна зрабіць больш лёгкім выезд дзяцей за мяжу на аздараўленьне, бо сёлета не змогуць паехаць на аздараўленьне за мяжу каля 25 тысяч школьнікаў з забруджаных раёнаў. “Забароны выкліканыя страхам улады, што дзецям нібыта прывіваюць чужую ідэалёгію”, – перакананы Аляксандар Мілінкевіч. Дзяржава павінна больш надаваць увагі праблемам рэабілітацыі пацярпелых ад Чарнобылю рэгіёнаў, але шмат можа і грамадзтва.

“Лічу, што ў чарнобыльскай праблеме высьвятляецца тое, што мы даўно-даўно ведаем. Калі мы не самаарганізуемся, не дапаможам адзін другому, калі не праявім салідарнасьці, калі не пакажам, што мы – сіла, то гэтая чарнобыльская бяда застанецца ва усім: у палітыцы, адукацыі, грамадзтве. Усе праблемы будуць ізноў паўставаць перад намі і ўяўляцца невырашальнымі. Таму самае галоўнае – самаарганізацыя і актыўнасьць грамадзтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG