Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Казько: “Дзень кнігі ёсьць, а кніжкі беларускай няма”


Ігар Карней, Менск Сёньня адзначаецца Міжнародны дзень кнігі і абароны аўтарскіх правоў. Сьвята адзначаецца з 1955 году паводле рашэньня ЮНЭСКA. З якім настроем сустракаюць гэтае сьвята беларускія літаратары?

Празаік Віктар Казько кажа, што апошнія 12 гадоў ня мае магчымасьці выдавацца: зацікаўленыя дзяржаўныя структуры папросту не даюць ходу рукапісам, якія парахнеюць у шуфлядах шматлікіх рэцэнзэнтаў ды цэнзараў. Таму да Дня кнігі, у якім фактычна не засталося месца ўласна беларускай кнізе, спадар Казько ставіцца так:

“У беларускай рэчаіснасьці ён ніяк не успрымаецца. Дзень кнігі ёсьць, а кніжкі беларускай няма. Вось што хочаш тут, тое і рабі. Мы увогуле выпалі з гэтай цывілізаванай рэчаіснасьці, абсалютна ў гэтым працэсе ня удзельнічаем. І гэта насамрэч тое, што адбываецца, што ёсьць. Пачалося з беларускай мовы, а заканчваецца генацыдам беларускай літаратуры”.

Карэспандэнт: “А што далей, якія пэрспэктывы?”.

“Пры сёньняшнім ладзе я ніякіх пэрспэктыў ня бачу. Беларуская кніжка, беларуская палічка ў кнігарнях пераўтвораная ў нейкую невялічкую брацкую магілу, у якой няма ўжо і нябожчыка на сёньняшні дзень. Усё займаюць, прабачце, голыя грудзі. Усё займае папса расейская. І самыя сёньня вялікія пісьменьнікі – гэта палітыкі. Я ня ведаю, чым яны цікавыя, каму цікавыя? Ну, каньюнктура такая, што ж зробіш?”.

Сучасныя беларускія рэаліі адзначаныя падзелам літаратараў у залежнасьці ад іх грамадзянскай пазыцыі. Як прыклад – намер прэзыдэнцкіх ідэолягаў мінімізаваць у школьных падручніках прысутнасьць аўтараў, якія заўважаныя ў неляяльнасьці да уладаў. Сярод кандыдатаў на “зачыстку” – Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, нават Васіль Быкаў. Прапануецца выключыць з праграмы пазакляснага чытаньня творы Сяргея Законьнікава, Уладзімера Арлова, Вольгі Іпатавай, Міхася Скоблы, Сьвятланы Алексіевіч.

Для выпрацоўкі адзінай літаратурнай лініі заснаваная альтэрнатыўная Саюзу беларускіх пісьменьнікаў арганізацыя на чале з сэнатарам Мікалаем Чаргінцом – Саюз пісьменьнікаў Беларусі. Праўда, адзін з кіраўнікоў гэтай арганізацыі Анатоль Аўруцін ня бачыць тут нічога дзіўнага:

“Няма тут ніякіх супярэчнасьцяў. Я, прыкладам, глыбока перакананы: калі існуе адна кніга, то можа быць і другая таксама. Калі выходзіць адна газэта, то і іншая таксама можа выходзіць. Дык вось, ёсьць адзін саюз пісьменьнікаў (а саюз мае на увазе нейкае адзінства меркаваньняў, а калі, тыя, хто сабраўся ў нашым саюзе, маем на рэчы іншае гледзішча), то мы стварылі іншы саюз. А людзі з тымі перакананьнямі няхай сабе застаюцца там, дзе і былі. Мы нічога дрэннага ім не жадаем”.

Апанэнты такой лёгікі мусяць мірыцца з тым, што ў агляднай пэрспэктыве наўрад ці дачакаюцца чаргі ў дзяржаўных друкарнях, а іх творы ня зьявяцца ў часопісах кіраванага дзяржавай літаратурна-мастацкага холдынгу. Між тым, паэтка Ніна Мацяш кажа, што сілкуецца ад энэргіі аднадумцаў, якія, як і яна, не мяняюць свае прынцыпы на ляяльнасьць:

“Заўсёды хочацца, каб было усяго больш. Але вакол мяне менавіта такія людзі. Якія думаюць у адным накірунку, скіроўваюць свае думкі, што і я. Якія хварэюць тымі ж болькамі, якімі хварэю і я – нацыянальнага характару, беларушчынай. Якім баліць, што ў нас мова заняпала (ужо не занепадае, а заняпала), культура заняпала. Што дзяржаўнасьці няма. Вакол мяне шмат такіх людзей. Хацелася б, каб больш, канешне...”
XS
SM
MD
LG